Выбрать главу

І вось цяпер, пачуўшы ад Бабуна, што дзеці заўтра стануць іншымі, Хлюндра ўстрывожылася. Найперш яна падумала пра сваё адзінае дзіцятка. Яна пакутліва думала, што ж сказаць такое загоншчыку, каб адбіць у яго ахвоту чапаць яе пестуна.

— Бабун, — праз нейкі час паўтарыла тоненькім пісклявым галаском Хлюндра, — ты ж толькі не ўздумай біць нашых дзетак... Калі табе Рун даў над імі ўладу, дык гэта не значыць, што табе дазволена іх калечыць, як тых звяроў на паляванні. Табе гэта зрабіць нядоўга — вопыт маеш, кулакі вунь, як тыя дубовыя балдавешкі...

Хлюндра на гэты раз праўдачку казала: кулакі ў Бабуна былі, як тыя балдавешкі...

Бабун моўчкі паглядзеў у вочы гаваркой жанчыны, ад чаго той стала непамысна, і больш да самага заканчэння сходу ні слоўца не сказаў.

Сход скончыўся. Бабун тут жа сабраў крыклівых разбэшчаных дзетак і павёў іх на ўскраек лесу, дзе не было людзей. Але дзе там — следам за ім Хлюндра павяла ўстрывожаных жанчын роду, каб пачуць і паглядзець, што ж будзе вытвараць з іх дзетачкамі Бабун. Хлюндра ішла наперадзе і, як заўсёды, махаючы ва ўсе бакі рукамі, лапатала: «Паглядзім, паглядзім, што гэты Бабун надумаў рабіць з нашымі дзетачкамі... Я не ведаю, што вы пра сваіх думаеце, але калі гэты Бабунішча хоць пальцам кране майго, я яму вось гэтымі во рукамі вочы выдзеру... » І тут жа яна паказвала жанчынам свае каравыя, доўгія, з чорнымі пазногцямі, пальцы. Жанчыны глядзелі на тыя пальцы і не сумняваліся: быць сягоння Бабуну бязвокім...

Але сядзець жанчынам побач з малымі Бабун не дазволіў — прагнаў іх, сказаўшы: «Глядзець за дзецьмі — глядзіце, хай твае вочкі, Хлюндра, хоць павылазяць. А слухаць нашы гаворкі з імі — нечага. Я таямніцы ім буду казаць, якія вам нельга ведаць...»

Што можа быць саладзейшым для дзяцей, чым таямніцы? Яны самі адагналі жанчын ад Бабуна, каб тыя меней ведалі, пра што будзе гаворка. Бо таямніцы на тое і таямніцы, каб іх ніхто са старонніх не ведаў.

Акружыўшы Бабуна, дзеці слухалі кожнае ягонае слоўца.

— Дзеці, — так пачаў гаварыць Бабун, — паглядзіце, як чысцяць і мыюць сябе ў Пры птушкі, — і качкі, і гусі, і лебедзі. Паглядзіце, звяры таксама даглядаюць як сябе, так і адно аднаго, — выскубваюць бруд са скуры, мыюцца ў гаючай Пры. Вы штодня бачыце, як старанна чысцяць і мыюць сябе ў рацэ выдры. І бабры тое ж самае робяць. І няўжо мы, людзі, горшыя? [3] Паслухайце, як жывуць барсукі і лісы, як яны чысцяць свае норы...

Супакоеныя разумнай гаворкай Бабуна, жанчыны, якія сцішана сядзелі воддаль, але ўсё чулі да слоўца, памалу пакінулі яго і дзяцей, — разышліся па стаянцы і заняліся сваімі справамі, балазе іх было шмат. Засталася адна Хлюндра, — сядзела, як каменная, і старалася пачуць кожнае слова Бабуна. Але нічога таямнічага ён не гаварыў. Расказаўшы дзецям пра жыццё ліс і барсукоў, загоншчык пачаў гаварыць пра вужоў і гадзюк, якія па вясне, імкнучыся быць чысценькімі, аж вылузваліся з каравай бруднай скуры, пакідаючы яе ашмоткі на калючках і кустах, шаптаў пра злых мядзведзяў і вяпроў у балотах — і усе яны, як гаварыў Бабун, не брудзілі тыя мясціны, дзе жылі і харчаваліся. І чым болей ён гаварыў, тым цішэй. Урэшце ён перайшоў на шэпт, — нават Хлюндра, як ні прыслухоўвалася, не змагла пачуць ягоных апошніх слоў.

— Калі мы, людзі, — шаптаў Бабун ціхім голасам, — не будзем прыбіраць стаянку, то да нас тут жа прылятуць чорныя брыдкія мухі. Яны прынясуць на лапах смярдзючых белых чарвякоў. Паветра тады стане смуродлівым, і хваробы пасыплюцца на ўвесь род. На гэты смурод прыбягуць з лесу мышы і пачнуць есці арэхі, грыбы, ягады — усё тое смакоцце, якое вы так любіце і якое цяпер нечапаным ляжыць у будане. Галоднымі вы тады будзеце, галодным будзе ўвесь род. Услед за мышамі прыбягуць ненажэрныя з доўгімі чорнымі хвастамі пацукі, якія яшчэ болей, чым мышы, любяць смурод і бруд. Цёмнымі начамі, калі будзеце спаць, яны пачнуць рыць у зямлі норы і, прабраўшыся цераз іх у будан, будуць абгрызаць вашы каравыя нямытыя ў Пры пяты...

Каму хочацца, каб у яго ноччу пацукі абгрызалі пяты, хай сабе і нямытыя?..

Маніць Бабун не мог, бо ён быў вопытны загоншчык, які добра ведаў звычкі звяроў і птушак, дзеці пра гэтыя звычкі толькі што чулі. На ўсякі выпадак ён пачаў паказваць ім, як цёмнай ноччу пацукі, у якіх чорныя доўгія і гладкія хвасты, пачнуць абгрызаць іх каравыя пяты — амаль што заплюшчыў вочы, над якімі кусціліся шырачэзныя чорныя бровы і ашчэрыў шырокі рот, аброслы такімі ж чорнымі вусамі. Выставіўшы напаказ зубы, Бабун спачатку зло сна зашыпеў, а затым, падсунуўшы пад дзіцячыя вочкі свае кручкаватыя сагнутыя пальцы, пачаў імі варушыць і часта-часта зацокаў белымі зубамі: цок-цок-цок.... Ён быў цяпер надта падобны на вялізнага жахлівага пацука. Калі б яму яшчэ хвост прыляпіць...