Выбрать главу

Яны селі. Русіновіч адагнаў лодку ад прыстані на вольнае месца.

— Ты не верыш у прыкметы? Глядзі, чортаў тузін.

— Я нават не заўважыла,— абыякава сказала дзяўчына, аднак нахілілася і паглядзела на борт, дзе красавалася лічба.— Думаю, шторму на моры не будзе і нам нічога не пагражае?

— Хто яго ведае... Бура бывае і ў шклянцы вады,— задумліва адказаў Русіновіч.

— А ты баішся?

— Такіх, што ў шклянцы,— як баюся, але не люблю. Але давай лепш загараць,— сказаў Русіновіч.

У чырвоным яркім купальніку Галя стала яшчэ больш прывабнай. Рукі ў яе былі поўныя, гладкія, як точаныя, загарэлыя, моцнае цела з тонкаю далікатнаю скурай, гарэзліва тырчалі пад купальнікам і трывожылі вострыя грудзі.

— Гэты купальнік табе да твару.

— Што ж, буду часцей у ім хадзіць.

— Я не буду пярэчыць, калі ласка! Толькі нас аштрафуюць.

— Ты будзеш расплачвацца.

— Толькі невядома чым...

Галя сядзела насупраць яго, на карме, пазірала па баках, жмурыла свае цёмна-шэрыя вочы, нібы каго шукала. Гэты занятак ёй хутка, відаць, надакучыў, і яна сказала Русіновічу:

— Дай я сяду за вёслы. У цябе яны не так ходзяць.

Яны памяняліся месцамі: лодка гайданулася, Галя ўскрыкнула, а Русіновіч супакоіў:

— Не бойся, тут блізка да дна.

Вёсламі яна працавала добра, стан яе то пружыніста выпростваўся, падаючыся назад, то нахіляўся да ног, пасылаючы вёслы назад; твар яе расчырванеўся, валасы лезлі на вочы, і яна адкідала іх кароткім рэзкім узмахам галавы.

— Ты вяслуеш, як рыбачка,— пахваліў яе Русіновіч.

— А што, я рыбачка... Вырасла на Сожы, калісьці з бацькам любіла рыбу лавіць...

— А я рос далёка ад вады. Таму і плаваю, як сякера. А ты як? Перамахнеш наша возера?

Галя паглядзела на левы бераг, потым на правы.

— Калі б сказалі, што на тым беразе мяне чакае шчасце, пераплыла б...

— Якое шчасце?

— Шчасце ў кожнага сваё...

Іх лодку загайдала на хвалях: міма велічна праплыў, як лятучы галандзец, баркас пад блакітным клінам ветразя. Галя паклала вёслы, твар яе стаў летуценны і прыгожы. Яна пачала дэкламаваць:

Белеет парус одинокий

В тумане моря голубом,

Что ищет он в стране далёкой,

Что кинул он в краю родном?

І нечым такім нязвычным павеяла ад гэтых яе слоў на Русіновіча, што яму раптам захацелася перавярнуць свет, здзівіць усіх нейкім нечуваным-нябачаным подзвігам, парушыць гэтае звычайнае будзённае цячэнне часу, што быў як вада ў гэтым амаль што стаячым штучным возеры, зрабіць нешта такое, каб Галя сказала: «Ты — мой адзіны, мой любы, ты самы смелы, самы лепшы, самы... самы...»

— Пусці мяне за вёслы,— з прыхаваным жарам сказаў Русіновіч Галі.— І моцна трымайся.

Яны зноў памяняліся месцамі, стоячы і трымаючыся за рукі, размінуліся, лодка няўстойліва гайдалася на вадзе, гатовая зачарпнуць то левым, то правым бортам.

Русіновіч сеў на лаўку, моцна ўпёрся нагамі ў перакладзіну на дне, папляваў у далоні, як некалі, перш чым узяць у рукі сякеру ці цэп.

Тонка скрыпелі ўключыны, лодка рыўкамі ляцела наперад, а Русіновіч, налягаючы з усяе сілы на вёслы, усё гнаў і гнаў па роўнай, піўнога колеру рачной гладзі, толькі азіраўся назад, каб не ўрэзацца ў сустрэчную лодку, часам на момант парушаў рытм, заграбаў адным — правым ці левым вяслом, пакуль абмінаў перашкоду. Яны хутка пайшлі супраць слабага на шырокім полі цячэння, міма берагоў, аблепленых голымі людзьмі, лодак і купальшчыкаў, што ўспеньвалі ваду, міма прыбярэжных кустоў і астравоў.

Русла ракі пачало звужацца; раздвойвацца на рукавы, то вузкія, то шырокія, зарослыя чаротам і водарасцямі, па якіх лодка ледзь паўзла, шаруючы днішчам, як па гразі, а на вёслы набіралася гэтулькі раслін, што іх цяжка было выцягнуць з вады. Але Русіновіч не зважаў ні на што. Валасы яго растрапаліся і падалі на мокры лоб, твар расчырванеўся, а мускулы рук і грудзей нібы ўспухлі. З непрывычкі пачыналі пячы далоні, пабольвала трохі спіна, але Русіновіч не хацеў здавацца. Няхай яна пабачыць, што хоць ён і сухаземны чалавек, вырас на сушы і ў лодцы сядзіць усяго мо які пяты раз, аднак і ён умее веславаць не горш за яе, рыбачку...

— Ах, які ты нязграбны!

Гэты ўскрык нібы абудзіў Русіновіча.

— Што такое?

— Ты абліў мяне ўсю. Глядзі! Хто так вяслуе?

— Прабач... Вада чыстая...

— Калі чыстая, дык можна аблівацца? — Яна ледзь не плакала.

Апошнія прыбярэжныя хаты прапалі з воч, рака павярнула рэзка на поўдзень, пасля на захад, а ён усё налягаў і налягаў на вёслы...

Лодка ішла проста на нізкі, зарослы высокаю травою востраў. Русіновіч падняў вёслы, лодка стукнулася носам у мяккі бераг і стала.