Выбрать главу

— Пане вучыцель, яго ногі не брудныя, яны — самі такія! — заступіўся Ваня.

— А цябе хто пытае? — акрысіўся ён ужо на Ваню.

Настаўнік гаварыў яшчэ нешта, але мяне душылі слёзы крыўды і я, ідучы да дзвярэй, больш не слухаў. Надта хацелася ўцячы з гэтай школы.

Эх, як бы даваў драла, калі б не бацька!..

На перапынку я самотна стаяў у кутку калідора. Сярод вучняў, бы гусак сярод куранят, пахаджваў Франэк са старэйшага класа — сын каменданта паліцыі. Яго яшчэ да заняткаў паказваў мне Кучынскі. Франэк цяпер кагосьці шукаў.

Раптам камендантаў сын ад радасці пасвятлеў ды накіраваўся да дзяўчынкі з тоўстымі вуснамі і рыжымі косамі.

— Эй, мальцы, сюды!— хапіў вучаніцу за касу.— У каго сала?

«Гэта — яўрэйка!» — дайшло да мяне, і я з жахам глядзеў, што будзе далей.

Нехта падаў кавалак скваркі. Франэк другой рукой абхапіў рукі малой, загадаў:

— Тры!

Твар вучаніцы пачалі націраць скваркай. Дзяўчынка крычала, тузалася, затым стала з гідлівасцю плявацца. Сярод яе хрыпаў я разабраў адно слова — «мама-а!..»

Калі з настаўніцкай паказалася «вучыцелька», каля выпэцканай у тлушч вучаніцы заставаўся адзін я.

Настаўніца са спачуваннем наківала галавой, загадала малой выцерціся ды зачыніла за сабой дзверы.

— Хадзі! — тузануў я дзяўчынку за руку.— I не румзай!

Вучаніца насцярожана глянула на мяне заплаканымі вачыма, ікнула, але за мной пайшла.

На падворку з трыма ранцамі знайшоў нас Ваня: ён вырашыў, што на першы дзень навукі з нас хопіць аж занадта.

— Дзе вы гэтулькі часу прападалі? — накрычаў на нас Кучынскі.— Чакай вас тут і чакай... Што мне рабіць няма чаго?

4.

Праз некалькі мінут мы трое валакліся па вуліцы. Малка (так звалі маю новую знаёмую), успамінаючы, залівалася слязамі. Ваня яе суцяшаў, я ж не знаходзіў для гэтага слоў і не толькі таму, што не ведаў па-польску,— да такіх сантыментаў не быў прывучаны.

У месцы, дзе касабокі і трухлявы ганак выходзіць аж на тратуар, Малка ўжо заплакала ўголас ды павяла нас на прыступкі. Адразу мы апынуліся на кухні, заваленай старымі ботамі і скрынямі — там смярдзела нявырабленай скурай, клеем, цыбуляй і селядцамі.

Аднекуль з'явілася тоўстая яўрэйка.

Малка загаласіла яшчэ мацней ды ўткнулася ёй у брудны фартух.

На лямант паказаўся ў чорным балахоне стары са снежна-белай барадой, за ім — рыжы дзядзька з недаробленым чаравікам у руках. Мужчыны цярпліва выслухалі Малку, за нешта на яе накрычалі і зніклі. Маці пачакала, калі дачка супакоіцца, папракнула яе ў нечым таксама ды адпусціла.

Цяжка ўздыхнуўшы, тоўстая кабета ўзяла міску, паставіла на перавернутую скрыню, насыпала бульбы ды запрасіла ўсю нашу кампанію есці. Ваня і не падумаў адмаўляцца — адразу прымасціўся ля Малкі. Я ж, прывучаны ў чужых нічога не браць, доўга матляў галавой, і мяне ўсё ўпрошвалі, хоць есці хацеў. Нарэшце, каб адчапіцца, нагнуўся, узяў адну бульбіну. Бульба апякала рот, але я не пераставаў дзівіцца.

Было з-за чаго, мяркуйце самі.

На Малку Франэк з сябрукамі напаў, а бацькі на яе яшчэ і накрычалі.

Ногі мае — чорныя ад загару, а настаўнік адправіў мяне ў мыцельнік.

Паненкі з бантамі абураліся не таму, што булка валялася ў пяску, а — што яе браў я рукамі.

Столькі збілася ў мястэчку народу ды – ні гумна, ні плота, ні каровы, ні свінні, а нават – ніводнага пеўня.

Як яны тут могуць гэтак дыць?!,

Бедны Ваня, бедная Малка!

Аляксей Карпюк

Нарадзіўся 14.04.1920 г. у вёсцы Страшава на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.

Скончыў два класы польскай гімназіі ў Вільні. У 1939-1941 гг. вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. У час выканання дыверсіі на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзірам партызанскага атрада імя К.Каліноўскага на Гарадзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1949). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана (1949-1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953), у Гарадзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955-1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г. - загадчык агенцтва «Інтурыст» (Горадня), з 1965 г. - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г. - упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977-1981 гг. - дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Горадні, з 1978 г. - зноў сакратар абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.