Выбрать главу

Было і яшчэ нешта, пра што яму дужа карцела спытацца ў яе. Яна сказала, што трушчобы такія самыя, як і былі раней, і ён нібыта адчуў пад нагамі крутыя прыступкі, якія вялі ў вузкія цясніны вулачак, упоперак якіх была развешана бялізна, ён прыкладаў да носа насоўку, каб перабіць пах сабак, дзяцей, пратухлага мяса і чалавечых экскрэментаў. Яму хацелася ведаць, ці памятаюць там доктара Цынера. Ён быў знаёмы там з кожным жыхаром, знаёмы так блізка, што яны маглі б палічыць такую дасведчанасць у іх жыцці небяспечнай, калі б поўнасцю не давяралі яму, калі б па паходжанні ён не належаў да іх. І таму яго там абкрадалі, давяралі яму свае тайны, гасцінна сустракалі, сварыліся з ім і любілі яго. Пяць гадоў — доўгі тэрмін. Яго маглі ўжо і забыць.

Тут міс Уорэн перавяла дух.

— Аднак бліжэй да справы. Я хачу ўзяць у вас інтэрв'ю выключна для сваёй газеты. «Як я ўцёк?» Ці: «Чаму я вяртаюся на радзіму?»

— Інтэрв'ю?

Ён паўтараў яе словы, і гэта дзейнічала на нервы, у яе галава расколвалася ад болю, адчувала яна сябе пагана. Яна часта карысталася гэтым словам, каб выказаць сваю нянавісць да мужчын, да ўсіх іх выкрутасаў і хітрыкаў, да таго, як яны нахабна растоптваюць прыгажосць, а потым, крадком, уцякаюць прэч, — яны абуджалі ў ёй толькі агіду. Яны заўсёды выхваляюцца жанчынамі, якія далі ім асалоду. Нават гэты пажылы мужчына з пабляклым тварам, што сядзіць перад ёй, у свой час бачыў прыгажосць голага жаночага цела, яго рукі, якія зараз абхапілі калені, гладзілі, дамагаліся, атрымлівалі асалоду. А ў Вене яна страціць Джанет Пардаў, якая трапіць у свет, дзе пануюць мужчыны. Яны будуць гаварыць ёй ліслівыя словы, дарыць квяцістыя танныя падарункі, нібыта яна нейкая дзікунка, якую можна спакусіць люстэркам і шклянымі пацеркамі з «Вулворта»[11]. Аднак больш за ўсё яе бянтэжыла тое, што сама Джанет будзе атрымліваць асалоду — да ўцех мужчын ёй не было ніякай справы. Не кахаючы яе зусім — не пакахаўшы яе нават на гадзіну, на дзень, на год, — мужчыны будуць прымушаць яе млець ад асалоды, рыдаць ад здавальнення плоцкіх жаданняў. А вось яна, Мейбл Уорэн, якая ўратавала яе ад мізэрнага лёсу гувернанткі, карміла яе, адзявала, гатовая кахаць яе з нязменнай страсцю бясконца, да скону жыцця, магла толькі пацалункамі выказаць сваю любоў, ёй заўсёды наканавана ўсведамляць, што яна не здатная прынесці ёй поўную асалоду і сама не адчувае нічога, апроч незадаволеных жаданняў. І вось зараз, калі ў яе трашчыць ад болю галава, калі ад яе нясе п'яным смуродам, калі яна разумее, як агідна выглядае яе счырванелы твар, Мейбл Уорэн моцна ненавідзела гэтых «паганых» мужчын, іх настырнасць і штучную прывабнасць.

— Вы доктар Цынер.

Ушчэнт раззлаваная міс Уорэн заўважыла, што ён нават і не імкнецца схаваць, хто ён на самой справе, а проста нахабна паведамляе ёй прозвішча, пад якім падарожнічае.

— Маё прозвішча — Джон.

— Доктар Цынер, — гыркнула яна, прыкусіўшы зубамі ніжнюю губу, каб не страціць самавалодання.

— Рычард Джон, настаўнік, еду адпачываць.

— У Белград?

— Не. — Ён хвілінку павагаўся. — У Вену.

Яна яму не паверыла, але з усяе сілы прымусіла сябе быць ветлівай.

— І я еду да Вены. Калі хочаце, я пакажу вам некаторыя выдатнасці горада? — У дзвярах з'явіўся мужчына, і яна паднялася. — Выбачайце, калі ласка. Гэта ваша месца. — Яна ўсміхнулася, гледзячы ў канец купэ, ледзь устаяла на нагах, калі цягнік прагрукацеў на стыку рэек, не стрымаўшы адрыжкі, якая імгненна запоўніла ўсё купэ смуродам джыну і таннай пудры, што пасыпалася з яе твару. — Мы яшчэ сустрэнемся да Вены, — паабяцала яна і, зрабіўшы некалькі крокаў па калідоры, прыхілілася гарачым тварам да сцюдзёнага, бруднага акна, адчуваючы, як яе агортвае агіда да самой сябе за тое, што яна напілася і выглядае неахайнай. «І ўсё-такі я яго дастану, — падумала яна, пачырванеўшы ад сораму за сваю адрыжку, нібыта паненка на званым абедзе. — Чаго б мне гэта ні каштавала, чэрці б яго задралі!»

Ласкава-лагоднае святло заліло ўсё купэ. На хвілінку здалося, што сонца ўвасабляе штосьці, поўнае любові і спагады да людзей. Чалавечыя істоты плавалі нібыта рыбы ў залацістай вадзе, вызваленыя ад зямнога прыцяжэння, празрыстыя і ясныя, яны нібыта луналі без крылаў у шкляным акварыуме. Пачварныя твары і выродлівыя фігуры, можа, і не зрабіліся прыгожыя, але ператварыліся ў нейкія дзівосныя формы пад уплывам гэтых незвычайных абставін. У гэтай залацістай плыні яны ўзляталі ўгору і падалі ўніз, перашэптваліся і аддаваліся марам. Яны не былі зняволеныя, бо ў гэты ранні час яны не адчувалі сябе ў палоне.

вернуться

11

Універсальная крама ў Лондане, дзе гандлююць таннымі таварамі.