Выбрать главу

Стрыечніца быццам прычына тут. Але хто вінаваты ў тым, што маладых дзяўчат з лёгкасцю аддаюць у чужыя нячыстыя рукі? Ён раптам успомніў, як па дарозе ў Афганістан праязджалі аддаленыя кішлакі на тэрыторыі былога Саюза і там ён бачыў некалькі маладых настаўніц, сваіх зямлячак, скіраваных туды па размеркаванні, і бачыў тое, што з імі сталася. Хто вінаваты, што маладых дурнаватых дзяўчат, такіх самых, як яго стрыечніца Аня, выхоўваюць у дурноце? І яны не ствараюць сем’і, а служаць распусце на карысць хітрым чужынцам ці нараджаюць мяшанцаў?

І гэтая дурнота распаўсюджваецца, і яе становіцца ўсё болей з кожнай гадзінай, з кожным днём.

Так, усё гэта ёсць, але не можа служыць апраўданнем нікому. І тое, што ён вяртаецца назад, каб разлічыцца з той хітрай дурнотай, магчыма, не ўратуе нікога, але чалавек да таго часу застаецца чалавекам, пакуль у стане здзейсніць няхай сабе і маленькі, але такі неабходны крок. Таму ён зараз і спакойны. Абсалютна спакойны.

Прытча пра жука-чарнацёлку

Малады следчы па прозвішчы Локас адамкнуў дзверы ў свой кабінет і адразу адчыніў фортку: у другім крыле будынка знаходзіўся ізалятар, ад чаго ў памяшканні не выводзіўся характэрны пах. Следчы Локас быў даволі высокі, светлавалосы, са звычайнымі абрысамі твару, уласцівымі для жыхароў паўночных раёнаў: шэрымі вачыма, прамым носам і пухлымі губамі падлетка.

Ён выцягнуў з сейфа і пагартаў папку з чарговай справай, з якой апошнім часам разбіраўся, і ўрэшце папрасіў прывесці да сябе падследнага.

Увялі. Следчы Локас бачыў яго ўжо ў трэці раз і адзначыў, што знешні выгляд таго змяніўся не ў лепшы бок: пад вачыма зняволенага з’явіліся цёмныя кругі, а выцягнуты, гарбаносы твар схуднеў і завастрыўся. Падследны тым не менш не хаваў вочы і быў знешне даволі спакойны.

Следчы Локас паказаў зняволенаму куды сесці — урэшце той і сам ведаў гэта.

— Вы — грамадзянін Крэз? Так?

— Так.

— Як я вам ужо гаварыў раней, вы абвінавачваецеся ў забойстве сваёй былой нарачонай і яе сужыцеля, грамадзяніна іншай рэспублікі — таму і затрыманы. Вы прызнаяцеся ў злачынстве? Раскажыце, як усё было, і мы не будзем гуляць у хованкі, прызначым следчы эксперымент, аформім усё як ёсць і перададзім вашу справу ў суд. Ваша шчырае, чыстасардэчнае прызнанне аблегчыць вам ступень пакарання.

Падследны Крэз уважліва выслухаў следчага. Некалькі доўгіх секунд ён абдумваў адказ, а потым сказаў:

— Я па-свойму давяду вам нібыта ўсё як было, але заўважце — нібыта. Можа, было, а можа, і не. А накшталт таго, што я забойца, то вам яшчэ трэба гэта даказаць.

— Дакажам, — сказаў следчы Локас.

— Старайцеся! — падследны Крэз красамоўна паціснуў плячыма.

— Ну і як, па-вашаму, нібыта было? — праз паўзу спытаў следчы Локас.

Падследны ўсміхнуўся, нават з сарказмам.

— Вы, пэўна, ведаеце пра тое, што такое прамежкавы гаспадар? — нечакана спытаў ён.

Следчы Локас неўразумела ўзняў бровы.

— Тут пытанні задаю я, — удакладніў ён, але з ноткай здзіўлення.

— Згода, згода.

— Урэшце, працягвайце. Што вы падразумяваеце пад тэрмінам прамежкавы гаспадар?

— Ёсць такая навука — біялогія. Дык вось адзін са шматлікіх яе раздзелаў сведчыць: паразіты не толькі прыстасаваліся выкарыстоўваць цела гаспадара як крыніцу харчавання і дабрабыту, але і авалодалі тэхнікай змены стэрэатыпа яго (цела) паводзін у сваіх карысных інтарэсах.

