Выбрать главу

Розніца паміж грашыма, што ставілі на кон, і сумай, якую атрымаў бы пераможца ў закладзе, усю ноч мянялася ў той ці іншы бок, і гледачы напампоўвалі негра ромам і запальвалі яму цыгарэты. Урэшце негр, на добрым падпітку, ажно лез са скуры і аднаго разу змусіў руку старога чалавека, які тады не быў стары, а быў Сант'ягам El Campeon[32], амаль на тры цалі страціць раўнавагу.

Але стары чалавек патрапіў выпрастаць руку, і тая зноў была ўпоравень з супернікавай. Ён быў упэўнены зараз, што адужаў гэтага цудоўнага хлопца і сапраўднага атлета. І на світанні, калі спрачальнікі прасілі абвясціць, што двубой скончыўся нічыёй, і рэферы адмоўна круціў галавой, ён, рашуча намогшыся, стаў хіліць неграву руку ніжэй і ніжэй, пакуль тая не легла на стальніцу. Матч распачаўся ў нядзелю раніцой і скончыўся раніцой у панядзелак. Багата хто з тых, што біліся аб заклад, прасілі абвясціць нічыю, бо яны мусілі ісці — у порт грузіць мяшкі з цукрам або на працу ў Гаванскую Вугальную Кампанію. Каб не гэта, кожнаму рупіла б дачакацца фініша. Але ж ён фінішаваў, і раней, як хто-кольвек павінен быў ісці на работу.

Яго доўга ўсе звалі Чэмпіёнам, а ўвесну быў матч у адказ. Але няшмат грошай ставілася на кон, і ён лёгка выйграў матч, бо падарваў у негра з Сьенфуэгаса веру ва ўласныя сілы ў першым паядынку. Пасля ён правёў яшчэ пару матчаў, а потым — ніводнага. Ён вырашыў, што здольны адужаць любога, калі моцна захоча, але гэта шкодна для ягонай правай рукі, якою ён ловіць рыбу. Ён правёў колькі пробных матчаў, дужаючыся левай. Аднак левая рука заўсёды была здрадніцкаю і ніколі не выконвала ягоных загадаў, і таму ён не даваў ёй веры.

«Сонца добра выпаліць ейную хваробу, — падумаў ён. — Яна не павінна больш дранцвець, хіба што ўначы будзе занадта холадна. Хацеў бы я ведаць, што прынясе гэтая ноч».

Самалёт праляцеў над галавой на сваім шляху ў Майамі, і ён бачыў, як ягоны цень спудзіў чароды лятучых рыб і тыя шуганулі ўгору.

— Калі гэтулькі лятучай рыбы, дык тут павінен быць дэльфін, — сказаў ён і налёг на шнур, каб уведаць, ці нельга трохі падцягнуць рыбіну. Але не, ад напятага — глядзі, каб не парваўся, — шнура ажно адскоквалі кроплі. Лодка паволі кіравала наперад, і ён назіраў за самалётам, пакуль той не знік з поля зроку.

«Відочна, у самалёце дужа нязвыкла, — падумаў стары чалавек. — Цікава, як выглядае мора з такое высі? Яны павінны добра бачыць рыбу, калі лётаюць не занадта высока. Я хацеў бы лётаць вельмі павольна на вышыні двухсот сажняў і выглядаць рыбу згары. Калі я хадзіў у мора лавіць чарапах, то забіраўся на салінг на вяршыню мачты і нават з той вышыні бачыў нямала. Дэльфіны адтуль зелянейшыя, і ты можаш бачыць іхнія палосы і фіялетавыя плямы, і можаш бачыць увесь касяк, як яны плаваюць. Чаму гэта так, што ўсе борздыя рыбы з цёмных глыбіняў маюць фіялетавыя спіны і, зазвычай, фіялетавыя палосы або плямы? Дэльфін толькі здаецца зялёным, а ў сапраўднасці ён залацісты. Але калі ён прыходзіць карміцца, добра прагаладаўшыся, фіялетавыя палосы паказваюцца ў яго на баках, як у марліна. Ці гэта ад злосці, ці ад большай хуткасці яны выступаюць?»

Якраз перад тым, як сталася цёмна, а стары чалавек мінаў вялізную выспу саргасавых водарасцей, што ўздымаліся і калыхаліся ў светлым моры, як быццам акіян мілаваўся з некім пад жоўтаю коўдраю, невялічкі шнур ухапіў дэльфін. Ён убачыў яго, калі той скочыў у паветра, сапраўды залаты ў апошнім праменні сонца, выгінаючыся і шалёна матляючы плаўнікамі ў паветры. Дэльфін скочыў яшчэ раз, дэманструючы акрабатыку страху, і стары чалавек прабраўся назад на карму і, скурчыўшыся, трымаючы вялікі шнур ўсёю праваю рукою, цягнуў дэльфіна леваю, наступаючы на штораз даўжэйшы шнур голаю леваю нагою. Калі рыба была ля самай кармы, вар'юючы, кідаючыся з боку ў бок, стары чалавек перагнуўся цераз карму, уцягнуў яе, зіхотка-залатую, з фіялетавымі плямамі, у лодку. Ейныя сківіцы сутаргава працавалі, яна кусала і кусала кручок, малоцячы дно чоўна доўгім пляскатым целам, хвастом і галавою, пакуль ён не агрэў яе па зіхатлівай залатой галаве і пакуль яна не ўздрыгнула і не супакоілася.

Стары чалавек зняў з кручка рыбу, насадзіў на яго другую сардзіну і закінуў шнур. Пасля ён паволі стаў прабірацца назад на нос. Ён памыў левую руку і выцер яе аб нагавіцы. Пасля пераклаў цяжкі шнур з правай рукі ў левую і памыў правую руку ў вадзе, назіраючы, як сонца апускалася ў акіян і з якім нахілам цягнуўся вялікі шнур.

— Ён плыве, як плыў, — сказаў стары чалавек. Але паназіраўшы, як вада абцякае руку, заўважыў: рух лодкі стаў куды павольнейшы.

— Я звяжу два вёслы разам, упоперак кармы, і гэта замарудзіць вандроўку ўночы, — сказаў ён. — І яму, і мне пара адпачыць.

вернуться

32

Чэмпіён (гішп.).