Выбрать главу

* * *

"Братка Вiця! Маргарыта прыехала да нас, i вельмi дрэнна ў яе з здароўем. I горш за ўсё, што яна не шануе яго, не хоча паправiцца як мае быць i бярэцца за работу. I нiяк не можна яе адгаварыць ад гэтага. Яна кажа, што зусiм здаровая i што не можа сядзець без работы. Праўда, гэтак выразна не гаворыць, каб мы не пакрыўдзiлiся, але з яе гаворкi гэта вiдаць. Усюды яна iдзе разам з Маняю, усё робiць. Нават стараецца сама ўзяць самую цяжэйшую работу. Мяне часам аж злосць бярэ, бачачы ўсё гэта. Нiколi я, кажа яна, не была хвораю. Так, кажа, трохi недамагала, але тое прайшло, хоць ёй i цяжка, але яна не падае нават выгляду. А я ведаю, бачу, што не можа яна рабiць i дарэшты сапсуе сваё здароўе. (Выкажу табе маю думку - мусiць, ужо ёй i няма чаго псаваць, мусiць, ужо зусiм здароўя ў яе няма.) Дык ты, братка, напiшы ёй, каб яна хоць час нейкi нiчога не рабiла, каб слухала нас i паверыла, што мы будзем вельмi рады, калi яна кiне ўсялякую работу. А то ўчора заўважыў я, як яна ўся збялела ад слабасцi i прытулiлася галавою да сцяны ў гумне (нешта там корпалася, сама пайшла). Але заўважыла мяне i, каб схаваць усё гэта, пачала варушыцца каля работы i неўзабаве пайшла ў хату. Я толькi паглядзеў ёй услед. Я ведаю, што ёй цяжка: яна думае, што будзе на нашым карку, але чаму яна i пра другое не падумае! Яна ж нас усiх павыгадоўвала, была для нас не толькi за сястру старэйшую, але i за матку. Уся ж тады работа на яе плячах ляжала i ўвесь клопат на яе галаве. I што б там нi было, я не магу дазволiць ёй рабiць цяжка. Пра гэта ты i напiшы ёй, прашу цябе.

У самога мяне ўсё iдзе някепска. Добра, што тады ты быў памог мне, як я да цябе прыязджаў. У нас цяпер самы рэзрух. Ворагi сталi прыяцелямi, а прыяцелi сталi ворагамi. У якой хаце раней была калатня, дык цяпер стала цiха, а ў якой было цiха, дык пачалi калацiцца. З нашай камуны дзве хаты адкiнулiся - спалохалiся, але новыя хочуць. Прыехаў бы ты, паглядзеў, што робiцца. Папраўдзе, вазьмi ды прыедзь. I з Маргарытай пагаворыш, можа лепш угаворыш яе. Так жа з ёю справу цягнуць няможна, мы ўсе павiнны пра яе падбаць. Не толькi ж лячыцца, але i паберагчыся трэба. Яна гэта сама ведае лепш за нас. Каму гэта ведаць, як не ёй. Але што ты ёй зробiш! Яна гордая, ды яшчэ i любiць нас усiх. Успамiнае ўсё, як мы гадавалiся. Сапраўды, якое гора яе спасцiгла! Але вельмi дрэнна, што яна тоiць яго ў сабе i нават з Маняю скрытная бывае. Вiтае цябе Маня. Яшчэ адно. Чыталi мы газету (не зусiм свежую, газеты сюды да нас даходзяць позна), дык там пра цябе чыталi, што ты нiбыта там нейкi сход хацеў раскiдаць i шкодную рэзалюцыю прапанаваў. Тут усе ўжо ўзялi ў шух вельмi. Я то не веру, што гэта было так, як надрукавана, але, прызнацца, адразу як прачытаў, дык жахнуўся. А хто цябе тут не любiў, дык пачалi языкамi малоць - от, кажа, табе i прававерны камунiст вельмi. Нешта недзе не ўнаравiў, дык i скiдаюць ужо. Мне здаецца, што ўсё гэта нейкае непаразуменне. Пiсанi i пра гэта колькi слоў. Якуб".

* * *

"Браце Якуб! Пiшу адразу пра справу. Што на мяне пусцiлi паклёп - дык гэта ўсё рука Марынковiча. Сёння мяне "чысцiлi", там гэты газетны паклёп быў самым галоўным абвiнавальнiкам. Паклёп з мяне знялi, i пра гэта будзе ў той жа самай газеце. Усе гэтыя матэрыялы - i мае, i Марынковiчавы, пойдуць у камiсiю па чыстцы партыi. Марынковiч цяпер устрывожыўся. Як Маргарыта? Я пiсаў ёй тады, пасля твайго лiста, што няхай адпачне гэты час, а да канца лета я збяру грошай, i тады яна паедзе куды падлячыцца. Нiхто мне з вас на гэта нiчога не адказаў. Чакаю. Вiця".

* * *

"Браце Вiця! Не адказвалi мы табе доўга таму, каб не трывожыць цябе. Але цяпер пiшу - Маргарыта зусiм хворая. Зусiм ляжала ў пасцелi i толькi гэтыя два днi патроху ўстае. Я прывозiў доктара, i ён сказаў, што нервы яе не ў парадку. Ёй трэба лячыцца, так што ты добра прыдумаў сабраць ёй трохi грошай. I я памагу, колькi будзе ў мяне, вельмi дрэнна з ёю, баязно, каб зноў не пагоршала. Якуб".

8. З стэнаграмы следчага допыту

...Зноў была ў мяне з iм сутычка.

Ён зусiм iначай гаворыць са мною. Пра новага чалавека цяпер гаварыў не ён, а я. Трэба ад Марынковiча збавiцца, сказаў я яму, каб ён не шкодзiў фармаванню новага чалавека. Ён пачырванеў, вочы яго налiлiся крывёю, але ён тут жа асеў. Яго аглушыла пастанова камiсii па чыстцы апарату i перадача ўсёй гэтай справы як матэрыялу ў партыйную камiсiю. Ён злуе, вар'юецца, але стараецца стрымлiвацца. Штосьцi хацеў са мною гаварыць, але я пайшоў. Я прачытаў яму на адыходзе Якубаў апошнi лiст - губы яго сцiснулiся, i ён з нянавiсцю глянуў на мяне... Цяпер ён адзяецца прасцей, скiнуў гальштук i вельмi ветлiвы з усiмi на працы. З кожным загаворвае. Але цяжка з iм гаварыць - усё выходзiць няшчыра, холадна, штучна. Нейк так выходзiць, што ўсякi або згаджаецца з iм, або маўчыць.

Як мяне ператрэсла ўся гэтая справа!

9. Тэлеграма

Вiктару Лукашэвiчу Прыязджай Маргарыта пры смерцi Якуб

10. Ад аўтара

На гэтым канчаюцца пiсаныя матэрыялы, што да справы Вiктара Лукашэвiча, i пачынаецца не пiсаны яшчэ раман.

1929

Каментары

Друкуецца па часопiсе "Узвышша", 1929, № 5, дзе апублiкавана ўпершыню. Датуецца траўнем 1929 года.