— Ну і што? — спытаў следчы Локас.

— Дык вось цяпер паслухайце кароткую прытчу на канкрэтным, так бы мовіць, прыкладзе.

— А бліжэй да справы нельга? — пацікавіўся следчы.

— Куды ўжо бліжэй! Але слухайце ўважліва. Жыў-быў адзін, ну, скажам, жук-чарнацёлка. Дарэчы, у нас (я маю на ўвазе нашу краіну) іх каля дваццаці відаў. Пэўна, і вы іх часта сустракалі, ды толькі не звярталі асаблівай увагі: пад якой-небудзь калодай, у склепе ці на агародзе. Такі чорны, бліскучы жук-рабацяга. Дык вось наш жук-чарнацёлка нарадзіўся і вырас у звычайным для сябе асяроддзі. Ён рана пазбавіўся сваіх бацькоў і адразу стаў самастойным. Жыццё між тым не вельмі прывабная рэч, хоць той-сёй шчаслівец і сцвярджае, што самае галоўнае шчасце ў тым — каб… быць. А калі наадварот?

— Што наадварот? — умяшаўся следчы Локас, — няшчасце ў тым, каб быць, ці шчасце ў тым, каб не быць?

— Ваша пытанне не пазбаўлена сэнсу. Хоць, мяркую, тут — што пнём аб саву, што савой аб пень — адзін капыл. Але ж прасочым за нашым героем, жуком-чарнацёлкай. Ён быў рабацяга, кемлівы, старанны, у тэрмін клапаціўся, каб пераседзець небяспеку, не надта высоўваўся днём, каб не здзяўбла якая птушка, вось толькі не любіў вялікай вады. Аднойчы, па жыцці, сутыкнуўся з лічынкай, якую ён, шчыры ідэаліст, наблізіў да сябе, не ведаючы, што гэта лічынка чарвяка-валасаціка. Жук-чарнацёлка працягваў свае звычайныя заняткі, а ў гэты ж час у ім, у яго целе абудзілася іншае, драпежнае жыццё. Лічынка пачала паволі расці і развівацца, карыстаючыся жыццёвай энергіяй і сокамі свайго гаспадара. Часам жук-чарнацёлка цьмяна адчуваў пэўны дыскамфорт, неасэнсаваную трывогу, слабасць, якія паступова павялічваліся, але працягваў ва ўсё большай колькасці здабываць ежу і больш адпачываць, каб аднаўляць сілы. Жук-чарнацёлка баяўся вады: гэта было закладзена ў ім генамі шматлікіх папярэднікаў. Вільгаць у якой зацені, раса на траве цалкам задавальнялі яго патрэбы. Але з часам нашага героя пачынала ўсё больш апаноўваць неасэнсаванае, цьмянае жаданне: знайсці вадаём. І вось жук-чарнацёлка, якога падганяе нейкі глыбока прыхаваны інстынкт, аднойчы адпраўляецца ў свой шлях. Шмат перашкод пераадольвае ён: небяспеку збоку птушак, у якіх самы моцны зрок, ямы і камяні, мінуе ногі людзей, колы машын і конскія капыты, якія ў любую хвіліну могуць пазбавіць яго жыцця, і ўрэшце дасягае вялікай вады. Жук замірае перад ёй у жахлівай трывозе. Нешта супраціўляецца таму, што павінна адбыцца, але ў той жа час нешта іншае ўнутры штурхае яго наперад. Адчуваючы гэты нецярплівы покліч, жук-чарнацёлка па сцябліне спускаецца на дно вадаёма: яму немагчыма без паветра, вада сціскае з усіх бакоў і з вышыні, але ён апантана паўзе ўніз, пакуль не дасягае дна. Смяротная туга раптам авалодвае ім. І вось тут з яго цела і выходзіць валасацік: да дваццаці пяці сантыметраў даўжынёй, тонкі, жвавы. Ён у сваёй стыхіі і з лёгкасцю пакідае свайго прамежкавага часовага гаспадара. А жук-чарнацёлка, наіўны працаголік, які ўсё сваё жыццё пражыў дзеля карысці ворага, адразу гіне.