Выбрать главу

Недалёка ад стаянкі бераг ракі быў высокі і стромкі, на тым жа, супрацьлеглым, таксама раслі сосны, здавалася, што там месца было лепшым. Але там часта дзьмулі халодныя вятры з шырокіх зарэчных заліўных лугоў, якія бясконца прасціраліся за Пры. Там, з высокага берага, штодня трэба было спускацца да ракі і гэтак жа караскацца наверх, несучы з сабою ваду. Не, месца там было горшае.

Тут жа, між сосен, рос зялёны калючы ядловец, які сваім пахам праганяў машкару і камароў, тут вятроў не адчувалася, тут заўсёды было суха, ды і да Пры было недалёка.

На стаянцы горбіліся буданы, накрытыя скурамі звяроў. У адных — людзі начавалі, у другіх хавалі дары лесу. Збоку ад стаянкі, дзе пачыналася лагчы­на, меўся невысокі буданчык — лядоўня. Шмат дзён людзі капалі тут зямлю крэмневымі скрабкамі. Выкапаўшы яму, яны абклалі яе дно і сцены тоўстым пластом моху. Сцюдзёнай парою, калі зямлю ўкрывалі белыя мятлікі, людзі паклалі ў яму тоўсты празрысты лёд, прынесены з Пры. Па вясне той лёд укрылі мохам.

Цёплай парою, калі вярталіся з вандровак птушкі, калі знікалі белыя мятлікі, а мядзведзі, павылазіўшы з бярлогаў, качаліся па траве і пакутліва раўлі на ўвесь лес, людзі пачыналі хаваць мяса ў лядоўню. Скалелае, яно там не псавалася доўгі час.

Між буданоў у цэнтры стаянкі мелася выкапаная ў зямлі ямка, абкладзеная знутры чорным абгарэлым каменнем — там часта смажылася мяса вялікага звера.

На стаянцы было чыста, нідзе не валялася ні смецця, ні костак. Штодзень дзеці, прывучаючыся да парадку, павінны былі прыбіраць яе. За імі звычайна назіралі старыя паляўнічыя.

Але дзеці — ёсць дзеці. Апошні час яны зусім распусціліся, не слухаліся старых паляўнічых, прыбіраць стаянку ім было некалі — беглі на бераг Пры, дзе лямантавалі і крычалі, пялёскаліся ў вадзе, ганяліся ў лесе за птушкамі. Нарэшце старэйшына Рун на сходзе роду рашуча заявіў:

— Вы паглядзіце, як мы забрудзілі стаянку: косткі валяюцца, смецце вакол буданоў. І — усім няма часу яе прыбіраць. Паляўнічыя ў лесе за зверам палююць, жанчыны — грыбы, ягады і травы збіраюць. А чым занятыя ў нас дзеці? Чаму мы іх не можам навучыць парадку і чысціні? Каравыя, выпацканыя ў гразь, носяцца па стаянцы, бы тыя маленькія вяпраткі, якія толькі што з балота вылезлі...

— Бабун, — звярнуўся Рун да старога вопытнага загоншчыка, які нядаўна падвярнуў на паляванні нагу і цяпер шмат часу праводзіў на стаянцы, дапамагаючы жанчынам. — Бярыся вучыць дзяцей.

— Заўтра вы не пазнаеце ні дзяцей, ні стаянкі, — ціха сказаў вопытны Бабун.

Людзі здзіўлена глядзелі на яго — за ноч, усяго за адну ноч, дзеці стануць іншымі?

— Бабун, — тут жа не вытрымала Хлюндра, у якой было адно дзіцятка. Жанчына звярнулася да загоншчыка і замоўкла. Яна была высокая і худая, бы асіна на ўзлеску. Як і многія балбатлівыя жанчыны, Хлюндра спачатку гаварыла, а потым думала. Хлюндру мужчыны роду недалюблівалі. Калі яе муж, маўчун і добры чалавек, знік у вадзе Пры, то многія мужчыны казалі, што знік ён не проста так, а таму, што сваімі доўгімі размовамі Хлюндра давяла яго да Бяды, — падвяла і кінула аднаго каля яе... А калі чалавек адзін на адзін застаецца з Бядою, то яна тут жа і прыдушвае яго. Таму людзі і стараюцца ніколі не пакідаць чалавека адзін на адзін з Бядою...

Не сказаць, каб Хлюндра была зусім бесталковая, не... Бывала, што яна і парады давала людзям разумныя, але ж усюды ёй надта хацелася ўмяшацца, усюды хацелася ўсунуць свой даўгаваты дзюбасты нос, — падказаць маладым дзяўчаткам, як лепей выбіраць патрэбнага хлопца, жанчынам раіла не спускаць з мужоў вачэй, бо тыя, толькі дай ім волю, тут жа адаб’юцца ад рук. Калі дзяўчаты і жанчыны прыбіралі і даглядалі свае валасы: часта мылі ў Пры, падразалі іх вострымі крэмневымі скрабкамі, падвязвалі травою, лазовай карою, а то яшчэ ўтыкалі ў тыя валасы пахкія кветкі, то Хлюндры было не да гэтай прыгажосці. З распушчаным доўгім пакамечаным валоссем, лапочучы, яна днямі лётала як па стаянцы, так і па лесе, і нідзе ёй не было ніякага ўходдзя: адных яна ганіла, а другіх хваліла, і заўсёды завадатаркаю ўсіх сварак між жанчын была яна, Хлюндра. Як гэта часта бывае, такіх гаманкіх людзей, як яна, людзі не надта слухалі, звычайна пра іх казалі: «Ат, Хлюндра — яна і ёсць Хлюндра, што ты з яе возьмеш... Хай бы вунь дзіцёнка глядзела, дык жа не — расце неслухам».

А дзіцёнак яе і сапраўды рос неслухам, — без строгага бацькі ён зусім адбіўся ад рук: крыўдзіў ні за што дзяцей, не слухаўся старых паляўнічых. Калі ж хто са старэйшых сварыўся на неслуха, то на яго тут жа каршуном налятала Хлюндра і лямантавала тое, што часта лямантуюць многія маці: «Ты спачатку свайго выгадуй і выхавай, а тады ўжо за майго бярыся...» Адчуваючы ахову маці, неслух вырастаў звераватым і злым. Старэйшыя людзі, якія спрабавалі прывучыць яго да парадку, учуўшы лямант Хлюндры, махалі рукамі і адступаліся ад хлапчука.