Выбрать главу
Зноў – як на мінным полі З завязанымі вачыма! І да гаючай спатолі Вырвацца немагчыма.
Скрозь аптымізм падробны Бы ў камарыным дзыне Чуецца плач жалобны Аб несусветнай Радзіме.
Фатум цячэ монафазна, Рух – як пяршак без хлеба. Хто да мяне – прыязна, Тыя мне – без патрэбы.
З кім бы хацеў сустрэцца – Сам, як шаблон, нецікавы. Бухае молатам сэрца… Выпіць, хіба што, кавы?
“ЛіМ” (жнівень 2008)

Псіхолагі сцвярджаюць, што першы крок пазбаўлення ад комплексаў – іх фармулёўка. Яно, можа, так і было б, але розум і досвед перашкаджаюць быць ягнём, паствай, марыянеткай. Рашэння няма.

ПЕРСПЕКТЫВА
Чым зморшчын больш, тым смех і плач радзей. Усё лухта, апроч задач кармічных. Мінае тэрмін мараў і надзей, А боль ад стратаў робіцца прывычным.
Тут весела і лёгка зло тварыць, Дабро – і прыніжальна, і нягегла. А ў рэшце рэшт і ў пекле можна жыць, Калі табе радзімай стала пекла.
Ты прыгаршчы без жалю прыбяры, Бо сквапны лёс адкрыў пустую жменю. Аповесць лепш бязважкую ствары Ці верш, які не пакідае ценю.
І кінь жыцця абгрызены шматок Пад ногі пераможцу-ашуканцу! Не прыйдзе Бог у д’яблавы куток, А вырвацца з яго няма ні шанцу.

Лейтматыўная тэма, якую не ўсе паэты вытрымліваюць. Напэўна, такія вершы нельга пісаць. Славянская разгульная скамарошнасць спрабуе зарэтушаваць натуральную чалавечую боязь перад смерцю. (S)

РАЗВІТАЛЬНАЯ
Не чапай мяне, старая з касой, Дай хоць песню праспяваю спярша! Бо навокал – цішыня і спакой, Толькі дзынькае шкляная душа.
Лепш навязлівыя думкі расклей І на сэрцы развядзі абцугі! Вось бы крылы і адсюль – падалей, Але цягнуць да зямлі ланцугі.
І куды ні кроч – усюды абрыў, І спыніцца немагчыма – хоць рэж! Калі ласка, дай дапіць, што наліў, Дай настроіцца, пасля – забярэш.
Што спяшаешся, старая карга? Бо і так людзям хапае тугі... Да цябе стаіць такая чарга, аж няёмка лезці мне без чаргі.
Лепш унучку б ты прыслала сюды, Ці якую, з маладзейшых, дачку. Ды паспеецца яшчэ – той бяды! Не сціскай так касаўё ў кулачку.
Ты садзіся і частуйся са мной. Выбачай, што пераліў цераз край! Закругляюся з праграмай зямной. Песня спелася – усё, забірай!
“ЛіМ” (сакавік 2007 – пад назвай “Развітальнае”)

Чалавек – не маналітны матэрыял. І нават творчы чалавек складаецца як мінімум з дзвюх іпастасяў: бытавой і ўласна творчай. Суцэльная струна падзяляецца на дзве асноўныя часткі: адна (зачэпленая за ніжнюю дэку) дае гук, другая (наматаная на калок) трымае разрыўную напругу, значна большую, чым тая, якую чуюць. Амаль заўсёды рвецца частка струны, якая дае гук. А струне – розніца? (SC)

СПОВЕДЗЬ СТРУНЫ
Зараву-запяю Ваўкалакам да поўні бліскучай. Хай паэт-пустазвон Ненавідзіць-баіцца-кляне! Я паэта заб’ю – Ён даўно мне абрыд-надакучыў! І жаўтлявы плафон Да шаленства даводзіць мяне.
Ён часамі – жміндай, А часамі – мантач-утрыманец. Ганарысты, як слуп, Ці прыніжаны, як тратуар. Жорсткі, як самурай, Кампрамісны, як бомж-абадранец. Простакутны, як куб, Сінусоідны, як будуар.
Я паэта заб’ю, Бо ён крадзе мае цыгарэты! Стос распісак-даўгоў Хай з сабой у труну забярэ! …Я нярэдка злую. Толькі як дасягнуць грэшнай мэты? Бо мяне ад яго Аддзяляе мяжою барэ.

Эпічны, на першы погляд, верш… Эх, столькі наварочана ў гісторыі і ва ўласным жыцці! (SC)

ЧУМАЦКІ ШЛЯХ
Стэп… І навошта тут столькі прасторы? Цягнуць валы перагружаны воз. Крупкамі солі рассыпаны зоры, Месяца блін на патэльні нябёс.