Выбрать главу
Што ж цябе, дарагая, страшыць? Ну, адкуль ён, адкуль ён — страх? На віне пацалункі нашы, Дзякуй Богу, не на слязах.
I калі я твой брат старэйшы, То паслухай мяне хоць раз: Багдановіч апошнім вершам Ад самоты пазбавіў нас, —
А ў самотнейшыя хвіліны Уначы, пад газніцы бліск, Не ў Вільню — пісаў у Афіны Да Вацлава нясмелы ліст.
30 жніўня 1991

* * *

Патухла свечка летняя. Даволі! Адно прадонне і адзін зеніт. «Паэт не памыляецца ніколі», — Што ж, радуйся, самотны Леанід.
Ты прадчуваў, што так яно і будзе, Наваражыў на прыпяцкай вадзе, Што прыйдзе міг, калі табе на грудзі Саломка залатая не ўпадзе.
I вось не ўпала, — чым далей, тым болей. Узрошчаная на глухім пяску, Егіпецкая ружа пальцы коле I пакідае кроў на языку.
Каханая, ты на струне пагрознай Губляеш голас, астрамі жывы; Ты патрабуеш гутаркі сур'ёзнай І хутка будзеш зваць мяне на «вы».
А мне ж усё сур'ёзнае — пакута, Тугая канапляная пятля. Яна ашчэрваецца пашчай лютай, Пагойдваецца зблізку і здаля.
Асінавае слова «разьвітаньне» У канапляны ўплецена вянок, — Я заслужыў такое пакаранне, Як чорны ліст — мне дадзена яно.
Ды каб хоць як самоты адцурацца, Каб не паверыць, што цябе няма, — Як ля іконак, буду прыпыняцца Ля кожнай літары твайго імя.
2 верасня 1991

* * *

Ты ўчора вінаградзінкай была Апошняй над халоднаю альтанкай, А сёння ты высокая маланка — Ахоўніца нябеснага стала.
А я жыхар гароднага эдэму, Там я знайшоў свой камень хрызаліт, Калі петунію прасіў і хрызантэму Суцешыць баязлівы твой блакіт.
О, твой блакіт — цяпло жывых петуній I хрызантэмнай музыкі жывой, Такі ж блакіт у позірку матулі Любові Аляксееўны маёй.
I гэткі ж страх (балючая страшынка) — Цяжар найбольшы для маіх плячэй. Усё аддаў бы і на ўсё рашыўся, Каб толькі знік ён з дарагіх вачэй.
Ды ні крыві не хопіць тут, ні грошай, Ні верасня ў расчыненым акне, Тут Грэцыя ніяк пе дапаможа, Давыд-мой-Гарадок таксама не...
Махну рукой. Ды за адчай-узмахам Адразу ж папрашу твайго цяпла: Цалуй мяне сваім высокім страхам, Частуй мяне з нябеснага стала.
5 верасня 1991

* * *

Я зразумеў, адкуль мае трывогі — Не трэба Дастаеўскага чытаць... Галоўны д'ябал Мікалай Стаўрогін Паспеў і ў Летушкі спакой забраць.
На пятніцу, суботу і нядзелю Мы развіталіся, як і заўжды, Каб зноў у тэлефонны панядзелак Здабыць святло з гарынскае вады.
Я памыліўся так недаравальна, Я не святлу, а цемры стаў відзён, Бо засланіў раманам інфернальным Сябе ад Летушкі на столькі дзён!
Схаваўшыся пад кніжныя галіны, Я варажыў над коранем «стаўро» I дакранаўся да класічнай гліны, Каб вылепіць уласнае святло.
Але дабро я не зрабіў дабрэйшым I не адчуў шыпшынавы разрыў, — Я захапіўся духам нетутэйшым I духам тым каханне апавіў.
Зусім не думаў, што ў душы мужчыны Мацней за ўсё базарная мана: Жаночы смутак — смутак без прычыны, Жаночы смутак — лёгкая цана.
Няўцям было мне пад чытанне-сненне, — Калі марнела Летушка адна, — Што адзіноты кожнае імгненне Не Бог дае жанчыне — сатана.
9 верасня 1991

* * *

Нам да Марыі Магдалены Па Старавіленскай ісці I страх у радасці імгненнай Згубіць і болей не знайсці...