Выбрать главу

Пэўны час у гісторыкаў не было сумневу, што Гедзімін з’яўляўся сынам Віденя, як пра гэта сведчаць «Хроніка Быхаўца» і падобныя ёй летапісы21. Але надрукаваная ў 1867 г. грамата магістрата горада Рыгі22 пераканаўча абвергла карыелівую выдумку аб нізкім паходжанні Гедзіміна. Праўда, адначасова названая грамата несла і новую праблему. У гэтым дакуменце Гедзімін называўся братам свайго папярэдніка Віценя, што і прынялі многія даследчыкі. Але яшчэ В. Васілеўскі паказаў, што слова «frater» (брат) i «pater» (бацька) вельмі падобныя еваім напісаннем і могуць выглядаць амаль аднолькава23. Мы лічым больш абгрунтаваным тое, што Гедзімін быў сынам Віценя. Мала верагодна, каб брат перажыў другога брата на 25 гадоў, прычым, улічваючы, што Гедзімін памёр не сваёй смерцю, г. зн., мог яшчэ пэўны час жыць. I яшчэ трэба ўлічыць, што сярод князёў быў звычай, нягледзячы на ступень сваяцтва (ці нават пры яго адсутнасці), называць адзін аднаго братам. Так, напрыклад, Альгерд называў сваім братам нават маскоўскага князя Дзмітрыя Данскога24, хаця яны ніякімі сваякамі не былі. Усё адзначанае можа закрэслівадь і сведчанні рыжскага дакумента пра Гедзіміна як брата Віценя.

Не менш екладанае і пытанне, калі і дзе стаў Гедзімін вялікім князем. Як правіла, сцвярджаецца, што ён заняў вялікакняскі пасад у 1316 г. Аднак нідзе ў крыніцах гэтая дата не пацвярджаецца, як не пацвярджаецца

і дата смерці Віценя, пра якога ў пазнейшых летапісах сказана, што ён памёр ад удару перуна25. На карысць 1316 г. як даты смерці Віценя можа сведчыць тое, што гэты князь у 1314 г. абараняў Гародню ад крыжакоў, а ў 1315 г. узяў у аблогу іх замак Хрыстмемель26. Але трэба згадаць і іншыя даты пачатку кіравання Гедзіміна, што маюцца ў паасобных крыніцах. Так, у адной з іх сказана, што «в лето 6813 (1305) нача княжлтн Кгеднмнн Внтуновнчь в Лнтве, в Новогородку н Кернове»27. Мы яшчэ звернемся да гэтага запісу, а зараз толькі адзначым, што калі паводле яго князяванне Гедзіміна пачалося значна раней, то ў «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай» гэта падзея аднесена на пазнейшую дату — на 1321 г.28. Заўважым таксама, што гісторык В. Васільеўскі лічыў пачаткам князявання Гедзіміна 1320 г.29. На жаль, ён не ўказаў, чым у сваім меркаванні кіраваўся, аднак, як мы ўбачым далей, прапанаваная В. Васілеўскім дата, магчыма, найбольш дакладная.

Наконт таго, дзе пачаў князяваць Гедзімін, у «Хроніцы Быхаўца» і ёй падобных крыніцах, названы Кернаў30. Гэта як быццам пацвярджае і згаданы намі летапісны ўрывак аб тым, што «Кгеднмнн нача княжнтн… в Лятве, в Новогородку н Кернове» гэты факт паказвае, што назва «Літва» яшчэ не пашыралася на ўсход сучаснай Літвы, дзе знаходзіўся Кернаў, які таму і названы асобна. Але сведчанні адзначаных крыніц аб Кернаве, як сталіцы дзяржавы пасля Новагародку, не пацвярджаюцца граматай Гедзіміна ад 25 студзеня 1323 г. У ёй у ліку іншага гаворыцца аб пабудове Гедзімінам каталіцкіх храмаў. «Няхай будзе вам вядома, што мы два гады назад (у 1321 г.) у нашым горадзе Вільні ўноў пабудавалі адну царкву Ордэна прапаведнікаў, а таксама цэрквы Ордэна мінарытаў у вышэйупомненым намі горадзе Вільні адну, у Новагародку — другую, якую спалілі прускія крыжакі… і якую ў тым жа годзе мы загадалі аднавіць уноў»31. Як бачым, тут упамінаюцца два гарады — Вільня і Новагародак, адзін з якіх — новая сталіца, другі — старая. Відавочна, што калі б сталіцай Гедзіміна быў Кернаў, то там бы перш за ўсё і будаваліся храмы, аднак гэта не адзначана, што можа адмаўляць сталічнае значэнне Кернава. Усё гэта дазваляе лічыць, што менавіта Гедзімін перанёс сталіцу Вялікага княства Літоўскага з Новагародка ў Вільню.

Некаторыя іншыя спрэчныя пытанні, звязаныя з асобаю Гедзіміна, мы закранем, разглядаючы яго дзейнасць.

