Выбрать главу

Ён, Русіновіч, зробіць усё, каб сціплыя і глыбокія вершы паэта дайшлі да сэрца сялянскіх дзяцей, дзяцей новага пакалення, новага жыцця,— каб яны палюбілі іх, так як любіць і разумее ён іх сам.

І тут Русіновіч злавіў сябе на думцы, што адводзіць сабе ў жыцці ролю таго ж Лабановіча, настаўніка, асветніка, «сейбіта вечнага». Што сказаў бы на гэта Юс Вялікі? Відаць, сказаў бы: «Вось бачыш, хлопча, практыка мацней за ўсякія штучныя тэорыі. Яна разбурае іх, як рака недасканалую плаціну. Рад, што ты сам сябе пераканаў».

«Фактычна трэба прызнаць, што Лабановічы патрэбны, без іх захірэе поле грамадскае дзейнасці, без іх застануцца нераскрытымі, проста непрачытанымі творы таго ж Багушэвіча, таго ж Купалы, Коласа,— даказваў сам сабе Русіновіч.— Значыць, трэба перагледзець сваю канцэпцыю, не лезці напралом са сваімі саматужнымі тэорыямі, а сціпла рабіць тое, што карысна. Разбураць лягчэй за ўсё. Цяжэй ствараць...»

— Эй ты, разява... Жыць абрыдла?..

Скрып тармазоў і гэты голас, які дадаў яшчэ некалькі мудрагелістых завіткоў лаянкі, абудзілі Русіновіча ад задуменнасці. Ён адчуў, як фара таксі злёгку стукнула яму ў сцягно, і паволі, нібы нічога не здарылася, ступіў крок назад.

— Чаго крычыш? Круці рублі! — І ён памахаў таксісту рукою.

Машына рванула з месца, абдаўшы пахам бензіну, і толькі цяпер Русіновіч зразумеў, якая небяспека яго абмінула.

«Сапраўды, разява»,— вылаяў ён сам сябе.

Перайшоў вуліцу і ўжо на тратуары паглядваў на машыны, якія безупыннай плынню імчалі па вуліцы. Здавалася, што палатно вуліцы — гэта канвеер, гэта ён рухаецца і нясе, і нясе ўсё новыя і новыя машыны. «Колькі машын! Не прайсці па вуліцы. А што будзе яшчэ праз год дзесяць? Вось ён, век матораў...»

Думкі пайшлі зусім у другім кірунку. Спрэчка з самім сабою абарвалася.

Перад Русіновічам быў іх студэнцкі інтэрнат, новы шэры будынак у чатыры паверхі.

У сваім пакоі Русіновіч застаў аднаго Рака. Той нешта пакаваў у чамадан, відаць, збіраўся ў дарогу.

Русіновіч з крэктам распрануўся, павесіў у нішу свой шынель, выпіў шклянку вады і стомлена сеў ля стала.

— Чаго, Старча, такі невясёлы? — Рак павярнуў да яго свой буйны твар. Вялікі лоб яго быў чырвоны ад натугі.

— Ты, браце, назіральны стаў. Твая праўда. Мяне пабіў мой кіраўнік за дыпломную, ды не так ён, як я сам сябе. Ішоў і ўсю дарогу малаціў сябе. А тут ужо ля дому адзін таксіст зусім хацеў мяне дабіць. У жыцці так: калі ўжо пачнуць біць, то зацюкаюць.

Рак разрагатаўся — шчыра, ад душы, ажно Русіновічу самому стала смешна, бо такую вольнасць у Ракавым характары яму рэдка даводзілася бачыць.

Праўда, ён ужо даўно заўважаў, што Рак з ім паводзіць сябе натуральна, не залазіць у панцыр непрыступнасці, як пры Ярошку, Мальцу або нават Антановічу.

Былі выпадкі сапраўднай шчырасці паміж імі, калі Рак апавядаў пра сваё жыццё, пра бацькоў, пра сваю вёску. А недзе на другім ці на трэцім курсе паказваў фатаграфію. На Русіновіча палахліва пазіраў маленькі таўсцюк на крывых ножках, апрануты ў сялянскі каптанік. Яшчэ тады Русіновіч шукаў падабенства паміж тым малым і цяперашнім Ракам — і не знаходзіў. І другое таксама не ўкладвалася ў яго свядомасці: у дзесяць год Рак быў разам з бацькам у партызанах, не раз хадзіў у разведку, жыццё яго вісела на валаску. Русіновічу тады здавалася, што Рак траіцца: малы — адзін, партызанскі разведчык — другі, цяпер ён — трэці. Так, цяпер Рак — «прафесар», Рак — буйная галава з вялікім ілбом, радкавыя валасы, кволае цела інтэлігента.

Як час мяняе чалавека! Не так даўно было тое размеркаванне, Рак трапіў у аспірантуру — і адразу стаў іншым чалавекам: смялей стаў глядзець на свет, на жарт адказваў жартам, на слова — двума. Ён раптоўна неяк стаў самастойны і незалежны, а заместа нядаўняй сарамяжнасці пачала паказвацца звычайная бесцырымоннасць. Рак выступаў ужо ў чацвёртай асобе, яшчэ невядомай, яшчэ незнаёмай.

І, як ні дзіўна, у гэтых метамарфозах сябра Русіновіч, хоць і не ў такім яркім варыянце, пазнаваў самога сябе! Як цяжка родзіцца на свет чалавек і як доўга ён вучыцца хадзіць прама!

Русіновіч падышоў да Рака, нагнуўся над ім:

— Мо табе памагчы?

Рак паспешліва закрыў чамадан.

— А ты, Прафесар, здорава перамяніўся за апошні час.

Рак сеў на свой ложак.

— Я не мяняюся. Я заўсёды быў такі.

— Мо і быў, ды маўчаў.

— Дакуль можна маўчаць? Хопіць, што вы пяць гадоў кпілі з мяне.

— Прафесар, што ты гаворыш? Хто цябе крыўдзіў?

— Калі ты не памятаеш, то я не забыўся.

— Перастань, ты часам не разумеў жартаў.