Выбрать главу

Нарэшце, гэтая праклятая ноч канчаецца. Ужо сьвітае. Ужо на дарозе чутны галасы першых прахожых. Ужо да адыходу аўтабуса застаецца толькі тры з паловай гадзіны. Трэба яшчэ крыху пачакаць, бо ня сьлед паказвацца на шашы надта рана, каб ня ўзяць на сябе ўвагі... Ну вось, нарэшце, мы вылазім са свайго сховішча. О, благаславёнае будзь жыта! Зь цябе працавітая рука хлебароба вытварае хлеб, а мы цябе топчам, дратуем у часе сваіх імправізаваных начлегаў. Даруй нам. Хлеба для людзей хопіць, а наша жыцьцё нам раз толькі даецца... Абчышчаем сябе, як можам, ад пяску, ад каласоў, выпростваем пакурчаныя нагавіцы, выходзім на дарогу... Ідзём спакойна, роўным крокам... Вось ідуць сабе два падарожныя... Хто падумае, што яны перажылі й перажываюць...

У АЎТАБУСЕ

Аўтабус нясецца ў Коўню. Публікі поўна. Ёсьць пара маладых жыдкоў. Гавораць–па расейску. Захопленыя, узьнятыя, поўныя энтузіязму. Рэшта публікі сядзіць спакойна, ціха. Маўляў, баіцца. Маўляў, ня хоча нейкім нялоўкім словам увесьці дысананс у настрой маладых сыноў Ізраіля. Маўчым і мы, стараючыся нават не глядзець адзін на аднаго, каб у гэтым паглядзе нехта нешта не прачытаў. Вочы нашы глядзяць толькі на пэйзажы, якія мільгаюць перад вокнамі аўтабусу... Каб хутчэй да Коўні!... Адно толькі я шапнуў свайму кумпану:

— А што? Бачыце? Даўно гэтак трэ было зрабіць... А вы не хацелі мяне слухацца...

Кумпан кіўнуў галавой.

КАЛІ ТОПІШСЯ, ДЫК ЗА БРЫТВУ ХОПІШСЯ

У Коўні мы разьвіталіся. У піўнушцы на Лайсвос Алеі выпілі піва, прыпомнілі сабе свае перажываньні апошніх дзён, пасьмяяліся крыху, бо часта жудаснасьць, калі яна ўжо ў мінуўшчыне, не выклікае страхаў, а пакідае пасьля сябе вясёлы ўспамін.

Іншая рэч — тое, што нас чакае ў будучыні. Перад намі — шмат неспадзяванак, страхаў; хто ведае, можа сьмерць ідзе нам на спатканьне і хто ведае, колькі часу гэтак прыйдзецца жыць?

Паціснулі адзін аднаму рукі, паабяцалі адзін аднаму, што калі спаткае нас злы лёс, аб нашым знаёмстве і аб нашай падарожжы ня скажам ні слова — і разыйшліся...

Праз гэтыя апошнія дні, якія я патраціў на сваю падарожжу, Коўня яшчэ больш перамяніла свой вонкавы выгляд. На вуліцах поўна бальшавіцкага войска і — жыдзюкоў. Божа! Колькі іх тут! Ці затрымаешся, каб спытацца, як прайсьці на нейкую вуліцу, ці пачнеш таргавацца з хурманшчыкам, — усюды навокал цябе цікаўныя, што нахальна глядзяць у вочы, маладыя сыны Ізраіля, што напіраюць на цябе. Адчуваеш сябе як ува сьне, калі хочаш уцякаць ад нейкага страхацьця, а яно цябе не пускае, а ногі непаслухмяныя, ня маюць сілы адпіхнуць жудасьці; крычаць хочаш, а з горла вырываецца толькі цяжкі стогн. Але ад сну прачынаешся, а тут сон не спыняецца: усюды, на кажнай вуліцы, у кажным завулку ты бачыш сьпічастыя бальшавіцкія шапкі і жыдзюкоў, жыдзюкоў, жыдзюкоў... Куды падзецца? Тут у вадным манастыры ў мяне быў чалавек знаёмы, колішні салавецкі таварыш. Першая думка: паеду туды! Хоць гэта было недалёка, я ўзяў вазьніцу, каб ня блытацца сярод гэтага натоўпу...

У манастыры я прасіў, каб далі мне працу вартаўніка, памочніка агародніка, ці хоць што колечы... Гэта была неразумная просьба, манастыр — гэта была брытва, за якую хапаецца чалавек, які тонець. Мне адказалі так, як гэтага можна было спадзявацца:

— Даражэнькі! Куды вы лезеце! Дык жа ў нас вас хутчэй спаймаюць, як нейдзе ў іншым мейсцы.

Запраўды — шалёная думка хавацца ад бальшавікоў у манастыры!

Я меў у Коўні сваяка. У сваім безвыходным палажэньні я ня мог спакойна разважаць. Мне патрэбна была рада чалавека, які глядзіць на падзеі больш цьвяроза. Бо я кідаўся, як рыба аб лёд, ня ведаючы, што рабіць, куды ехаць, дзе хавацца. Майго сваяка не было ў Коўні — ён выехаў. Пераначаваўшы ў гатэлі, я на другі дзень першым цягніком паехаў у Вільню.

У ВІЛЬНІ

Жонка вохнула: што сталася? чаму вярнуўся? Я расказаў аб сваіх злыбедах. І пачалося трывожнае віленскае жыцьцё.

Першым чынам трэба было выявіцца з кватэры. Пасьля — не начаваць у хаце. Самая небясьпечная пара — гэта ноч. Бальшавікі, як усялякая нечысьць, як клапы, вошы, пацукі, мышы — праяўляюць найбольшую актыўнасьць уначы. Я начаваў у сваім складзіку. Там ляжала крыху саломы. Было яшчэ цёпла, было лета. Раніцай я прабіраўся ў сваю хату, сьнедаў і, узяўшы вудачку і кошык з правізіяй, ішоў далёка за горад на бераг ракі. Я не рыбалоў і не люблю гэтага занятку. Гэта была маска, каб надаць сабе выгляд бесклапотнасьці, каб выглядаць на чалавека, які нікога не баіцца і ў гэтыя жудасныя часы спакойна ловіць рыбку...