Выбрать главу

Русіновіч зноў падхапіўся — Юскавец якраз гаварыў тое, што ён сам хацеў сказаць.

— Іван Іванавіч, дык я таксама такой думкі — чым цямней ноч, тым ярчэй зоркі.

Юскавец падняў руку, патрабуючы цішыні.

— Сядайце, Русіновіч... Я не разумею, чаго вы хочаце? Калі меркаваць па апошняй фразе, то вы гатовы сцвярджаць, што каб не было такіх Лабановічаў, дык было б яшчэ лепш. Народ сам хутчэй узняўся б да разумення таго, што яму патрэбна мова, дзяржава, незалежнасць, сацыяльная роўнасць, чым пры падказцы такіх Лабановічаў? Так?

Русіновіч сцвярджальна кіўнуў галавою.

— Менавіта так!

— Не, дарагі мой, не! На гэта спатрэбілася б яшчэ пару стагоддзяў. Важакі, як і героі, патрэбны заўсёды, аб гэтым ніхто ніколі не думаў спрачацца. І калі вы сапраўды так думаеце, то я шкадую... Трэба толькі зрабіць агаворку, што Лабановіч у тых умовах мог прынесці палову той карысці, якую ён прынёс бы пасля рэвалюцыі, калі беларуская мова стала дзяржаўнай, афіцыйнай. Праўда, сказаная на чужой мове, не так даходзіць, не так бярэ за душу. Са сваім народам трэба гаварыць на яго мове, інакш ён прыме цябе за чужога і не паверыць табе, як сёння вы не хочаце верыць таму ж Лабановічу...

Нешта ў перакананнях Русіновіча пахіснулася, але, ужо хутчэй па інерцыі, ён усё яшчэ чапляўся за тыя довады, якімі ён падпіраў трывалы, як яму здавалася, мур сваіх лагічных збудаванняў.

У інтэрнат Русіновіч ішоў адзін. Быў ціхі вечар з невялікім марозікам, і ў паветры адчуваўся подых вясны. Людзі ішлі паволі, нібы кожны хацеў нацешыцца гэтаю вячэрняй цішынёй, свежым марозным паветрам, да якога дамешваліся пахі далёкай — а можа, і зусім блізкай — вясны з яе імклівай і бурнай паводкай, што ачышчае зямлю і адмыкае замкі да ўсяго жывога, дарыць людзям новыя светлыя надзеі і клопаты.

Усе чакаюць вясны.

Ён ішоў і ў думках быў ужо далёка ад усяго таго, што нядаўна адбылося на абмеркаванні. Думкі яго вярталіся назад, у мінулае, і ён бачыў сябе зялёным, кволым юнаком, дрэнна апранутым, сарамяжлівым, які баяўся на вячорках сесці блізка каля дзяўчыны, чырванеў ад гучна сказанага слова, ніколі не пярэчыў старэйшым. Як паступова, год за годам, да яго прыходзіла сталасць, як ён акрэп фізічна і маральна, увабраўся ў сілу, як з’явілася першая, хоць і не надта вялікая ўпэўненасць, што і ён нешта варты, што не горш за іншых можа разабрацца ў тым ці другім пытанні, мае нейкую сваю думку. Успомніў школу, адзін выпадак, калі на ўрок канстытуцыі ў сёмым класе да іх прыехаў інспектар раяна Цімашэнка, сімпатычны смуглявы мужчына з трыма калодкамі ордэнскіх планак на штрыфелі пінжака, і як пытаў іх пра такія рэчы, пра якія яны не мелі і зялёнага паняцця, і як ён, Русіновіч, каб выручыць клас, на свой страх і рыск на хаду даваў свае «фармулёўкі» закона, дзяржавы, дыктатуры, як цярпліва выслухваў яго інспектар, толькі ціха ўсміхаўся аднымі вачамі, а пасля цярпліва тлумачыў ім, што гэта такое — дыктатура, дзяржава, клас, эксплуатацыя, і яго азначэнні яшчэ і сёння сядзяць у Русіновічавай галаве, так ён пераканаўча, так доказна і ясна ўсё гэта перавёў на звычайную мову.

Малявалася перад ім яго будучыня: школа, урокі літаратуры, дзеці, якраз такія, якім быў ён сам, мо толькі трохі лепей апранутыя, мо трохі менш спрацаваныя, лепш накормленыя — а ён чытае ім... Што чытае? Пра Францішка Багушэвіча... Гэта самы любімы яго паэт, бо ён сваімі сялянскімі вершамі, можа, як ніхто іншы з беларускіх дзеячаў, будзіў да свядомасці сялянскую, забітую, беспрасветную нацыю, якая і ведала, што пакору, якая і ведала, што панаванне чужынцаў, якая толькі капіла сваю нянавісць і час ад часу вылівала яе ў дзікіх стыхійных бунтах, пасля якіх наступала яшчэ большая цемра... «Дудка беларуская»! Хто калі да яго і пасля яго сказаў так моцна? Так шчыра? З такім пачуццём? О, як глыбока ён разумеў сялянскую душу і змог выказаць усё, аб чым селянін толькі яшчэ марыў, толькі яшчэ сніў!