Выбрать главу
Пастаянства не лічыць руцінаю І хавае пачуцці свае. Безнадзейна кахае адзіную, Хоць з юнацтва не бачыў яе.
Ён зласліўцам жадае найлепшага І злачынцаў не хоча караць. І пакуль што ніводнага вершыка Не стварыў… І не будзе ствараць.
“Праца” (сакавік 2005); “Полымя” (чэрвень 2005 – пад назвай “Паэт” і без апошняга чатырохрадкоўя); “Наша Ніва” (ліпень 2005)

Лёгкі для ўспрымання верш, калі ўлічыць тое, што казаў раней. Іронія і нават, у нейкай ступені цынізм, уласцівы маёй творчасці. Як ёсць, а што рабіць?

ЧЭРАП
Нашто натхненне? Хоць не страціць меру б! Што дойдзе да патыліцы скрозь лоб? …Калісь аптымістычны далакоп, Капаючы дзірван, адрые чэрап.
І, выдыхаючы з сябе ці гар, ці шмаль, Ён, недавучаны філосаф ці гісторык, Карцінна ўздыме чэрап: “Бедны Ёрык!” І не памыліцца, няўрымслівы, амаль.
Ды буркне брыгадзір: “Ну, годзе-годзе! Давай, што засталося, разальём. Нясі на звалку і прыкінь галлём. Ты ж маладзей не менш чым на стагоддзе!
Ну, што рабіць? Такі наш плынны век: Само жыццё плюс памяць пасля смерці… Ён меў не толькі чэрап – мозг і сэрца. Таму пакінь свой блазнаваты здзек!
Прапала памяць – і няма асобы, Давёз яго да забыцця Харон… Усё, працуем! Часу – не вагон. …Спякотна сёння. Можа, скінуць робы?”
“Маладосць” (май 2008)

Паэзія – як ратаванне, засцярога. Напэўна, усё ж час, калі чалавек займаецца паэзіяй, не ўключаецца ў тэрмін жыцця. “Не ўключаецца” як “не залічваецца” або як “не ацэньваецца”?

ВУСЦІШ
Цвільна, як спёкай у затхлай запрудзе, Вусцішна, быццам на глеістым дне. Дзе і якая аказія будзе? Хто і калі падпільнуе мяне?
Звабныя мроі зацьмілі кашмары. Лад і камфорт, хоць дзяліся цяплом! Што мне чакаць – навальніцу ці хмары? Што напаткаецца – крах ці аблом?
Скуль прыляціць навіна трапяткая, Хто ведзьмакі, што мяне праклянуць? Што за праблема ражном напаткае, Дзе той правал, што не ўдасца мінуць?
…Маятнік лёсу, адданы секундзе, Шлях несупынны праходзіць на “біс”. Знаць, ён у мёртвым прыпыначным пункце, Перш чым уніз гайдануцца, завіс.
“Маладосць” (май 2008)

Давялося заўважаць, што пэўны дэпрэсіўны настрой цісне не толькі на людзей гуманітарнага складу – нават на бізнесменаў і палітыкаў. У восеньскі час, калі лістота апала, а снег не выпаў, і ў вясенні, калі снег сышоў, а трава не зазелянела, небяспека цяжкіх думак, ваганняў і няпэўнасці падсцерагае ўсіх.

ВЯСЕННЕ-ДЭПРЭСІЎНАЕ
Знікла вясенняя слота, Хмарнае сонца – амлетам. Выпырхне хутка лістота. Значыць, надыдзе і лета.
Эліпсіс Землевярчэння – Як абумоўленасць года. Зрэшты, ці мае значэнне: Зноўку рэпрыза ці кода?
Страты – ні ў слодыч, ні ў горыч. Стан – ні імпэт, ні знямога. Нават і тыя, хто побач, Не разумеюць нічога!
Думка свядомасць прашые, Шрам незагойны пакіне: Мы безнадзейна чужыя І застанёмся такімі.
Шахне, як фаустпатронам, Розум па дробязных тэмах! Вечнасць падасца мікронам, Вымераным у ангстрэмах.
“Маладосць” (май 2008)

Цяжка жыць, калі верыш у наяўнасць Бога, але не верыш у яго магчымасць і жаданне табе паспрыяць. Жыццё асобнага чалавека – дробязь на фоне існавання цывілізацыі. А ці варта турбаваць Найвышэйшага з-за дробязяў?

ЧОРНАЯ МУЗА
Ныюць лайдацкія косці, Смуткуе душа аб папрузе. Трапіў на цупкія восці Помслівай Чорнай Музе.
Што ж, давядзецца скарыцца – Якаснай будзе аблога! З Д’яблам паспеў пасварыцца І не спазнаў шлях да Бога.