Выбрать главу

Даволі вялікі аб’ём і высокі мастацкі ўзровень берасцейскага канцыяналу сведчыць пра тое, што задуманы ён быў даўно і старанна рыхтаваўся да выдання калектывам прыяцеляў-аднадумцаў. Друкар Станіслаў Мурмэліус, укладальнік і перакладчык Ян Зарэмба, паэт і музыкант Цыпрыян Базылік, музыкант Вацлаў з Шаматул, паэт і перакладчык Анджэй Тшэцескі, тэолагі, паэты і перакладчыкі Сымон Зацыус, Якуб Сільвіус, Станіслаў Семідаліус – усе яны пратэстанцкія дзеячы з атачэння Мікалая Радзівіла Чорнага, якія прыехалі з Польшчы і аселі ў Вільні альбо Бярэсці. Наўрад ці сам віленскі ваявода і берасцейскі стараста быў ініцыятарам выдання канцыяналу: кніга прысвечана не Радзівілу, а ягонаму падскарбію Пякарскаму. Найбольш зацікаўленай у з’яўленні спеўніка асобай быў С. Зацыус, суперінтэндат кальвінскага збору ў Беларусі і Літве. На думку С. Кота, менавіта С. Зацыус даручыў Я. Зарэмбу скласці канцыянал і арганізаваў пры фінансавай падтрымцы С. Пякарскага выданне кнігі ў друкарні С. Мурмэліуса (Kot 1937-1939: 447). Нельга, аднак, недаацэньваць ролі самога Я. Зарэмбы, шляхціца беларускага паходжання з Падляшша, які прадумаў канцэпцыю зборніка, напісаў дзве прадмовы да яго, сабраў вершаваныя тэксты і ноты, сам пераклаў некалькі вершаў з чэшскай мовы.

“Pieśni chwał Boskich” – першы пратэстанцкі канцыянал, выдадзены ў Вялікім Княстве Літоўскім. Наступным быў арыянскі канцыянал “Katechism, albo krotkie w jedno miejsce zebranie wiary i powinności Krześcijańskiej...”, выдадзены ў 1563 г. ў Нясвіжы Даніэлем Лэнчыцкім у друкарні, якая належала Мацею Кавячынскаму.

Нясвіжскі канцыянал яшчэ перад вайной адшукала ў бібліятэцы Упсальскага універсітэта польская даследчыца А. Кавецкая, якая падрабязна апісала знаходку і прапанавала вышэйпаданую назву (тытульны аркуш кнігі не захаваўся) на падставе пазнейшага віленскага выдання (Kawecka-Gryczowa 1926: 128 – 139). Сёння даследчыкі маюць магчымасць карыстацца фотакопіяй кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве (Kancjonał 1563).

Нясвіжскі канцыянал складаўся з наступных частак:

І. “Przedmowa do pobożnego Krześcianina”;

II. “Pierwszy Katechism”;

II. “Wtory Katechism”;

III. “Pastеrstwo domowe”;

IV. “Psalmy Dawidowe”;

V. “Piosnki”.

Як бачым, ён меў больш разбудаваную структуру, чым берасцейскі канцыянал (ажно два катэхізісы, асобны раздзел з псалмамі, спеўнік апынуўся напрыканцы кнігі, а частка песень увайшла ў 4-ы раздзел). Акрамя таго, нясвіжскі канцыянал быў ці не ўвесь ананімны: невядома, хто склаў кнігу і напісаў да яе прадмову, хто падрыхтаваў катэхізісы і “Pastеrstwo domowe”, не вядомы імёны кампазітараў і аўтараў многіх вершаваных тэкстаў. Праўда, значная частка з 54-х псалмоў і 110-ці песень запазычана з ранейшых польскіх канцыяналаў, таму дакладна вядома, што ў нясвіжскім канцыянале прысутнічаюць творы Я. Любельчыка, М. Рэя, А. Тшэцескага, Б. Ваявудкі. Нібыта выступаючы супраць ананімнасці, двое паэтаў зашыфравалі свае імёны ў акравершах: Тамаш Сакалоўскі (песня “To słusza z wiernych każdemu”) і Тамаш Хадоскі (песня “Tobie Panie grzech swоj wyznać muszę”). Увогуле, па сваёй арыгінальнасці і мастацкім узроўні нясвіжскі спеўнік 1563 г. значна саступаў берасцейскаму 1558 г. Магчыма, адчуваючы недахопы кнігі, Д. Лэнчыцкі друкуе праз год дадатковы зборнік “Pieśń... o pobożnej a cnotliwej Niewieście...”,куды акрамя вядомых раней песень на вершы М. Рэя і Я. Каханоўскага ўвайшло некалькі новых твораў, арыгінальных па зместу (разам 5 псалмоў і 8 песен). Толькі пад адной з песень (“Pieśń ćwiczenia i doświadczenia Pańskiego”) было падпісана імя аўтара – Марціна Чаховіча, астатнія творы, як і ў папярэднім спеўніку, ананімныя.

Марцін Чаховіч – лідэр арыянскага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, відаць, з’явіўся ініцыятарам выдання нясвіжскага канцыяналу і ўзяў чынны ўдзел ў яго падрыхтоўцы. Ягонаму пяру належыць не толькі “Pieśń ćwiczenia i doświadczenia Pańskiego” ў дадатковым зборніку, але, магчыма, і шэраг вершаў у асноўным спеўніку, а таксама “Pastеrstwo domowe”. Аўтарам катэхізісаў, на думку А. Кавецкай, быў Сымон Будны, які ў 1562 г. выдаў аналагічны тэкст па-беларуску (Kawecka-Gryczowa 1926: 129). “Pieśń ... o pobożnej a cnotliwej Niewieście...” ў некаторых бібліяграфічных даведніках залічваецца ў даробак Ц. Базыліка (Bibliografia 1964: 17), але хутчэй за ўсё ягоны ўдзел у працы над зборнікам абмежаваўся напісаннем музыкі да чужых вершаваных тэкстаў. У аўтарскі калектыў уваходзілі таксама Тамаш Фальконіус (Сакалоўскі) і Тамаш Хадоскі, што дакладна вядома з акравершаў. Акрамя друкара Даніэля Лэнчыцкага, да выдання канцыяналу непасрэдна прычыніўся ўладальнік нясвіжскай друкарні Мацей Кавячынскі, які сфінансаваў праект.