Выбрать главу

— Тады як, па-твойму...— неахвотна падтрымліваю размову.

— Ніяк. Бо і тут павінна быць у чалавека мера. Што з таго, калі твая галава будзе напоўненая фактамі? Гурба вінцікаў, кольцаў і падшыпнікаў яшчэ не народзяць трактар. Як? А чорт яго ведае, трэ падумаць! Мабыць, памяць не прыносіць карысці, калі факты не вядуць да пазнання сутнасці рэчы, не запальваюць іскры, не вядуць да вопыту, ведаў!.. Патрэбны яшчэ розум, эмоцыі, характар... Гарачае і сумленнае сэрца знойдзе і сілы, і спосаб успомніць, калі чалавеку што спатрэбіцца! Здаровы парастак праб'ецца нават праз каменне да сонца, калі будзе ў ім гэтая самая сіла!.. Тут столькі можна фантазіраваць, меркаваць, прыводзіць прыкладаў — страх! От работка чакае мяне — цуд!.. Але зараз — есці хачу! Пайшлі абедаць!

Заходзім у перапоўнены рэстаран. Падсаджваемся да дзвюх дам.

— Што будзеш есці? — пытаецца Косця.

— Усё роўна. Выбірай ты! — кідаю нібы абыякава, а сама насцярожана кагосьці выглядваю.

Навокал завіхаюцца маладыя афіцыянты ў белых пінжаках з чорнымі банцікамі замест гальштукаў. Стаіць бязладная гамана. За суседнім сталом — арабы, негры, індусы. На сталах — стракатыя сцяжкі. Нашыя суседкі з прытворнасцю правінцыялак гавораць так, каб іх чулі афіцыянты:

— Ох, да чаго ж не люблю гэтых сталічных падавальшчыкаў у рэстаранах!

— I я! Яны — бытта лёкаі з дарэвалюцыйнага часу! У іх штосьці нізкае, фальшывае...

Косця вывучае меню, але я ўпэўнена — усё выдатна чуе. Зараз не выцерпіць, абрынецца на жанчын. Збіраюся сціснуць яго за руку, выцягваю ўжо нават пальцы пад сталом, ды раптам замірае сэрца, забівае дыханне: у залу ўваходзіць чалавек... Хаваюся з жахам за мужа.

— Эх, жанчынкі, жанчынкі, як вы можаце так легкадумна гаварыць? Вы гэтых хлопцаў зусім не ведаеце! — бы праз сон, далятаюць Косцевы словы.— Яны ж вам могуць быць сынамі! — адкуль у вас да хлопцаў гэтых такая нянавісць?

Не, гэта — не ён! Той чалавек, што ўвайшоў, мае толькі падобны касцюм.

Да мяне памалу вяртаецца прытомнасць. I разам з гэтым робіцца сумна-сумна.

— ...Маладыя, адукаваныя, з атэстатамі. Узялі іх сюды па конкурсу. Хлопцы нават валодаюць замежнымі мовамі. Я б на іх месцы не прыняў бы ў вас заказу!..

З той жа энергічнай упэўненасцю, з якой у гасцініцы разважаў пра памяць, Косця адчытвае жанчын. А я ўсё азіраюся, азіраюся, выглядваю і выглядваю, аж забалела шыя. Чагосьці страшэнна не хапае ў гэтым горадзе. Надта цягне дамоў...

— Мараліст нудны, праведнік, перастань! — шчыпаю мужа за локаць ды кажу: — Навошта ты мяне сюды прывалок?

Вяртаемся ў нумар, і нападаю на яго зноў:

— Чаго табе ўмешвацца не ў свае справы? Ты адзін сюды прыехаў? А пра мяне ты падумаў?

— І-іра, супако-ойся!..

— Чаго ты мяне сюды прывалок? — адчуваю, як прысутнасць яго і кожнае слова мяне ўсё больш раздражняюць.— Каму я тут патрэбна?! Ці ты падумаў, як там будуць жыць без мяне дзеці? Што будуць есці, як пойдуць у школу?.. Ці ты ведаеш, ад чаго ў мяне шчыміць душа?.. Жывеш на ўсім гатовым і ў вус не дзьмеш — унь у якіх гасцініцах бываеш!.. Думаеш, і я не змагла б пісаць брашуркі, каб мяне хто пасадзіў у такія ўмовы?.. Заўсёды глядзіш, каб табе было выгадна, добра і ведаць больш ні аб чым не хочаш! У цябе няма «слыху» на людскія перажыванні, ты глухі душой, а яшчэ — псіхолаг!

Косця выбухае злосцю:

— Што ты вярзеш?

— А чаго ты крычыш? Ты чаго на мяне яшчэ і крычыш, скажы?

— Я проста — гавару! Аб якой выгадзе сваёй мог думаць? Ты ж сама бачыла, як я быў заняты апошнія дні і ночы, як выкладваўся ўвесь! Ты нават спрабавала адцягнуць маю ўвагу на глупства! Цяжка табе? Азірніся — каму лягчэй? Зацісні зубы ды цягні, а мяне пакінь у спакоі — ведаю, што раблю!

— Не-е, ты скажы, чаго на мяне крычыш?! Ах ты, няўдачнік,— шчэ і крычаць будзеш? Я табе ўжо казала: у мяне тры нахлебнікі, трэці — ты! З той розніцай, што цябе ўсе ведаюць, ты — бытта вясельны генерал! Мыльная бурбалка!.. Ты нават жыццё ведаеш — праз мяне!..

— Не хамі. Не забывай, я твой муж...

— Які ты мне му-уж? Ты са мной калі пагаварыў, як з чалавекам? Звадзіў мяне калі ў тэатр ці на канцэрт? Першы раз у жыцці прывёў у рэстаран і то пацягнула цябе рысавацца перад жанчынамі — хоць скрозь зямлю мне праваліся!

— Во-во! Шчэ скажы — не так відэлец трымаў, не з той нагі пайшоў! Наслухалася розных Вераў, Кіраў ды нясеш тут іхнюю ідэалогію!.. Тэа-атр ім падавай, вы-ыстаўкі!.. Італьянскае кіно-о!.. Му-узыку!.. У вас ужо «слых» і на музыку, і на іншае—куды там!.. Вы толькі гуляеце ў інтэлігентак, бо на самай справе — гнілыя мяшчанкі!.. Не сустрэў яе, не падрыхтаваў, не памыў, не пакланіўся, не ўсміхнуўся, не так павіта-аўся, слё-оз не выцер, не падзя-акаваў!..