— А чаго ты на мяне крычыш? Хто я — баец тваёй роты, што ты са мной так гаворыш?
— ...Так ужо і паміраеш ад працы! Па тры гадзіны можаш мянціць языком з якой-небудзь мяшчанкай Верай, закрыўшыся ў пакоі, па гадзіне вісіш на тэлефоне!..
— Чаго ты на мяне крычыш?!.
Косця бачыць, што нашая сварка можа зайсці задалёка, бярэ сябе ў рукі, гаворыць больш памяркоўна:
— Вядома. табе нялёгка. А каму лягчэй? Я і кажу — зацісні зубы і цярпі, пачакай вынікаў!
— Я хачу сёння быць шчаслівай — як усе людзі! Чалавек родзіцца для гэтага, як птушка для палёту!
— Пакінь ты класіка! Падумай, Іра, сама, што такое шчасце. Трапляецца яно, а як жа, ды існуе надта коратка. Памятаеш, як была студэнткай, твая аблігацыя выйграла тысячу рублёў? Мы радаваліся нават за цябе! А доўга ты была шчаслівая?.. Трэба жыць нармальна, радавацца ўсяму комплексу, што ўваходзіць у гэтае паняцце, а шчаслівыя хвіліны ў ім — бы разынка ў булцы. Ты што — адны разынкі хочаш усё жыццё есці?
— А ты не перакручвай на прозу! I не крычы на мяне зноў!
— Куды ты ад гэтай прозы дзенешся? Зрэшты, вы, жанчыны, шчасце бачыце крыху па-свойму, але ж хоць ты не будзь бабай і не лезь да мяне са сваім бабствам!
— А я якраз хачу ёю быць! — адчуваю, як у мяне аж пырскаюць з вачэй слёзы.— Хачу, каб мяне хоць крыху кахалі, мной даражылі, пра мяне памяталі, мной займаліся, удзялялі ўвагу, радаваліся са мной!..
— Во-во, як малая!..
— Ну і няхай!..
— Прабач, Іра, мо я сапраўды часамі... Але ж не забудзь, ты ўжо — маці, жонка. Сямейныя абавязкі... Прызванне жанчыны — падтрымліваць ачаг сям'і...
— Чорт сваё, поп сваё. Нічога да цябе не дайшло. Ой, які ты нудны!..
15.
Некалькі дзён няёмка перад мужам за свой выбух у гасцініцы. Ужо ведаю — не трэба было яго абражаць. Але ён па-ранейшаму сядзіць над паперамі, не падае і выгляду, што была ў нас сварка,— не падаю выгляду і я. Паступова ва мне нават расце помслівае задавальненне, што мужу я дапякла і гэта яму не пашкодзіць.
Пасля доўгага перапынку нарэшце сустракаю незнаёмага ды ледзь стрымліваюся, каб не выдаць сваю радасць. Ківаю на прывітанне галавой. Ен усміхаецца. Нават прыпыніўся. На нагах у яго замшавыя чаравікі.
— Дзень добры! — кажа.
— Добры дзень...
— Ці не пара нам пачаць вітацца?
— I я думала пра гэта! — смяюся і ведаю, што ў мяне блішчаць зубы, вочы.
— Вось і дамовіліся! — з жартоўнай дзелавітасцю кажа.
— Дамовіліся! — у тон крычу і я.
Убягаю ў нейкі пад'езд, аглядаю сябе ў люстэрка. Ух, як усё атрымалася проста і натуральна! Перабіраю ў памяці, як усё адбылося, і зноў радуюся — лепш і не прыдумаеш!
З таго дня мы вітаемся і нават абменьваемся нязначнымі словамі — аб надвор'і, вуліцы, вітрыне, прахожых. Тое, што гавару я,— заўсёды з клічнікам, Тое, што кажа ен,— дакладнае, нешматслоўнае, лагічнае і, як мне здаецца, вельмі разумнае і значнае. Голас у яго мяккі, спакойны, поўны затоеных пачуццяў, сілы і страсці.
«Ён — незвычайны! — падказвае кожны раз пасля такой сустрэчы маё сэрца.— От бы пазнаёміцца з ім блізка, запрасіць дадому, звесці іх з Косцем...— прыкрываю ўсё фігавым лістом ды раблю выгляд, што нічога кепскага не адбываецца. I радуюся, бо знайшла прычыну для размовы: — Я павінна яго павіншаваць са святам, гэта будзе наш першы крок да збліжэння! Потым запрашу дадому, і будзем мець новага сябра!»
Муж адставіў машынку ды пачынае гартаць газеты:
— Хоць кінуць вокам, халера, што на свеце робіцца? Мо там ён перавярнуўся дагары нагамі, а ты і ведаць не будзеш!
Дарэмна ён апраўдваецца. Я задаволеная, што не звяртае на мяне ўвагі. Адчуванне беспрычыннага сораму, якое мела дарогай, і незразумелае хваляванне зніклі. У прывычнай атмасферы дома раблюся зноў упэўненай і беззаганнай.
Займаюся гаспадарчымі справамі. Тады саджуся пісаць цётцы ліст. Памалу вяртаецца ранейшае — з галавы не вылазіць незнаёмы. Механічна выводжу словы, а сама мяркую, як выканаю задуму.
Толькі чаму ён у замшавых чаравіках?.. Страшэнна не люблю мышэй і мужчын у замшавым абутку!.. Чаму?..
Але ж гэта — глупства: такі абутак, як іншы!..
Ужо гадзін дванаццаць ночы. Выходжу на вуліцу, каб кінуць канверт у паштовую скрынку. Можна кінуць і заўтра, але ж хочацца на свежае паветра, пабыць са сваімі пачуццямі.
Ад нашага ганка нехта зашлёпаў ботамі на босую нагу.
— Гэта — мы! — чуецца вінаваты Тосін голас.
Калі вяртаюся з вуліцы, Тося ляжыць ужо ў ложку.
— Цёця Іра...— шэпча.
Да гэтай простай дзяўчыны ў мяне шчырая цікавасць і спачуванне. Прысядаю на раскладны ложак.