Выбрать главу
Мосарская сядзіба

Маёнтак Мосар (Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.) перайшоў да віленскага земскага пісара Марціна Валовіча ад Крыштафа Зяновіча. Дачка жонкі Валовіча Ганны Пац (пам. 1649) аддала сядзібу як пасаг свайму мужу Пятру Карлу Далмат-Ісакоўскаму, лоўчаму Вялікага Княства Літоўскага. Іх дачка (нар. 1640) Сафія ў 1657 г. выйшла замуж за Віктара Канстанціна Млечку, старосту і генерала жмудскага. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Канстанцыя, якая выйшла замуж за Ўладзіслава Бжастоўскага (1646–1710), кашталяна троцкага, і атрымала Мосар у пасаг. З той пары на працягу каля 200 гадоў Мосар належаў роду Бжастоўскіх. Толькі ў другой палове XIX ст. пасля шлюбу Н. Бжастоўскай з Эдмундам Пілсудскім два пакаленні Пілсудскіх валодалі Мосарам. Сын Эдварда — Калікст Пілсудскі стаў апошнім уладальнікам маёнтка. Сядзіба зруйнавана ў гады першай сусветнай вайны.

Пры Бжастоўскіх тут існавала сядзіба ці невялікі замак. Вядомай рэзідэнцыяй Мосар стаў у другой палове XVIII ст., пры ўладальніку Раберту Бжастоўскім (нар. 1748), полацкім кашталяну. Фундатары палаца ў 1775–1790 гг. Роберт і Ганна Бжастоўскія запрасілі для будаўніцтва італьянскіх дойлідаў. Двухпавярховы на высокім падмурку палац быў узведзены на плане выцягнутага простакутніка, накрыты чатырохсхільным гонтавым дахам. У адрозненне ад палацаў XVIII ст. будынак меў рэпрэзентацыйную парадную частку не на другім, а на першым паверсе, чаму адпавядала і форма вокнаў, высокіх унізе і значна меншых у завершы. Франтальныя фасады рытмічна крапаваліся канеліраванымі пілястрамі, якія неслі магутны гарызантальны пояс і прафіляваны карніз. У сярэдняй трохвосевай частцы галоўнага фасада выступаў высокі чатырохкалонны порцік, які падтрымліваў балкон, гладкі антаблемент і трохкутны франтон. Ідэнтычна трактаваўся і тыльны паркавы фасад, дзе порцік замяняла высокая тэраса са сходамі ў парк.

У адрозненне ад сціплага знешняга вобліку інтэр'еры дома ўражвалі багаццем дэкаратыўнага аздаблення, выкананага ў тэхніцы стука. У парадных апартаментах ганаровае месца займала каралеўская зала. Яе сцены і плафон пакрываў плотны слой гіпсавай арнаментыкі. Верхняя частка сцен, афарбаваная ў светла-блакітны колер, члянілася квадратнымі панелямі, якія ўключалі авальныя медальёны з выявамі ўсіх каралёў і каралеў Рэчы Паспалітай. Медальёны аб'ядноўваліся стылізаваным генеалагічным дрэвам. Простакутныя супрапорты запаўняліся батальнымі сцэнамі, а ўсю дэкаратыўную кампазіцыю завяршаў антычны фрыз. У кутку каралеўскай залы стаяла арыгінальная печ у выглядзе піраміды, падножжа якой складалі пяць шароў. У верхняй частцы печы ў медальёне, упрыгожаным булавой і перакрыжаванымі рэгаліямі, знаходзіўся барэльеф сімвала «Пагоні», а ў завершы — каралеўская карона. Побач з печчу са сцяной зліваўся барэльеф арла, які трымаў у кіпцюрах аліўкавую галінку. У зале меўся французскі класіцыстычны камін, над якім змяшчаўся бюст караля Станіслава Аўгуста. Прыгожым дэкорам быў надзелены плафон залы. Авальная рама з раслінным арнаментам і барэльефам арла займала цэнтр плафона. Па вуглах плафона з чатырох круглых медальёнаў звісалі люстры.

Бальная зала ацяплялася барочным камінам чорнага мармуру, над якім у простакутнай арнаментальнай раме з авалам намалявана антычная сцэна з дзвюма німфамі. Камін люстэркавай залы, трактаваны ў ампірным стылі, меў фрыз з фігурнымі сценкамі, а над карнізам аж да столі цягнуўся барэльеф з выявай Самсона. Простакутныя панелі залы запаўнялі люстры. Адзін пакой вылучаўся сваім дэкорам у модным у XVIII ст. кітайскім стылі: над мармуровым камінам плошчу, акантаваную простакутнай рамай, запаўняла стукавая кампазіцыя з мужчынам у будзійскай позе з перакрыжаванымі нагамі, абкружаным чатырма мужчынскімі фігурамі. Верагодна, гэта была выява Канфуцыя з вучнямі, аб чым нагадвала сентэнцыя філосафа на цокалі каміна:

«Le sage est