Дзе мірна, а дзе пад прымусам

Як у адносінах да асобы Гедзіміна, так і ў адносінах да ягонай дзяржаўнай дзейнасці маецца шэраг цёмных мест. Яшчэ В. Антановіч у свой час слушна заўважыў, што з прычыны няяснасці датаў уваходжання паасобных земляў у склад Вялікага княства Літоўскага многае з гэтага адносілася да часоў Гедзіміна32. Таму ў гістарычнай навуцы пануе думка, што і тады ішло далейшае падначаленне нібыта аслабелых і таму безабаронных беларускіх земляў узмацнелай літоўскай дзяржаве. Аднак, як і раней, так і за часамі Гедзіміна, нічога гэтага не было, а ішло далейшае эканамічнае, палітычнае і культурнаэтнічнае збліжэнне і аб’яднанне беларускіх земляў.

Паколькі Беларусь не ведала татарскага нашэсця і яе эканамічныя і культурныя цэнтры не былі разбураны, адзначаны працэс тут адбываўся хутчэй, чым у рускіх і ўкраінскіх землях, дзе ён быў перарваны татарскаю навалай. Вось чаму пашырэнне тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ішло шляхам аб’яднання беларускіх земляў, якое адбывалася мірна. I таму мы не можам указаць дакладна, якая з іх і калі стала часткаю Вялікага княства Літоўскага. Можна толькі меркаваць, што ў час уладарання Гедзіміна ў склад дзяржавы ўвайшла Менская зямля, паколькі яе князь у 1326 г. разам з полацкім князем быў у складзе пасольства, якое ездзіла ў Ноўгарад. Па ўсяму відаць, што да Вялікага княства Літоўскага ў гэты час далучылася і Пінская зямля, бо ў летапісе сказана, што сын Гедзіміна НарымонтГлеб быў тут князем33. Але гэта вельмі праблематычна, бо ў іншых летапісах пра гэтага князя гаворыцца зусім іншае34. Трэба таксама памятаць аб тым, што Пінск адыграў важную ролю ва ўтварэнні Вялікага княства Літоўскага: яго войска ў 1268 г. удзельнічала ў заваяванні Войшалкам Літвы36.

Можна большменш упэўнена гаварыць, што межы беларускіх земляў, якія аб’ядналіся ў Вялікім княстве Літоўскім, у гэты час цягнуліся ад Дняпра на ўсходзе да Буга на захадзе, ад межаў Пскоўскага княства на поўначы да межаў Валынскага і Кіеўскага княстваў на поўдні. Праўда, у «Хроніцы Быхаўца» пад 1321 г. змешчана вельмі дэталёвае апавяданне аб паходзе Гедзіміна на гэтыя землі і далучэнні іх да сваіх уладанняў36. Але гэта даволі пераканаўча абвергнуў В. Антановіч37.

Такое становішча беларускіх земляў, у прыватнасці, іх болыы ранняе злучэнне ў параўнанні з іншым усходне-славянскім абшарам, дало Ім значныя перавагі. Найперш гэта забяспечыла ім дамінуючае значэнне ў Вялікім княстве Літоўскім. Менавіта беларускія землі вызначылі яго ўнутраную і знешнюю палітыку, што яскрава і выявілася ў дзяржаўнай дзейнасці Гедзіміна. Ужо тое, што ён перанёс сталіцу ў Вільню, якая з’яўлялася пераважна крывіцкім горадам, яскрава падкрэслівала, чыімі інтарэсамі ён будзе кіравацца найперш у сваёй дзейнасці.

Калі аб’яднанне беларускіх земляў адбывалася мірна, то ўваходжанне ў склад дзяржавы балцкалітоўскіх земляў паранейшаму праходзіла шляхам іх гвалтоўнага далучэння. Як у свой час Міндоўг выгнаў літоўскіх князёў, калі ён «зане Лнтву», як Войшалк, які пагалоўна вынішчаў ворагаў сваіх пры заваяванні Літвы, Дзяволтвы і Налынчанаў, як Трайдзень распраўляўся з налыпчанскімі феадаламі, як Віцень вёў барацьбу з Жамойцкай знаццю, якая не прызнавала яго ўлады, схіляючыся да саюза з Ордэнам, так і Гедзімін фактычна пачаў сваю дзейнасць з барацьбы з тымі ж самымі жамойтамі, што паранейшаму супраціўляліся вялікакняскай уладзе і знаходзілі падтрымку ў крыжакоў38.

Гедзімін, як і ўсе яго папярэднікі на вялікакняскім пасадзе, таксама заваёўваў балцкія землі. Таму зразумела, чаму, як яшчэ зазначаў В. Антановіч, літоўцы (у сучасным значэнні гэтага слова) так варожа адносіліся да вялікакняскай дынастыі39. Прычына ў тым, што дынастыя гэтая была ім чужой.

На фоне такіх фактаў вельмі ўжо непераканаўча гучаць сцверджанні аб Вялікім княстве Літоўскім як літоўскай дзяржаве, што ўтварылася ў выніку заваявання літоўскімі кііязямі беларускіх і іншых славянскіх земляў. Усё, як мы бачылі, адбывалася наадварот. Таму не можа быць гаворкі ні аб Вялікім княстве Літоўскім як літоўскай дзяржаве (таксама ў сучасным значэнні гэтага слова), ні аб тым, што вялікія літоўскія князі былі выразнікамі інтарэсаў літоўскіх феадалаў, бо апошнія ўвесь час супраціўляліся ўтварэнню Вялікага княства і з’яўляліся ворагамі гэтага гістарычнага працэсу.