Выбрать главу

Час ці не поўнага знішчэння помнікаў палацава-сядзібнай архітэктуры і садова-паркавага мастацтва яшчэ больш лакалізаваны і абмяжоўваецца амаль што толькі XX стагоддзем. У раздзеле «Па колішніх маёнтках», напісаным мастацтвазнаўцам А. Кулагіным, адлюстравана, як у пажарышчах сусветных і грамадзянскай войнаў, у ліхалецці рэвалюцыйнага і пострэвалюцыйнага часу сцяклі ў нябыт асяродкі нацыянальнай свецкай культуры, грамадзянскай самасвядомасці, шляхоцкага менталітэту. Многія са спаленых, разрабаваных, занядбаных сядзіб былі ў мінулым калыскай беларускай інтэлігенцыі, ачагамі барацьбы за нацыянальную незалежнасць, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі нашага, але і суседніх народаў.

У апошнім раздзеле кнігі «Гарады і час», аўтарам якога з'яўляецца тэарэтык горадабудаўніцтва Ю. Чантурыя, разглядаюцца прычыны і вынікі знішчэння архітэктурных ансамбляў гістарычных цэнтраў старажытных гарадоў і мястэчак Беларусі. Акрамя аб'ектыўных фактараў, абумоўленых працэсам паступовага фарміравання гарадскога асяроддзя, тут яскрава выступаюць і суб'ектыўныя, такія, як валюнтарызм адміністрацыйных улад, гістарычны манкуртызм шэрага архітэктараў-прафесіяналаў і г.д. Асабліва цяжкім для старажытных гарадоў стаў савецкі час. Для іх абярнуліся трагедыяй залішне радыкальныя ідэі сацыяльнага пераўтварэння і ўрбаністычнага прагрэсу. Па генеральных планах «сацыялістычнай рэканструкцыі» гарадоў маляўнічыя вузкія вулачкі спрамляліся і выроўніваліся. Шматпавярховая, зробленая «пад лінейку» забудова нахабна ўрывалася ў гістарычныя архітэктурныя ансамблі, зневажаючы іх кампазіцыйныя дамінанты, відавыя перспектывы і сілуэт. Наўмыснае сціранне гістарычнай памяці відавочна ў знішчэнні старажытнай тапанімікі гарадоў. Прагматызм і вульгарная ідэалагізацыя прывялі нас да татальна абязлічанага гарадскога асяроддзя.

Дзеля вяртання гістарычнай праўды аўтарамі зроблена спроба ўзнавіць, хаця б у зрокавых вобразах, толькі невялікую частку страчанага, найбольш яскравыя вехі мінулага. З гэтай мэтай выкарыстана шмат архіўных і літаратурных крыніц, навуковых прац папярэднікаў, графічных матэрыялаў рознага паходжання: старажытных карт, планаў і гравюр гарадоў, абмерных чарцяжоў архітэктурных збудаванняў, выкананых рознымі ведамствамі і ўстановамі, малюнкаў, фотаздымкаў, паштовак з выявамі знішчаных пазней помнікаў. Для некаторых з іх па пісьмовых інвентарных апісаннях розных часоў зроблены гіпатэтычныя графічныя рэканструкцыі.

Гэтая кніга прысвечана памяці ўсіх тых навукоўцаў, краязнаўцаў, аматараў даўніны роднага краю, хто рупна працаваў на ніве вывучэння гісторыі беларускага дойлідства. Толькі дзякуючы іх шчыраму захапленню нацыянальнай культурнай спадчынай, навуковай аб'ектыўнасці, генетычна засвоенаму мастацкаму густу, аўтары гэтай працы маюць магчымасць адкрыць перад чытачом многія яскравыя старонкі нашай гісторыі, страчаныя, здавалася б, назаўжды.

Тамара Габрусь

Загінуўшыя абаронцы. Замкі

Асаблівасцю сярэдневяковай гісторыі Беларусі з'яўляецца наяўнасць вялікай колькасці прыватнаўласніцкіх замкаў, умацаваных гарадоў і мястэчак. Усе яны былі ўключаны ў адзіную абарончую сістэму краіны. Іх ваеннаабарончая структура, асабліва ў цэнтрах латыфундый буйных магнацкіх родаў (Нясвіж, Слуцак, Мір, Быхаў, Заслаўе, Ляхавічы і інш.), падтрымлівалася ў добрым стане да часу далучэння тэрыторыі Беларусі да Расейскай імперыі. Гэта тлумачыцца не толькі прыхільнасцю да традыцый мінулых стагоддзяў і жыццяздольнасцю механізмаў гарадской абароны. Адной з важнейшых прычын было жаданне пануючага класа феадалаў захаваць умацаваныя цэнтры як абарончыя, выратавальныя сховішчы ад сацыяльных бунтаў і паўстанняў народных мас, як аплот і цвярдыню сваёй улады і сваволі, як базы магнацка-шляхоцкага сепаратызму.

Прыватнаўласніцкія гарады ўжо ў сярэдзіне XVІ ст. пачалі практыкаваць будаўніцтва бастыённых умацаванняў, ужываючы ўсе вядомыя ў Эўропе таго часу сістэмы фартыфікацыі. Зерні эўрапейскай ваеннай думкі траплялі ў Беларусь на падрыхтаваную ўласным ваенным вопытам глебу. Гэта асабліва характэрна для ўласніцкіх паселішчаў, дзе магутнасць умацаванняў залежала не толькі ад знешняга ваенна-стратэгічнага фактару, але і ад фінансавых магчымасцей феадалаў і гараджан. Аднак побач з першакласнымі фартыфікацыямі захавалася многа традыцыйных драўляна-земляных умацаванняў.