Выбрать главу

З шэрагам твораў польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу мы мелі мажлівасць пазнаёміцца, дзякуючы руплівасці польскіх вучоных: М. Маліноўскага, В. Віслоцкага, Э. Буршэ, С. Кота, К. Бадзецкага, Ю. Радзішэўскай, З. Новака, А. Сайкоўскага і В. Жэпкі, якія ў свой час падрыхтавалі да друку і апублікавалі ананімныя паэмы “Пратэй, або Пярэварацень”, “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”, “Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі...”, “Румяны для аздобы дзявочага твару”, вершы і паэмы Ц. Базыліка, М. Стрыйкоўскага, А. Рымшы.

Гэтая руплівасць заслугоўвае асаблівай павагі, калі ўлічыць, што як прадмет даследавання польскамоўная паэзія Беларусі эпохі Рэнесансу польскіх літаратуразнаўцаў не вельмі цікавіла. Не напісана пакуль абагульняючай працы пра польскую паэзію ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст., ніводны з яе прадстаўнікоў не дачакаўся асобнай манаграфіі (выключэнне – паляк па-паходжанні М. Стрыйкоўскі, але пра яго пісалі гісторыкі і мовазнаўцы). Нешматлікія артыкулы ўяўляюць сабой альбо прадмовы да апублікаваных твораў, альбо напісаны ў кампаратывістычным ды агульнатэарэтычным рэчышчы: напрыклад, у артыкуле С. Незнаноўскага, прысвечаным станаўленню гістарычнай эпапеі ў польскай літаратуры, разглядаюцца паэмы М. Стрыйкоўскага і А. Рымшы (Nieznanowski 1972: 391 - 426).

Няўвага польскіх літаратуразнаўцаў да польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI – пачатку XVII ст. не азначае няведання пра яе існаванне: яшчэ ў “Dykcjonarzu poetów polskich” (Кракаў, 1820) Г. Юшыньскага персанальна згадваліся С. Кулакоўскі, Г. Пельгрымоўскі, Я. Пратасовіч, а ў кнізе А. Мацяёўскага “Piśmiennictwo polskie od czasów najdawniejszych aż do roku 1830” (Варшава, 1852) называліся некаторыя творы Г. Белазора, С. Кулакоўскага, Я. Казаковіча, Я. Сапегі. Рознага характару звесткі пра польскамоўных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу сустракаюцца ў працах многіх вядомых вучоных ХІХ – ХХ стст: M. Вішнеўскага, А. Брукнера, А. Краўсхара, М. Лаўмяньскай, Ю. Кжыжаноўскага, А. Сайкоўскага ды інш.

Адсутнасць спецыяльнай зацікаўленасці і грунтоўных даследаванняў польскіх літаратуразнаўцаў тлумачыцца, на нашую думку, дзвюма прычынамі. Па-першае, сціпла адораныя талентам польскамоўныя паэты Беларусі траплялі ў цень сваіх знакамітых сучаснікаў, класікаў польскай літаратуры эпохі Адраджэння: М. Рэя і Я. Каханоўскага. Па-другое, творчасць А. Рымшы, Г. Пельгрымоўскага, Я. Казаковіча, Я. Пратасовіча не цалкам змяшчалася ў межах польскай літаратуры, для разумення і адэкватнай ацэнкі іхняе спадчыны важна было ўлічваць беларуска-літоўскі культурны кантэкст.

Даследуючы польскамоўную паэзію Беларусі эпохі Рэнесансу, нельга абмінуць увагай дзве важныя працы польскіх вучоных, што “ўбіраюць” у сябе нашую тэму, перасякаюцца з ёй: “Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce” (Варшава, 1963 – 1980. Кн. 1 – 6) Ю. Новак-Длужэўскага і “Muza domowa. Okolicznościowa poezja rodzinna czasów renesansu i baroku” (Вроцлаў, 1991) Л. Слянковай.

Першая з іх з’яўляецца фундаментальным шасцітомным даследаваннем польскай палітычнай паэзіі ад часоў Сярэднявечча да панавання Яна Сабескага. Аўтара цікавілі паэтычныя творы, што ўзніклі як водгукі на канкрэтныя палітычныя падзеі альбо адлюстравалі важныя грамадска-палітычныя працэсы, таму ён разглядае самыя розныя віды паэзіі: героіка-эпічную, сатырычную, фунеральную; аналізуе дзесяткі і сотні тэкстаў, у тым ліку: верш А. Валяна “Да Палякаў і да Літвы”, ананімную паэму “Пратэй, або Пярэварацень”, паэмы “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” А. Рымшы і “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка” С. Лаўрэнція. Паставіўшы перад сабой складаную задачу – праз аналіз паэтычных тэкстаў рэканструяваць палітычнае жыццё краіны – Ю. Новак-Длужэўскі ў ацэнцы твораў зыходзіў тым не менш з эстэтычных крытэрыяў, што дазволіла яму даволі аб’ектыўна адзначаць як мастацкія вартасці, так і недахопы гэтых твораў. Ён першы звярнуў увагу на літаратурную прыроду “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка” і даў высокую ацэнку паэмы С. Лаўрэнція на падставе знаёмства з артыкулам А. Краўсхара, дзе цытаваліся ўсяго 34 радкі твора і збольшага пераказваўся сюжэт (Kraushar 1891: 387 - 395). Разглядаючы польскамоўную паэму А. Рымшы разам з лацінамоўнымі паэмамі Ф. Градоўскага і Я. Радвана, вучоны слушна адзначыў мясцовы ліцвінскі патрыятызм аўтараў і тыпалагічнае падабенства твораў.