Выбрать главу

— Павучальная прытча, — сказаў следчы Локас. — Вы калісьці вучыліся на бібліятэчным факультэце. Прыгожа расказалі. Ну і што з таго?

Падследны Крэз змрочна зірнуў на яго.

— Часам адбываецца так, што неблагі, шчыры і няхітры чалавек ахвяруе сваім жыццём дзеля цынічнага падлюгі, нават не падазраючы пра гэта. Такімі ахвярамі, да слова, могуць быць не толькі жукі, жывёлы, але і людзі, і нават цэлыя народы. Урэшце, гэта мая думка, так бы мовіць, сваёй гадоўлі.

Абодва змоўклі. Следчы Локас злёгку пастукваў пальцамі па стале, абдумваючы пачутае.

— Я з цікавасцю вас праслухаў, і ў мяне дастаткова мазгоў, каб уехаць ва ўсю гэтую вашу алегорыю, — праз паўзу адзначыў ён. — А цяпер, вярнуўшыся ад жука да нашых баранаў, праслухайце маю версію таго, як усё адбылося, — і я маю дастаткова доказаў, што яна адзіная і сапраўдная.

Падследны Крэз узняў галаву і наструніўся.

— Дык вось, — працягваў следчы, — некалькі год таму вы пазнаёміліся з вашай нарачонай. Закахаліся ў яе. Але ў вас не было матэрыяльнай падставы, грошай, каб пачаць сумеснае жыццё. А між тым мякка і непрыкметна ваша нявеста пачала схіляць вас, каб вы дастаткова забяспечылі сябе і яе: набылі тое, што маюць іншыя паспяховыя людзі: кватэру ў цэнтры горада, аўтамабіль, лецішча каля вады. Толькі вось як? І вы, які вельмі не любіць вялікай вады (так ці не?) — іду ў заклад, што так, завербаваліся ў плаванне. Плаваючы далёка за мяжой, зараблялі неблагія на той час грошы. Прыкладна ў той жа час памерла ваша маці, і вы, узяўшы кароткатэрміновы адпачынак, прадалі яе кватэру і даволі выгадна частку грошай патрацілі на новую кватэру ў цэнтры, аформілі яе на вашу нявесту, вы ж бязмерна давяралі ёй, астатнія пакінулі ёй жа і зноў пайшлі ў плаванне. Усе свае заробкі дасылалі нарачонай. Але вось вы неўзабаве вярнуліся. Толькі на гэты раз на месяц раней. Пэўна, адчувалі нешта неасэнсаванае, нейкую трывогу, пагрозу. Хіба не так? Вы ж нават не паведамілі сваёй нявесце пра тое, што накіроўваецеся дамоў? Хацелі зрабіць ёй прыемны сюрпрыз?

І вось вы дома. Раніца. Уваходзіце ў пад’езд, падымаецеся па лесвіцы. Ключ пры вас. Адчыняеце дзверы і ціхенька ўваходзіце. Тое, што бачыце, прымушае насцярожыцца. Паўсюдна мужчынская вопратка ўперамешку з жаночай. Чамаданы, сумкі. На стале — білеты на самалёт. Тут жа і дакументы. Яго зваць Ашот. Кватэра ўжо праданая, заўтра яны высяляюцца і вылятаюць на яго радзіму. Вы па-ранейшаму бязгучна ідзяце да спальні, прыадчыняеце дзверы і бачыце ў ложку абаіх. Яны спяць. Той, каго завуць Ашот, — невялікі, жукаваты, увесь парослы чорнай шчэццю, вам нават становіцца чамусьці крыўдна і агідна. Вы адступаеце на кухню і вяртаецеся з нажом. Далей ужо банальна: ідзе разборка і яе наступствы. У арміі вы навучыліся выдатна валодаць халоднай зброяй, нож і ў плаванні быў для вас асноўным інструментам. Так? Гаварыце!