Выбрать главу

— Я, па-твойму, бібікі б'ю? Супакойся! — моліць.— Павер, калі трэба было, то быў і добрым гаспадаром. Цяпер жа ўсім гэтым камандуеш ты!

— З сённяшняга дня адмаўляюся!

— I добра — тады займуся я!

— Не змагла б і я што ствараць, каб ты даў умовы? Думаеш, я такая бяздарнасць?

— Ніколі так не думаў! От, запрацавалася, бедная, ушчэнт, дальбог! Стамілася, і паперла з цябе гэтае бабства! Ой, мая ты бедная!.. Мая ты сірата каза-анская!..

Хоча мяне абняць.

— Не падлазь! Ты ведаеш, колькі разоў адно ў магазін сёння лётала?

— Нічога кепскага пра цябе не думаю, адкуль ты ўзяла ўсё? Супакоішся ты, урэшце?

— Маўчала дагэтуль, бо дурной была!

— Іра, зразумей, творчасць — як каханне, дзяліць ні з кім яго немагчыма, бо гэта тваё, асабістае. Я ж не вінаваты, што на свеце так створана... Я табе вельмі ўдзячны за ўмовы...

— Што мне з гэтага?

— Дык пачакай вынікаў!

— Іх ніколі не будзе!

Што праўда, то праўда. У новы артыкул трэба ўкласці ўсю душу без астатку. Адно тады ён будзе добры. Гэта ведаю з уласнага вопыту — і ў маёй прафесіі дакладна гэтаксама.

Уздыхаю і скарджуся мякчэй:

— Усё адно і тое самае, і тое самае... Можна звар'яваць. У цябе ўжо дваццаць брашур! Ну напішаш ты дваццаць першую, потым яшчэ адну, яшчэ...

Муж глядзіць на мяне, заклапочаны, і дзівіцца: пра гэта ён і сам не думаў.

— Дурна-ая! — туліць ужо мяне.— Так і ў тваёй школе: выпусціш адзін клас, потым рыхтуй наступны... Так і ўсё астатняе на белым свеце... «Сэ ля ві» — кажуць французы... Табе яшчэ пашанцавала, я хаця заўсёды на вачах. Іншыя мужчыны як пойдуць раніцой з дому, то няма іх да ночы. А то і суткі, цэлы месяц ці паўгода...

— Вось-вось. I я месяцамі бацькоў не бачыла. Што добрага ў гэтым?

— У цябе справа іншая, не блытай. Тваю маму партыя пасылала на заданне ў цяжкі час...

— Магчыма, і блытаю...— выціскаю з сябе і калачуся ад жалю.— Аднак і гэтак, Косця, жыць нельга. I з дзецьмі табе болей трэба быць. I да мяне ты заўсёды такі няўважлівы...

— Напрыклад?

— Пайшла з табой учора ў кіно, а ты папёрся наперад: мне было сорамна перад настаўніцамі. Ведаеш, як некаторыя да нас з табой прыглядаюцца, як потым абмяркоўваюць кожны наш крок?

— Глупства!

— Такімі глупствамі ты мяне адштурхоўваеш. Пачынаю нават на другіх пазіраць...

— Вось як?

— Не хачу, а пазіраю!

— Ну-у? — коратка дзівіцца.

— Ага,— я задаволена, што прызналася нарэшце і што ён не стаў рабіць допытаў.

— Даруй, Іра! — вінавата просіць, уражаны.— Слова гонару, нічога не заўважаў... А ты наступны раз не маўчы, а кажы, калі я няўважлівы!

— Трэ і самому ведаць!

— У мяне галава так задурана, што няма калі падыгрываць твайму бабству, зразумей! I што з табой рабіць?.. Ага, прыдумаў! Мяне якраз выклікаюць у выдавецтва — хочаш, паедзем разам? Заадно і грошай крыху зноў атрымаем за брашуры — табе ж, ведаю, трэба тое-сёе купіць!.. Паехалі, га?

— Хто мяне пу-усціць! Думаеш, я — вольны казак, як ты: сабраўся ды паехаў?

— Адпросішся на два дні ў дырэктара. Веру папрасі замяніць твае ўрокі! Вядома, заменіць — сяброўка ж! Дома — Тося цябе заменіць!

— Ага, заменіць! Прывядзе салдата свайго сюды...

— Ну і што? З'есць тваіх дзяцей? I я быў некалі салдатам ды ў госці хадзіў! Паехалі!

— Няё-омка — сярод навучальнага года, што людзі скажуць, наста-аўнікі...

14.

Жывём у век тэхнікі. Паўдня збіралася, а селі ў самалёт і праз гадзіну ўжо — сталіца. Мяне мучыць неспакой. Той, які дома прыглушалі розныя справы, тут агарнуў усю, без астатку: мяне аж падмывае.

У гасцініцу прылятае з рэдакцыі ўсхваляваны Косця і не заўважае майго настрою.

— Ну, віншуй! Падпісаў умову на цэлую серыю новых выданняў! Серыя будзе называцца ведаеш як? «Значэнне памяці ў жыцці чалавека»!

— Што ты будзеш пісаць, пра гэта ж усё ўжо напісана!

— У-у, памыляешся! Вы, настаўнікі, кажаце вучням: «Ты, Коля, далёка пойдзеш, у цябе выдатная памяць». А гэта — глупства! Амаль ніхто з вялікіх людзей ёю не вылучаўся! Ледзь не ўсе геніі памяць мелі зусім звычайную! Наадварот, фенаменальная памяць часамі перашкаджае чалавеку!

— Яшчэ што прыдумай!..

— Так, так! Расхалоджвае яго, супакойвае! Памятаеш Станіслава, студэнта з фізмата? Прачытаеш яму з кніжкі старонку — і ён табе перакажа слова ў слова. А што з гэтага чалавека атрымалася? Ён з божага дару зрабіў бізнес! Завочнікі прыносяць задачкі, у яго цвёрдая такса: ад трох да пяці рублёў за адну...