Выбрать главу

Даўно, калі Вая была падлеткам, яна пабегла ў лес па салодкія арэхі. Там на яе напала рысь: шэрай плямістай кошкаю яна кінулася з галіністай зялёнай елкі. Лапаю рысь цэлілася трапіць Ваі ў шыю. У апошні міг Вая падняла руку і гэтым зберагла сабе жыццё. На крык дзяўчыны прыбеглі людзі.

Акрываўленую Ваю завялі ў будан, палажылі на скуру мядзведзя. Старэйшына Рун спачатку прамыў рану вадою з Пры. Затым ён абклаў рану лістамі трыпутніку, што рос ля сцежак. Зверху туга абкруціў карою маладога дуба. Ухутаную руку Ваі ніхто не чапаў. Дзень і ноч у Ваі гарэлі шчокі, заплюшчыўшы вочы, яна шаптала: «Рысь, рысь...» Людзі думалі, што Вая пакіне гэты свет, але старэйшына Рун штодзень мяняў лісце трыпутніку, абкладваў рану новай карою — старэйшына Рун верыў, што трыпутнік і кара дуба перададуць Ваі сваю сілу [1].

Так і сталася. Кроў з раны перастала цячы, Вая перастала баяцца рысі і, калі рана загаілася, яна змагла падняцца з мядзведжай скуры.

Але рука Ваю больш не слухалася, — з таго часу яна не магла збіраць у лесе ягады, як гэта рабілі ўсе жанчыны і дзеці.

Мудры старэйшына Рун на сходзе роду аб’явіў Ваю захавальніцай агню, і цяпер яна не хадзіла ў лес, цяпер у яе быў іншы клопат.

Час ад часу Вая адводзіла позірк ад агню і азірала будан, дзе спалі людзі. У паўзмроку яна не магла ўсіх бачыць, але ведала, хто і дзе спіць. Ля ўвахода групаю ляжалі маладыя хлопцы, якія хутка стануць паляўнічымі, глыбей, дзе было зацішней і ўтульней, спалі сем’і і малыя дзеці, а яшчэ далей, таксама групкаю, спалі сарамлівыя дзяўчаты, якія неўзабаве павінны былі зноў мець свае сем’і. У кожнага чалавека роду ў будане мелася сваё месца, якое ён даглядаў: штодня чысціў, усцілаў зямлю мяккім веццем, высахлай сухой травою, якая соладка пахла, скурамі...

Хоць вочы Рана былі заплюшчаны, але ён бачыў Маю, дачку старэйшыны роду. Яна разам з іншымі жанчынамі вярталася з лесу, — выходзіла на стаянку з гушчару. У адной руцэ Мая несла кошык, сплецены з ліпавага лыка, у ім горкаю высіліся чарніцы. У другім — грыбы. Мая набліжалася чамусьці не да таго будана, дзе было сховішча дароў лесу, а да яго, Рана.

Гледзячы на Рана бліскучымі вачыма, Мая чамусьці ўсміхалася і ўсмешкаю сваёю, як гэта часта бывае, без слоў на штосьці намякала. Яе чырвоныя з пухлінкаю вусны, невялічкі тонкі носік, загарэлы на Сонцы пругкі з ямачкаю ў цэнтры жывот, невялічкія грудкі, якіх — і гэта Ран ведаў — яшчэ не краналася мужчынская рука, яе маленькія лёгкія ногі, тонкія рукі, чорныя валасы, якія Мая, каб не заміналі, падвязала галінкаю вярбы — усё было такім блізкім, жаданым, што яго цела міжвольна поўнілася пякучым салодкім трымценнем. Здавалася яму цяпер, ува сне, што апроч яе нічога не існуе, — ні роду, ні буданоў, ні лесу...

З адчуваннем блізкага шчасця ён і прачынаецца.

Яшчэ з таго часу, калі зямлю ўкрывалі белыя мятлікі, Ран амаль штоночы бачыў Маю. Так атрымлівалася, што днём вочы ягоныя шукалі яе гнуткую лёгкую фігурку. Яму хацелася быць побач з Маяй, але чамусьці ён баяўся падысці да яе блізка. Чаго ён баяўся — гэтага Ран не ведаў, незразумелае пачуццё сораму апякала яго кожны раз, калі набліжаўся да Маі.

Як толькі Ран расплюшчыў вочы, яна тут жа знікла, і ён убачыў знаёмы з маленства будан: белыя біўні мамантаў угары, дзе мелася дзірка, цераз якую выходзіў дым ад агню, белыя без кары ствалы маладых бярозак — усё гэта, пераплеценае лазою, было ўкрыта ласінымі скурамі, якія не прапускалі вады. У цэнтры будана ля агню сядзела скалечаная Вая. Далей ад агню, у глыбіні буда­на, нічога не было бачна, але Ран ведаў, што недзе там сярод дзяўчат сцішана ляжыць Мая, і гэтае веданне, што яна недалёка, напаўняла яго радасцю.

Па-маладому хутка Ран адарваў ад зямлі пругкае цела і рукою дакрануўся да Му і Г алу, якія спалі побач. Тыя, здаецца, толькі і чакалі гэтых дотыкаў.

Хлопцы тут жа падаліся да выхада з будана, туды, дзе ляжалі дзіды. Адну з іх Ран узяў, — тую, якую звычайна бралі з сабою паляўнічыя, калі ішлі паляваць на вялікага звера. Дзіды былі агульныя. Любой з іх мог карыстацца кожны паляўнічы. Толькі малыя дзеці не смелі чапаць дзідаў, бо, гуляючы, яны часта ламалі іх, а то яшчэ гублялі дарагі крэмень. І хоць Ран яшчэ не лічыўся паляўнічым, але з гэтай вясны старэйшына дазволіў яму карыстацца ўсімі дзідамі. Дзіды былі розныя, адны прызначаліся для палявання на вялікіх звяроў, — на ласёў, зуброў, мамантаў, другія — на драбнейшых, на тых жа вёрткіх лісіц, зайцоў, барсукоў — і гэтыя дзіды можна было далёка кідаць моцнай рукою паляўнічага. А былі і зусім лёгкія дзіды, — тыя, якімі лавілі рыбу, выдру ці таго ж асцярожнага бабра.