Выбрать главу

На жаль, да нашага часу абарончыя сцены Наваградскага замка на поўную вышыню не захаваліся. Праўда, на фотаздымку 1900 г. адзін фрагмент сцяны левага прасла Шчытоўкі бачны прыблізна да вышыні другога паверха, г. зн. каля 8 м. На нашу думку, вышэйшай сцяна і не была. Знешняя паверхня ніжняй зоны сцен замка, мяркуючы па ўцалелых фрагментах і рэштках веж, была зроблена са змяшанай бутацаглянай муроўкі. У верхніх зонах сцен, як у Лідскім і Крэўскім замках, абліцоўка была цаглянай. Цаглянымі, несумненна, былі і завяршэнне сцен і праёмы байніц, прыстасаваных для абстрэлу з тагачаснай зброі.

Узвядзеннем сцен і веж закончыўся першы будаўнічы этап на Наваградскім замку, які, на нашу думку, датуецца канцом ХІV ст.

Другі этап узвядзення ўмацаванняў Наваградскага замка прыпадае на пачатак XV ст. Ён звязаны з пабудовай ля асновы замкавай гары Калодзежнай вежы і яшчэ аднаго прасла сцяны.

Праблема водазабеспячэння — адна з важнейшых задач, якая заўсёды стаяла перад будаўнікамі сярэдневяковых гарадоў і замкаў. У Наваградскім замку, размешчаным на высокай гары, калодзежа не было, але вада мелася ля падножжа, дзе на ўсходнім схіле білі моцныя крыніцы. Над адной з іх і была пастаўлена патаемная Калодзежная вежа, якая праслам сцяны злучалася з замкам.

Калодзежная вежа ў плане мае форму квадрата 8 х 8 м. Тэхніка муроўкі сцен лусковая. Ад самага цокаля фундамента вежа абліцавана велікамернай брусковай цэглай. Таўшчыня цагляных «шчок» 35 см. Забутоўка сцен зроблена з сярэдніх памераў камянёў і вапнавага раствору. Муроўка «балтыйская» з чаргаваннем двух лажкоў і аднаго тычка. Падмурак Калодзежнай вежы вышынёй каля 2,5 м складзены з камянёў грубай чоскі на вапне. Шчыліны паміж камянямі старанна замазаны растворам.

Калодзежная вежа злучаецца з замкам праслам сцяны таўшчынёй 2 м, даўжынёй 21 м. Унутры яе меўся скрыты праход да вады. Шырыня праходу 1,06 м, прыступкі каменныя шырынёй 30 см са спускам на 15 см. Вышыню гэтага, несумненна, скляпеністага праходу вызначыць нельга з прычыны поўнага разбурэння сцяны. Аднак само прасла мае амаль паўтараметровы каменны падмурак, па тэхніцы муроўкі падобны да падмурка вежы. Прасла сцяны прыкладзена да верхніх замкавых муроў, прычым назіраецца вялікі перапад узроўняў залягання фундаментаў. Гэта яскрава сведчыць аб розначасовасці іх узвядзення.

Чарговы этап умацавання Наваградскага замка прыпадае, як паказваюць даследаванні, на канец XV — пачатак XVІ ст. Ён быў выкліканы хутчэй за ўсё частымі нападамі перакопскіх татар на беларускія землі. У 1505 г. Наваградскі замак вытрымаў аблогу татарскіх войскаў, якія ўзначальваў султан Біці-Гірэй. Абаронай замка тады кіравалі ваявода В. Гаштольд і гараднічы Маскевіч. Моцнай стральбой з замка жыхары нанеслі вялікія страты татарам. Напад паўтарыўся ў 1506 г., калі татары дасягнулі раёна Ліды.

Тады, у пачатку XVІ ст., у паўночна-заходнім куце Наваградскага замка была ўзведзена магутная мураваная вежа Дазорца памерамі 14 х 14 м. Археалагічнае вывучэнне яе рэштак паказала, што канструкцынна яна не звязана з правым праслам Пасадскай вежы і з'яўляецца самастойным будынкам больш позняга часу. У адрозненне ад іншых веж замка чатырохметровы падмурак Дазорцы мае ганкападобную форму. У якасці падушкі выкарыстаны палявы камень сярэдняга памеру, пакладзены насуха. Сам падмурак узведзены на вапнавым растворы з каменю і цэглы ў традыцыйнай тэхніцы паласатай муроўкі.

Аблічча вежы можна рэканструяваць па гравюры мастака А. Аляшчынскага, зробленай з натуры ў першай трэці ХІХ ст. На ёй мы бачым вежу з квадратным аснаваннем, якая вышэй падмурка пераходзіць у васьмярык. У ніжняй частцы меліся байніцы для гармат. Вежа Дазорца вельмі нагадвае нарожныя вежы Мірскага замка, узведзенага ў пачатку XVІ ст. Мяркуючы па значных памерах фундамента, новая вежа Наваградскага замка была даволі высокай. Параўноўваючы яе з вежамі Мірскага замка, можна дапусціць, што яна мела вышыню, блізкую да 30 м.