Выбрать главу
Пыл, пух, павуцінне – астатняе бачыцца мройна… Знянацку – вільготнага ветру разгульны парыў! А з першымі промнямі стала нябачнаю поўня І знік таямнічы палац, як ніколі не быў.
“Полымя” (чэрвень 2005); “Вместе!” (чэрвень 2005); “Дзень паэзіі” (ліпень 2005)

Ніколі не маляваў, толькі кампіляваў, у музыцы – часам выконваю песні на свае вершы. Баладны верш-песня пад шарманкавае суправаджэнне. Ідэя – адданасць творцы адной Музе. У звычайнага майстра аб’ектаў шмат. (S)

ТРЫ МАЙСТРЫ
Калі быў яшчэ маладым белы свет І зоркі свяцілі не так, Дружылі Мастак, Музыкант і Паэт. Паэт, Музыкант і Мастак.
І зранку, узяўшы палітру ў руку, Ішоў да карціны Мастак. Выводзіў віхуру, маланку, раку І човен – няпэўнасці знак.
Падладзіўшы лютню, ішоў Музыкант На шумны вясёлы базар. На грыф начапіўшы смарагдавы бант, Іграў ён пра месяц між хмар.
А ў вечар глухі, навастрыўшы пяро, Сядзеў пад лучынай Паэт. Ліліся радкі пра святло і дабро, Што ззялі з далёкіх планет.
Жылі яны так і не год, і не тры – У згодзе з відна да відна, – Пакуль не зазналі аднойчы майстры: Ва ўсіх іх – жанчына адна.
Не сталі складацца ў Паэта радкі, Хоць часам крывёю пісаў. Ён вершы старыя парваў на шматкі І сумным астролагам стаў.
Мастак свае фарбы змяняў на віно І піў да імглы-пустаты. Затым у каміне спаліў палатно І стаў перабельваць платы.
Глядзеў Музыкант, быццам нешта згубіў, – Нічога не ўмеў, як іграць. Ён лютню прадаў і шарманку набыў. І з ёю пачаў жабраваць.
Далі напаследак бясстрасны зарок: Другім не лічыць за віну. Але не сустрэцца ім болей утрох, Бо кожны кахае адну.
Мінаюць стагоддзі, як прывідны дым. І быў бы наіўным сюжэт, Калі б не жылі ў чалавеку адным Мастак, Музыкант і Паэт.
“Наша доля” (кастрычнік 2004); “Праца” (сакавік 2005); “Полымя” (чэрвень 2006)

Спроба казачнай балады з фантастыка-містычным ухілам. Ідэя празаічнага твора абмежавалася вершам. Так атрымалася, што ўсё сказаў. Для верша – замала, для аповеда – замнога.

ВЯДЗЬМАРКА І ДЗЯЎЧЫНА
Там, куды не дойдзе госць нязваны, Заблукаўшы цёмнаю гадзінаю, Там, дзе разам сходзяцца туманы На світанні ў рэчку ціхаплынную, На краёчку вёскі ў роднай хаце Дзеўчына жыла з удовай маці.
А за вёскай, дзе гушчар імшарны, У якім і грыб не прабіваецца, Дзе і звер драпежны велізарны Збочыць і паскорыць бег стараецца, Між струхлелых вольхаў на палянцы Век вядзьмарка бавіла ў зямлянцы.
І ў пару, калі вылазяць гады І спялеюць ягады паганыя, Выйшла басанож дзяўчына з хаты, Каб спазнаць пра лёс свайго каханага. …Не паспела запытаць вядзьмарку, Як паднесла тая з нечым чарку.
Бліснула калючымі вачыма: “Не бывае сродку больш надзейнага!” Ледзь глынула з чаркі той дзяўчына – І ўляцела ў прорву чарадзейную. Колькі прамінула – год ці тыдзень – Бачыў з неба толькі месяц-злыдзень.
…Глянула – вакол зямля сырая. Громам працяла здагадка млосная: Выкрала ў яе карга старая Маладосць і прыгажосць зайздросную! І, як ранак даў святла палоску, Пабрыла з бядой сваёй у вёску.
…Бомы звоняць весела ў карэце – Пан забраць прыехаў сваю жоначку. Хоць каханы, што блукаў па свеце, Зноў вярнуўся ў родную староначку. А душа матулі ад папрокаў Паляцела да сівых аблокаў.
Льюцца слёзы па шчацэ старэчай… Толькі хтось з сялян прыкмеціў прышлую. Гікнуў: “Людзі! Кепская сустрэча! Трэба гнаць у лес вядзьмарку дышлямі! Хай сядзіць, дзе і сядзець павінна!” І каханы першым бег з дубінай…