Выбрать главу

Відаць, да канца ХІV ст. Шчытоўка была адзіным мураваным умацаваннем замка. Яна стаяла ў кольцы драўляных сцен. Рэшткі гэтых збудаванняў у выглядзе абвугленых бярвенняў дубовага палісаду сустрэты ў розных месцах пры даследаваннях вала яшчэ да вайны польскімі вучонымі і ў 1969–1970 гг. аўтарам. Разглядаючы ўмацаванні Наваградка той пары, неабходна адзначыць яшчэ адзін важны элемент яго фартыфікацыі — земляны вал і роў, якія ляжалі ля паўночнай асновы замкавай гары. Іх узвядзенне адносіцца да пачатку ХІІІ ст., калі яны засланялі дзядзінец Наваградка. Пазней, хутчэй за ўсё ў ХІV ст., вал апаясаў падножжа Малога замка.

У канцы ХІV — пачатку XV ст. у Наваградскім замку распачаліся вялікія будаўнічыя работы, якія супалі з агульнай падрыхтоўкай усёй дзяржавы да рашучага адпору і разгрому рыцараў Тэўтонскага ордэна.

Узвядзенне замкавых муроў у Наваградку праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку былі ўзведзены тры мураваныя вежы і сцены паміж імі. Прычым на ўчастку паміж Шчытоўкай і паўночна-заходнім кутам абарончага вала доўгі час захоўваліся драўляныя ўмацаванні.

Справа, на ўсход ад Шчытоўкі (калі глядзець знутры замка), над высокім стромкім схілам гары паўстала высокая прызмападобная Касцельная вежа. У яе аснаванні закладзен квадрат з бакамі 9 х 9 м. Яна мела толькі тры паверхі з перакрыццямі па драўляных бэльках. На кожным паверсе было па чатыры байніцы, якія формай, памерамі і абрысамі нагадвалі байніцы Шчытоўкі. Вежа мае даволі значны фундамент вышынёй у 3 м, складзены з валуноў грубай чоскі на вапне. Асабліва вялікімі памерамі (да 1,0–1,15 м) вызначаюцца вуглавыя камяні. Прамежкі паміж імі старанна закладзены дробнаколатымі каменьчыкамі і замазаны растворам. На вышыню 4 м Касцельная вежа складзена з каменю. Далей ідзе абліцоўка велікамернай цэглай. Яе сцены, як і сцены Шчытоўкі, паступова патанчаюцца ўверх, але значна ім уступаюць у таўшчыні, дасягаючы толькі 2,15 м. Прасла сцяны паміж гэтымі дзвюма вежамі мае даўжыню 30 м і таўшчыню 2 м. Фундамент сцяны залягае на адным узроўні з падмуркам Касцельнай вежы і перавязан з ім. Са Шчытоўкай сцяна не звязана, а толькі прыкладзена да яе. Муроўка сцяны паласатая.

З усходу ад Касцельнай вежы, па строме гары, ішло другое прасла мураванай сцяны даўжынёю каля 80 м і таўшчынёю 2,5 м, якое вяло да наступнай вежы, так званай Малой брамы. З прычыны вялікай стромкасці схілу сцяна з усходняга боку была падпёрта контрфорсамі — «быкамі», узведзенымі ўжо пасля пабудовы муру. Каб прадухіліць апаўзанне грунту ад падмуркаў сцен, ужылі спецыяльную канструкцыю: ушчыльную да падмурка паклалі пласт гліны таўшчынёй 20 см і шырынёй 1,5 м. У гліну «ўтапілі» драўляныя брусы памерамі 25 х 20 см. Пасля таго як гліна высахла, утварылася канструкцыя, якая надзейна ўмацавала вяршыню схілу.

Малая брама была адкрыта польскімі даследнікамі ў час археалагічных работ 1924–1925 гг. Аб яе архітэктурных дэталях з прычыны вялікага разбурэння можна сказаць няшмат. У плане яна мае форму прамавугольніка з бакамі 8 х 10 м пры таўшчыні сцен 2 м, падмурак вышынёю каля 2 м пабудаваны з палявога каменю на вапне. Уваход у браму замыкалі дзверы на дубовых брусах-засаўках, якія «ўтапляліся» ў тоўшчы сцен. Уваходныя праёмы мелі шырыню 1,60 м і вышыню каля 3 м. З вуліцы ў вежу заходзілі па цагляных прыступках.

Налева ад уваходу ў вежу, калі глядзець з боку замкавага двара, у сцяне ёсць адтуліна ад кансольнай бэлькі. На яе абапіраўся балкончык, на які з зямлі вялі драўляныя ўсходкі. Па іх узыходзілі на балкон, а з яго праз невялікі праём шырынёй 94 см траплялі ўнутр вежы на другі паверх.

Мяркуючы па памерах, Малая брама, таксама як і Касцельная вежа, магла мець паверхі з перакрыццямі па бэльках, за выключэннем першага. Ён меў мураванае скляпенне.

Паварочваючы ад Малой брамы на захад, ідзе 70-метровае прасла сцяны таўшчынёй 2,6 м, канструкцыйна звязанае яшчэ з адной вежай — Пасадскай. У аснаванні яна мае форму квадрата памерамі 7,7 х 7,7 м і таўшчыню 2,6 м. Унутры вежы вёў праход шырынёй 1,5 м. Пасадская вежа таксама была знішчана ўшчэнт і таму пра яе знешні выгляд мы нічога сказаць не можам. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што злева ад вежы ў тоўшчы сцяны меўся спецыяльны праём — гарматная байніца шырынёй 1,0 м і вышынёй 1,3 м. Вежа і байніца былі адкапаны ў 1925 г.

Правае прасла сцяны вяло ад Пасадскай вежы да паўночнага краю гары і змыкалася ў паўночна-заходнім куце замкавага вала з драўлянымі ўмацаваннямі, якія ішлі да Шчытоўкі. Гэты адзіны ўчастак драўляных умацаванняў існаваў тут, як сведчаць археалагічныя матэрыялы, аж да канца XV ст. Чым жа растлумачыць такую з'яву. Прычыну трэба шукаць перш за ўсё ў стратэгічна выгадным размяшчэнні дадзенага ўчастка абароны замка. Справа, з усходу, гэты пяцідзесяціметровы адрэзак землянога вала, які, дарэчы, месцам дасягае і цяпер 5 м вышыні, надзейна бараніўся Шчытоўкай. Вежа свабодна фланкіравала яго любога роду зброі. З поўначы ён бараніўся ніжнім, падэшвенным, валам, перадзамкавым ровам і схілам гары. Апошні, дарэчы, мае тут найбольшую вышыню — звыш 27 м, вялікую стромкасць і працягласць у 50 м. Калі ж да гэтага дадаць моц высокіх драўляных сцен-горадняў, то прычым на такой прыхільнасці да традыцыйных драўляных умацаванняў стане зразумелай. Нарэшце, трэба ўлічыць яшчэ і эканамічны фактар. Мураванае будаўніцтва было ўсё ж вельмі дарагім. З гэтай прычыны там, дзе не патрабавалі абставіны, драўляныя абарончыя збудаванні добра суіснавалі з каменнымі. Вядома, што крэпасць Пскоўскай зямлі Велье ў ХІV-XVІ стст., якая згадваецца ў Пскоўскіх летапісах, таксама мела ўмацаванні і драўляныя і мураваныя.