Выбрать главу

Рыбакі штосілы валаклі цяжкога сома па пяску, — хутчэй, хутчэй і як мага далей ад Пры, блізкасць якой сом, як і ўсякая рыбіна, адчуваў падсвядомым чуццём і да якой жадаў дабрацца.

Рыбакоў калаціла. Трэсліся рукі. Трэсліся ногі.

Час ад часу сом выварочваўся, выгінаўся дугою, абапіраючыся хвастом аб белы пясок.

Адцягнуўшы рыбіну ад берага, — туды, дзе была лагчына, зарослая гнуткай лазой, крапівой і калючым дзядоўнікам, яны яе адпусцілі. Толькі цяпер, як гэта бывае ў рыбакоў, убачылі, які сом вялізны — большы за высокага Г алу. Рукі ў хлопцаў былі акрываўленыя моцнымі вусамі сома, але болю, як і ўсякія пераможцы, яны не адчувалі. Ды і часу не заўважалі.

Сонца адарвалася ад вяршынь сосен, — падняўшыся ў чыстым блакіце, яно стала меншым, але белым і сляпучым настолькі, што на яго нельга было глядзець. Туман рассеяўся, і ва ўсёй велічы паказалася чорная спіна Пры. Але раса на траве не спадала, яна ў гэтыя дні ляжала на ёй доўга, бо наступалі дні, калі на бярозах жаўцелі выпетраныя на ветры лёгенькія лісты і паволі па адным падалі ўніз, дзе ў траве хаваліся жоўтыя лісічкі. І першыя чароды маладых нявопытных птушак з шорханнем праносіліся над травамі ў чыстым блакіце.

Радасць змусіла рыбакоў абняцца і скакаць ля сома. Нават трэснутая дзіда не трывожыла Рана. Крэмень, дарагі крэмень яны не згубілі. «Го-о — о-о, го-о — го-о!» — крычалі хлопцы, і ў іх рытмічных воклічах праразалася тая мелодыя, якую яны з маленства чулі ў лесе, дзе спявалі, заліваліся птушкі і дзе гаманілі між сабою сосны, у чыстых лугах, калі вецер, рытмічна прыгінаючы травы, хвалямі казытаў іх маладыя лёгкія целы [2].

Потым Ран падняў угору руку і сказаў:

— Пойдзем дзякаваць Пры, якая падаравала нам сома.

Пакінуўшы рыбіну змагацца з небыццём, рыбакі пайшлі да Пры. Ля вады яны апусціліся на калені, і Ран сказаў:

— Дзякуй, Пры! Ты нас поіш чыстай гаючай вадою. Ты даеш нам рыбу, ракаў. У тваіх прыбярэжных кустах і чаратах жывуць чаплі, качкі, гусі — тут шмат птушак, на якіх ты дазваляеш нам паляваць. Ты, Пры, выгадавала нам сома. Некалі ён быў маленечкі, не большы за плотку. Але ты яго штодзень карміла, і ён урэшце стаў такі вялікі, што сам змог паляваць на рыбу, ён нават на качак мог паляваць. Ты, мудрая Пры, апякуеш нас, і мы кланяемся табе.

Яны пакланіліся Пры і, сцішаныя, пайшлі ад берага. На паверхні ракі пад мяккім ветрыкам паявілася бліскучая, як у рыбіны, луска.

Пры была рознай: затоена-сцішанай летнімі бязветранымі ранкамі, калі ўкрывала сябе белым туманам; сярдзітай, калі, раскатурханая ветрам, вялікімі пластамі вады біла і біла ў бераг і валіла ў ваду высокія прыбярэжныя дрэвы; наравістай, калі па вясне ні з таго ні з сяго мяняла рэчышча. Ахінуўшы сябе кустамі алешніку, вербалозам, рабінаю, ухутаная высокімі травамі, рака жыла сваім таямнічым жыццём, і ніхто з людзей не ведаў, дзе яна пачынаецца і куды сцякае.

Рыбакі вярнуліся да сома. Трэба было папрасіць у яго прабачэння за тое, што яны яго злавілі. І зноўку Ран апусціўся на калені. Ён сказаў:

— Прабач, сом, што мы цябе злавілі. Ты вялікі і дужы. І мы цябе паважаем. Мы цябе не чапалі б, але нам трэба есці. У нашым родзе ёсць бездапаможная скалечаная Вая, якая корміць агонь, і за гэта мы павінны клапаціцца пра яе. У нашым родзе ёсць малыя дзеці, ёсць Мая, без якой мне цяжка жыць і пра якую я таксама хачу клапаціцца. Сом, я хачу быць сапраўдным паляўнічым і я хачу клапаціцца пра ўвесь род. Мы чэсна з табою змагаліся, сом. У любы міг ты мог пацягнуць нас у свой свет. Але ты, сом, ленаваўся. Ты быў такі магутны, што не паверыў у нашу сілу, спрыт і лоўкасць. Барацьба наша была чэснай. Прабач, сом, што мы цябе злавілі!

Пасля гэтага яны панеслі рыбіну да стаянкі. Аднаму чалавеку сома было не падняць. Дрэўкам дзіды Ран працяў жабры сома, а затым ускінуў дрэўка на плячо. Другі канец дзіды ўскінуў на сваё плячо высокі Галу. Хвост рыбіны даставаў да зямлі, і таму Му, каб не абразіць сома, падчас хадзьбы прыпадымаў над зямлёю слізкі доўгі хвост.

2

Стаянка роду месцілася на чыстым пагорку, які з аднаго боку аточвалі

высокія гонкія сосны, а з другога — пагорак межаваў з лагчынаю, зарослай лазняком і высокімі травамі. Кожны раз, калі з вандровак вярталіся птушкі, гэтак жа, як заліваліся лугі на другім беразе Пры. За лагчынаю быў нізкі бераг ракі, — там, на мелкаводдзі, дзеці вучыліся плаваць, там людзі бралі ваду.

Некалі Пры бегла ля самага пагорка, падмываючы яго, але аднойчы вясною наравістая, яна наважылася ўзяць сабе іншае рэчышча — адступіла ад пагорка, пакінуўшы травяністую старыцу. Мінуў час, і старыца высахла, зарасла кустамі і травою, цяпер кваканне па вясне жаб ды вузкія балацяністыя пааброслыя травамі сцяжыны, што вялі цераз яе да новага рэчышча, нагадвалі тыя дні, калі тут, у лагчыне, некалі імчала Пры.