Выбрать главу
Вось і ўсё. Зрабіла, што хацела, І ў зямлянцы зноўку аказалася. Бо не забірала яна цела, А душой з дзяўчынай памянялася. А чаму, нашто, з якой прычыны? Цяжка зразумець душу жанчыны…
“Вместе!” (люты 2005); “Акно” (красавік-чэрвень 2005)

Воіны – тыя, хто пачынае вайну і хто абараняе ад вайны. Толькі як адрозніць справядлівую вайну ад несправядлівай, калі ты сам у ёй удзельнічаеш? Асабліва, калі занадта малады… (SC)

СТАРЫ ВОІН
Крывавай плямай сонца знікла За змрочны могілкавы бор. Былы салдат з тугою звыклай Курыў махру і піў кагор. Гамонкі тлумныя сціхалі, Цямнелі цені на траве… Гайдаліся ўспаміны-хвалі Ў яго ссівелай галаве. Ён зноўку чуў жалеза бразгат І бачыў баявых сяброў, Ішоў у цемры сцежкай гразкай І падаў, ранены, у роў. Палоніў розум хмель паволі, Накатваліся жаль і злосць, Бо страціў ён на ратным полі І сэнс жыцця, і маладосць. Ён праклінаў вайну-паганку, Бо разумеў, што ваяваў За тое, каб яго каханку Хтось жонкаю сваёй назваў. Каб бегалі чужыя дзеці І падрасталі неўпрыкмет. І каб ніхто ва ўсім сусвеце Не зразумеў яго, як след. Не перамога – паражэнне, Нявыплатны памер цаны! …Трыццаты год ад нараджэння, Дзесяты год пасля вайны…
“Наша Ніва” (студзень 2006- пад назвай “Стары ваяр”); “ЛіМ” (люты 2006); “Праца” (красавік 2006)

Верш прысвечаны страчанаму пакаленню, якое нарадзілася ў сярэдзіне сямідзесятых — пачатку васьмідзесятых. Пакаленню, якое сталела ў часы ўгару перабудовы, калі нават бацькі не маглі ім сказаць нешта існае аб заўтрашнім дні. Пакаленню, якое і дагэтуль дастойна не можа вярнуцца да жыцця. Трымайцеся, хлопцы! Не зменіце нас, хоць застаньцеся сабой…

НА ПАСТУ
Зноўку грозіць навальніца З чорна-хмарнага крыла. Я павінен быў змяніцца, Толькі змена не прыйшла.
Калыхне сумнеў парою: Можа, я стаю дарма? Можа, тых, хто даў мне зброю, І ў жывых даўно няма?
Ціха плешчацца крыніца Ў палыновай лебядзе. Я павінен быў змяніцца – Толькі змена не ідзе.
Падпалю сухое вецце, Распаўзецца горкі дым. Можа, я адзіны ў свеце? …А на гэтым? Ці на тым?
Хутка лета схлыне ліўнем, Будуць восень і зіма… Я змяніцца быў павінен, Толькі змены ўсё няма.
Кіну марныя папрокі Ў бок адчаю і тугі. Мерна складваюцца крокі Ў бессэнсоўныя кругі…
“ЛіМ” (жнівень 2008)

Заўсёды зайздросціў паэтам-лірыкам, якія з адной нагоды могуць вынесці плойму вершаў. У мяне звычайна наадварот: каханне – каханнем, вершы – вершамі. І вобразы нейкія абагульненыя. Аднак нешта адбіваецца, застаецца. (S)

ВОСЕНЬСКАЕ
Часінай сумнай Яе сустрэў. Ляціць няшумна Лістота з дрэў.
Крыштальны позірк. Павольнасць дзён. Змяніўся козыр – Чарговы кон.
Трыліснік клёну, Счарнелы хвошч. Замест праклёну – Калючы дождж.
Пануры глянец Імжыстых сноў. Марудны танец Гучыць ізноў.
Прасуе вецер Бязмэтны шлях. Намоклым смеццем – Смуга ў грудзях.
Чакаць ці варта Прылёту муз? Трэфовай картай Пабіты туз.
“Полымя” (чэрвень 2005)

Чамусьці лічыцца, што мужчына – істота даволі жорсткая, і ласка для яго – лішняе. І менавіта з-за гэтага мужчына часта пазбаўлены ласкі: і ад дзяцей, і ад жонкі, а з узростам – ад маці. Няпраўда, людзі, проста нам ласка не заўсёды да месца. (SC)

НЕЛАСКАВАЯ
Стыне ранішні кубак з каваю, Лёг прамень на нажа вастрыё… Неласкавая, неласкавая, Як ты трапіла ў сэрца маё?