Выбрать главу
Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай, Не ведаю і ведаць не хачу. Запамінаю голас Ваш прыязны; Нібыта верш, запамінаю астры — Па-школьнаму, на памяць іх вучу.
Запамінаю голас Ваш прыязны... Пакінь, пакінь, глыбокая струна, Шум глыбіні і неспакой рамансны, Каб у крыві маёй квітнелі астры... Кроў — гэта ваза, што не мае дна.
19 чэрееня — 14 снежня 1991

* * *

Над Прыпяццю і над Гарынню, Не дакранаючыся да зары, Хрысціў ерусалімскай сінню Свой век, што перайшоў за трыццаць тры,
I пра адну жанчыну думаў, Яе лілейны цень на сэрца лёг. Да тонкіх чаратовых струнаў Ляцеў генісарэцкі матылёк.
I я сачыў за тым палётам, Удыхаючы евангельскі пыл, I ехаў да бацькоў. Мой клопат Для іх зусім незразумелы быў.
Не заўважаў цяжкой работы На гародах палескіх і палях, — Бо мне хацелася пяшчоты, Хацелася бачыць лілейны страх!
Той страх мне дорыць палесціну, Той страх ператварае на вачах Жанчыну любую ў дзяўчыну — 3 туманам у лімонных валасах.
26 чэрвеня — 15 снежня 1991

* * *

Рука вышэй за музыку і вершы, Калі яна — твая рука! I позірк твой, за матылька лягчэйшы, Ляціць на просьбу спевака.
У просьбе той блакітна-італьянскай, У элегічным tremolo — Плыве трырэма даўніны раманскай, Вясло кладзецца на вясло.
Мы там сустрэнемся абавязкова, Узяўшы Прыпяць і Гарынь, I нашая вясёлкавая мова Разбудзіць медную латынь.
Рука твая адчуе шум бяздонны, Чужыны радасны апёк. У валасах туманных і лімонных Успыхне родны васілёк.
Сапфірынка ў акіянічным жыце Да спевака вяртае нас, I шэпт аліўкавы: вось так жывіце, — 3 часоў папірусных не згас.
Спявак пяе, і з намі ён танцуе I ў нашай радасці жыве... I мой уздых, які цябе цалуе, Засне ў лімонным харастве.
27 чэрвеня 1991

* * *

Вядома ж, не... Мне гэта ўсё здалося! Яшчэ ніякі гэта не разрыў! Яшчэ шуміць эгейскае калоссе, І кіфарыйскі спеліцца матыў.
I не марнее, жывіцца мастацтва Глінянай прахалодаю быцця. Яшчэ магу кахаць, і падабацца, I чыстым быць, як зорка і дзіця;
Паіць віном паўлінавыя астры, На пчол глядзець і цешыцца любой! I ластаўку, якую сочыць ястраб, Забраць адсюль у Грэцыю з сабой...
3 гарода бацькі, з матчынай гаруткі, Абтрэсваючы каранёў цяжар, За мной бягуць лілеі, незабудкі I шольсіі лімонавы пажар.
У кожнай кветцы дух жыве ахвярны. I ў алкагольны падаючы след, На століку афінскае кавярні Яны ніяк не стоўпяцца ў букет.
Віхура каралеўскага гарода, Па горла апынуўшыся ў віне, Пяе пра кучаравага Эрота, Цвярозасць вымываючы з мяне.
Вось так паэт становіцца багатым I адчувае асалоду ўсю. На капытках і рожках казляняты Яму нясуць музейную расу.
1 ліпеня 1991

* * *

Зноў хваля, ператвораная ў камень, Ударыла мяне. Цяпер ляжаць мне ў элегічнай яме На камяністым дне.
Каго, каго паклікаці, пазваці — Набрацца родных сіл?! Далёка бацька, і далёка маці, I Вольга, і Васіль.
А побач ты ў педагагічным змроку Ля камяністых сцен, I — музыка ў любым тваім уроку, Настаўнік мой Верлен!
Нябёсы камяністыя над намі Не скоцяцца далоў. Пяю рамансы ў элегічнай яме, Як ты вучыў, — без слоў.
Твая душа й па гэты час ад здзеку Бароніцца ў журбе, Бо цынік зноў мужчыну-недарэку Вышуквае ў табе.