Выбрать главу

Аўдзей душыць мужыка, той спрабуе вырвацца, але Аўдзей мацнейшы. Сям’я моўчкі есць за сталом.

Мужык. Пусці, пусці, а-а-а, пусці…

Жабрак на печы працягвае ўперад рукі.

Жабрак. Аўдзей, Бог з табой, супакойся. За паўмеха жыта чалавека задушыш, чалавечую душу за паўмеха зярнятак, ці ж вартыя етыя зярняткі таго…

Жабрак гаворыць усё гэта, стоячы на печы, праз стол. Сям’я есць, не звяртаючы ўвагі ні на што. Аўдзей крыху адпускае мужыка, паварочваецца ў бок жабрака і адказвае яму праз галовы тых, хто сядзіць за сталом.

Аўдзей. Зярняткі? Для мяне етыя зярняткі — хлеб! Табе хлеб — працягнуў руку — вот табе і хлеб, а мне ён нялёгка даецца, тройчы потам зямлю палью, пасаджу, сабяру, абмалачу, а потым яшчэ млынару заплачу, тады толькі руку працягваю за сваім кавалкам на стале. Мне етыя зярняткі не проста так, мне хлеб цяжкай працай даецца!

Жабрак. Не хлебам адзіным жывы чалавек, апомніся, Аўдзей. Без дабра не пражывеш, як і без хлеба, не злуй, што нам у жыцці трэба, колькі нам трэба!

Мужык (Аўдзею). Я што браў, то і аддаў, хто-небудзь іншы цяпер, калі ўсіх вас, кулакоў, ксплутатараў душыць пачалі, і етага не аддаў бы, а я, каб граха на душу не браць, прынёс, бо сумленне…

Аўдзей. Сумленне? У цябе сумленне? Каб твой бацька пачуў! Ах ты, гад, заб’ю, сволач!

Аўдзей штурхае мужыка, той падае, у Аўдзея ў руках з’яўляецца пуга, ён б’е мужыка, збоку выскоквае сабака, Аўдзей крычыць: «Ату, ату!», гоніцца за мужыком, мужык уцякае. Сям’я моўчкі есць за сталом, як бы нічога не заўважаючы. Жабрак стаіць на печы, падняўшы ўверх абедзве рукі.

Жабрак. Госпадзі! Колькі злобы ў людзей, колькі злобы, нянавісці, хужэй звяроў! Госпадзі, а што чалавеку трэба? Акрайчык хлеба, цяпло, ды каб не гналі. Госпадзі!

Бацька Аўдзея (стаіць перад іконай). «Госпадзі, не пакінь мяне, атхадзяшчаго в мір ночы сей, не дай дземану насільствам абладаці мною, наставі мяне на пуці спасенія быць дастойну саздацеля… Прыйдзі незрыма і вселіся в нас і ачысці душу маю акаянную і астанаві ад прэступленія, но охрані ад варварства і разбоя…»

Карціна чацвёртая

Тая ж сялянская хата. Стол, печ, бачны іконы. Шырма, за каторай спяць. Вера Зуйкова нешта шые разам з сяброўкай Таняй. Збоку — яе малодшая пяцігадовая сястра перабірае фасолю.

Танька. Выйшла ўчора ад цябе, іду, а яны з гармонікам, паселі на бярвеннях каля Фядосіка. Дык Кацька ўжо каля Пецькі, і гэтак увіваецца, гэтак увіваецца, а ён — хоць бы што. Дык так адна да хаты і пайшла. Бястыжая…

Верка. А Пецьку можа абкруціць. Ён ціхі, во паглядзіш. Папомні мае словы.

Танька. А во паглядзім — не!

Верка. Як летась — Валька Сіўцова — круцілася каля Федзькі, ды замуж і выскачыла.

Танька. Параўнала — Валька Сіўцова. Там ёсць на што паглядзець, а то — пігаліца. Прыдумала, што яна прыгажуня, а ў самой нос доўгі, як лядзяш. I бястыжая…

Верка. Ведаеш, я раней таксама гэтак думала — бястыжая, бястыжая… А цяпер неяк падумала — а калі б што паміж намі з Андрэем…

Верка азіраецца на сястру, тая ўважліва прыслухоўваецца, але, заўважыўшы Верчын погляд, паспела адвярнуцца і зрабіць абыякавы выгляд.

(Цішэй.) Калі б што — нічога не пабаялася б зрабіць. Што б хто ні казаў. Цяпер я зразумела, чаго гэта яны ўсе бястыжыя…

Танька. Паслухай, Вер, вы як удвух застаецеся, што Андрэй робіць?

Верка. Што?! (Паціскае плячыма.)

Танька. Не. Твой Андрэй, мабыць, не гэтакі. А за мною ўчора зноў Колька ўвязаўся… I зноў за сваё…

Верка. Ціха ты.

Верка і Танька азіраюцца, сястра не паспявае адвесці ўбок зацікаўленага позірку.