Выбрать главу

Адно адчуванне, невядомае мне да таго часу за ўсе мае пяцьдзесят гадоў, хоць яно знаёмае любой дзяўчынцы, любому студэнту, выпала на маю долю ў гэтую бальную ноч - адчуванне свята, упоенасці агульнай весялосцю, пранікнення ў таямніцу пагібелі асобы ў масе, unio mystica[1] радасці. Я часта чуў расказы пра гэта - гэта ведала любая служанка, - часта бачыў, як загараліся вочы ў тых, хто расказваў, а сам толькі паўпагардліва-паўзайздросліва пасмейваўся. Гэтае ззянне ў п'яных вачах адкінутай, вызваленай ад самой сябе асобы, гэтую ўсмешку, гэтую паўвар'яцкую, самазабыўную растворанасць у агульным ап'яненні я назіраў сотні разоў на высокіх і нізкіх прыкладах - у п'яных рэкрутаў і матросаў, як і ў вялікіх артыстаў, ахопленых энтузіязмам святочных прадстаўленняў, а таксама ў маладых салдатаў, якія ішлі на вайну, ды і зусім жа нядаўна я, захапляючыся, кахаючы, насміхаючыся і зайздросцячы, бачыў гэта ззянне, гэтую шчаслівую ўсмешку забыццёвасці на твары ў майго сябра Пабла, калі ён, ап'янелы ад ігры ў аркестры, шчасна прыпадаў да свайго саксафона альбо, знемагаючы ад захаплення, глядзеў на дырыжора, на барабаншчыка, на музыканта-банджыста. Такая ўсмешка, такое дзіцячае ззянне, думаў я часам, дадзены толькі вельмі маладым людзям альбо народам, якія не дазваляюць сабе выразна індывідуалізаваць і адрозніваць асобных сваіх прадстаўнікоў. Але сёння, у гэтую дабраславёную ноч, я, Стэпавы воўк Гары, сам ззяў такой самай усмешкай, сам купаўся ў гэтым глыбокім дурмане саўдзельства, музыкі, рытму, віна і юру, тым самым дурмане, пахвалы якому з вуснаў якога-небудзь прыбылага на баль студэнта я калісьці так часта слухаў пакепліва і з лёгкай пагардлівасцю. Я не быў больш самім сабой, мая асоба растварылася ў святочным хмелі, як у вадзе соль. Я танцаваў з той ці іншай жанчынай, але не толькі яна была тою, каго я абдымаў, чые валасы краналіся мяне, чый пах я ўбіраў у сябе, не, усе астатнія жанчыны таксама, што плылі ў гэтым самым танцы, у гэтай самай зале, пад гэту самую музыку, усе, чые светлыя твары мільгалі перад мною як вялікія фантастычныя кветкі, - усе належалі мне, усім належаў я, усе мы былі саўдзельныя адно ў адным. І мужчыны таксама ўваходзілі сюды, я быў і ў іх, і яны таксама не былі мне чужыя, іх усмешкі былі маімі ўсмешкамі, іх дамаганні зыходзілі ад мяне, а мае - ад іх.

У тую зіму свет быў упакораны новым танцам, факстротам «Знемажэнне». Гэта «Знемажэнне» ігралася не раз і не пераставала карыстацца попытам, мы ўсе прасякнуліся і апіліся ім, усе напявалі яго наслухам за аркестрам. Я танцаваў не перастаючы, танцаваў з кожнай жанчынай, якая мне пападалася пад рукі, з зусім маладымі дзяўчатамі, з раскошнымі маладымі жанчынамі, з па-летняму спелымі, з сумна адцвілымі, - захапляўся ўсімі, смяяўся, прамяніўся шчасцем. І калі Пабла ўбачыў, як я ззяю, я, каго ён заўсёды лічыў небаракам, яго вочы засвяціліся шчасцем, ён рэзва падняўся са свайго месца ў аркестры, затрубіў энергічней, залез на крэсла і, стоячы на ім, шчасна і рытмічна разам з трубой загушкаўся ў такт «Знемажэнню», дудзеў і дудзеў, а я і мая партнёрка слалі яму цалункі і ўголас падпявалі. Ах, думаў я, будзь яно там што будзе, а я хоць раз шчаслівы, хоць раз, а цвіту і пахну, хоць раз вызваліўся ад самога сябе, быў братам Пабла, дзіцём.

Я ўдзячна заплюшчыў вочы і адпіў глыток эліксіру.

Страціўшы адчуванне часу, я не ведаў, колькі гадзін альбо імгненняў доўжылася гэта хмельнае шчасце. Не змеціў я таксама, што свята, з нарастаннем яго напалу, усё больш звужала сваю прастору. Большасць гасцей ужо сышла, у калідорах пацішэла, шмат агнёў ужо патушылі, лесвічная клетка вымерла, у верхніх залах змаўкалі і разыходзіліся адзін за адным аркестры, толькі ў галоўнай зале і ўнізе, у пекле, яшчэ бушавала, усё больш разгараючыся, хмельная весялосць. Як што з Гермінай, як з хлопцам, танцаваць я не мог, сустракаліся мы з ёю і віталіся толькі мімалётна, у перапынках паміж танцамі, і ўрэшце яна для мяне зусім прапала, знікла не толькі з вачэй, але нават і з думак. Думак больш не было. Я растварыўся ў п'яным скочным гамузе, мяне акружалі пахі, гукі, уздыхі, словы, мяне віталі і ўспалымнялі чужыя вочы, чужыя твары, губы, шчокі, плечы, грудзі, калені, мяне, як хвалю, рытмічна калыхала і шугала музыка.

вернуться

1

Містычнага саюза (лац.).