За вайну я прызвычаіўся да нямецкіх самалётаў і да таго, як нахабна ды бяспечна шпарылі яны па простай лініі, куды хацелі. Каб змыліць зенітчыкаў, гэты «месер» вярцеўся між выбухаў, як вужака на гарачым прысаку. Аж пацешна было глядзець на прыціснутага ворага.
З натоўпу ад поручняў нейкі вайсковец пажартаваў:
— Перадсмяротны танец Тамерлана!
Усе зарагаталі.
Ад шчырага сэрца рассмяяўся і я.
— Во, во! Нашыя сыны недзе ў Прусіі кроў праліваюць, а гэткі малады гіцаль схаваўся тут ад вайны, бабскіх сукенак трымаецца ды яшчэ смешачкі сабе строіць! — праказала абураная кабета сяброўцы ды апякла мяне злымі вачыма.
Пакрыўдзіцца я і не думаў, бо яе разумеў. Але стала непрыемна.
Ад моста пакрочыў я ў ваенкамат. Там адмовіўся ад брані і атрымаў накіраванне ў Бабруйскі запасны полк.
5.
Вечарам таго ж самага дня таварняк, прыстасаваны для навабранцаў, вёз мяне ў Бабруйск для абмундзіравання. Нецярпліва ўзабраўся я на дашчаныя нары і лёг побач з такімі ж, як сам. У патыліцу нешта муляла.
Ага, Нюрчын падарунак!
Нейкім чынам дзяўчына даведалася, што адпраўляюся на фронт, і прыперла на вакзал вузел з харчамі. Зараз прыйшла на памяць яе брудная хусцінка, якой калісьці выцірала мне вусны. I я з гідлівасцю шпурнуў вузел на пустыя дошкі. Хутчэй засунуў рукі пад галаву, задумаўся.
Мяне чакала яшчэ паўгода вайны, раненні і смерць блізкіх, але не гэта лезла ў галаву. Не давала спакою загадка з незнаёмкай.
Мяне мучыла — аж разрывала, пытанне: хто яна?
Чаму на вуліцы была такая адважная, а гэтак панікла дома? Калі мы зайшлі, яна ані крыху не здзівілася, застаўшы гэтага дзядзьку. Не выказала нездаволенасці яго прысутнасцю яшчэ некаторы час. Выходзіць, ён для яе нечаканасцю не быў. Дык у чым справа? Не ставіла яго ў грош. Тады чаму такая перамена адбылася пад канец?
Кім для яе тып са зморшчанай шыяй і сухім кадыком?
Навошта вяла мяне дадому, калі быў там гэты язвенік? Я навязаўся і ёй не было куды дзявацца? Не, яна ж — запрасіла, у абаіх атрымалася ўсё натуральна...
Чаго смарчок часта так яе клікаў. Абяцаў грошы, гразіўся, каб не размаўляла са мной, бо скампрамятуе — раскажа нешта пра яе? Што ён таіў?
Людміла — прадажніца, бы Рыжая з Налібокаў?
Мне было ўсё роўна, што б ён ні сказаў: усім сваім нутром я прагнуў яе.
Калі я пакідаў іхні дом, так быў усхваляваны і агарошаны, што не здагадаўся нават зірнуць у другі пакой. Цяпер здалося: я скасіў туды вочы ды ўбачыў, як яна, бедная, кінуўшы прышываць нешта на старым, зірнула на мяне з такім жалем, што, каб не прышчаміць яе жаласлівага позірку, я пакінуў пасля сябе дзверы прыадчыненымі.
Зрабілася надта шкада лётчыка, і падумалася: эх, уваскрасіць бы яго ды паказаць хоць адну сцэнку з нямецкім разведчыкам над мостам — лейтэнант бы гэта ацаніў! Агарнула нецярплівае жаданне — дапасці да перадавой ды выдаць гітлераўцам і за пагібель лейтэнанта, і за Людміліна ўніжэнне.
Аж поезд захацелася падагнаць.
Неўзабаве перада мной паўстала маляўнічая сцэна. У званні капітана, з поўнымі грудзямі новенькіх ордэнаў і медалёў, вяртаюся я з фронту ды знаходжу ў цеснай кватэры на ціхай вулачцы абаяльную асобу ў лёгкай і светлай сукеначцы. Яна бязмерна радуецца, а я зноў акунаюся ў промні яе ласкавых сініх вачэй, якія верна чакалі мяне да канца вайны, а я выглядаў іх праз усё жыццё.
РАЗМОВА АБ ТВОРЧАСЦІ
1.
Ішло пасяджэнне творчых секцый.
У першым радзе сядзеў якісьці хлапец — шчуплы і хілы, з рэдзенькімі вусікамі. З адной кішэні яго джынсавага касцюмчыка звісалі, зачэпленыя дужкай, супрацьсонечныя акуляры, а з другой — блішчаў цэлафан ад пачкі цыгарэт. На трыбуну па чарзе ўзыходзілі паэты, празаікі, драматургі, рэжысёры, а юнак іх не слухаў. У прэзідыуме я адчуваў на сабе яго настырны позірк і западозрыў — на форум госць з'явіўся толькі таму, бо штосьці яму ад мяне трэба.
«Ладна, няхай сядзіць, абы не перашкаджаў!» — адзначыў я сам сабе між іншым, бо якраз выношваў дзве «нявыдуманыя гісторыі».
Надта падбівала кінуць сход, вярнуцца дамоў, адключыць тэлефон, сесці за стол ды, агорнуты прыемнымі дрыжыкамі, выкласці апавяданні на паперу. Столькі думаў над абедзвюма тэмамі, што гісторыі вырысоўваліся з дробнымі дэталямі. Для іх нават назвы ўжо знайшліся.
Апавяданні павінны выглядаць прыкладна так:
ВЫРАДАК
Позняя восень. Світанак.
Брыду цераз лужы глухой вулачкай, а ўперадзе — двое невысокіх мужчын. Іхняя гутарка здаецца цікавай, і я напружваю слых. Старэйшы мужчына пытаецца: