Выбрать главу

Раздзел першы

1.

Я — настаўніца. У мяне двое дзетак, муж ледзь не пісьменнік.

Апошпі час пачынаю любіць вершы. Вучыць на памяць няма калі, таму запісваю іх на паперы, вешаю над ложкам, а перад сном прабягу вачыма па радках — і праз некалькі дзён, глядзіш, яны ўжо моцна сядзяць у галаве. Слабасці сваёй крыху саромеюся і нават хаваюся ад Косці.

Між іншым, калі з'явіцца новая паперка над ложкам, муж паблажліва прачытае яе, дасць прафесійную ацэнку аўтару, але чамусьці не цікавіцца, навошта яна вісіць, і нават не дзівіцца.

У школе мяне лічаць сур'ёзным педагогам, выдаюць пахвальныя лісты, а мне — няёмка. Мне здаецца, што я — проста дзяўчынка. Раптам захочацца марожанага, пацягне пагуляць у класы ці паўзірацца на свет праз каляровае шкельца; або раніцой, ідучы па работу, здаецца, вярнулася б ды паспала б яшчэ гадзіны чатыры ці ўткнулася б маме ў прыпол і прасядзела б так паўдня. Не раблю так, бо мама далёка.

Жыву ў невялікім горадзе, хаджу на работу заўсёды ў адзін час, у адным напрамку, адной і той жа дарогай.

Ходзіш у школу дзень, два, месяц, год. Памалу звыкаешся з тым, што навокал цябе. Непрыкметна ўсё, што сустракае цябе кожную раніцу, становіцца тваім, нават— інтымным.

Насупраць бібліятэкі — клумба, каля яе праходжу кожны раз а палове дзевятай.

Далей — дрэўцы, вельмі знаёмыя, выраслі на вачах: вясной нецярпліва чакаю, калі з набрынялых пупышачак нарэшце з'явяцца тоненькія, свежыя стрэлачкі лісцікаў. Лстам хочацца памыць знямоглае ад пылу лісце, а ўвосснь — сабраць у букет: такое яно яркае і прыгожае!

А тут выставіў напаказ свае ажурныя контуры будаўнічы кран. У ім — званок, як у школе. Пачуўшы яго, спачатку я палохалася — няўжо спазняюся на ўрок? А гэта так рабочыя падаюць сабе сігналы. Яны будуюць гасцініцу.

Кожны ранак заўважаеш, як выраслі за суткі яе сцены. Муляры — зусім маладыя хлопцы, а як сур'ёзна працуюць!

Асабліва падабаецца мне адзін: бледны, у акулярах. Гадаю, хто ён такі, як стаў будаўніком, пра што марыць. Вельмі яны мяне ўразілі пасля аднаго выпадку.

Раніцой трапляю на сцэнку.

Хлапец на рыштаванні надзяе фартух, знізу яму крычыць дзяўчо:

— Вася-а!

— Чаго табе там?

— Падкову знайшла на вуліцы! З вухналямі нават!.. Адшліфаваная — на серабро!..

— Віншую!

— На, замуруй яе на шчасце!

— Кідай! — ажыўляецца муляр.

Яшчэ больш блізкімі становяцца гэтыя людзі. Многіх прахожых ужо ведаю.

Вось гэты, у шэрым палітэчку, пунктуальны: на работу выходзіць мінута ў мінуту.

А то сунецца, мабыць, бюракрат. Ідзе важна, ні на каго не гляне, пасопвае і так трымае галаву, бытта з яе што-небудзь спадзе. Няўжо і ён быў калісьці маленькім хлопчыкам, як мой Віця?.. Уяўляю яго ў кабінеце: слухае чалавека, уткнуўшыся ў настольнае шкло, і да яго гаварыць — што да шафы. А ёсць жа людзі, якія такое важнічанне лічаць праявай аўтарытэту!

А вунь маладзенькая будаўніца спяшаецца на работу. Новую вясеннюю касынку нясе на галаве як бы нядбайна, толькі ж ты мяне не ашукаеш, хітруння: мне ўжо хутка дваццаць восем, але яшчэ ўмею і я так рабіць!..

Наганяю групку дзяўчат. Адразу відаць — яны першы раз у нашым горадзе. Ага, у Доме народнай творчасці ідзе абласны конкурс самадзейнасці...

Абганяць дзяўчатак не спяшаюся. Яны няўпэўнена ўзыходзяць на мост (а ён у нас надта высокі!), ім закружыліся галовы. Спыняюцца воддаль ад парэнчаў, нямеюць, зачараваныя.

— Ах, гэта ж — Нё-оман! — шэпча адна.— Колькі вершыкаў пра яго вучылі, песень пяялі...

Па мосце праехаў цягач, заглушыў словы.

Здалёк паказваецца той, каго называю сваім незнаёмым. Сёння нечым засмучаны, ідзе і на людзей не глядзіць: а чаму? Мо ўчора ў клубе яго дзяўчына танцавала з іншым?.. Спыніць бы і падбадзёрыць: хло-опча, гэта ўсё драбяза!..

У аднаго радасць, у другога смутак — у кожнага сваё...

З часам людзі позіркамі пачынаюць гаварыць табе, якая прыгожая сонечная раніца, як шмат паспелі зрабіць за суткі муляры.

I гэтак з дня ў дзень!

Ідзеш з работы стомленая, галава поўная клопатаў, у руцэ — партфель, пузаты ад сшыткаў, і вось цябе штосьці пачынае цікавіць. Хоць яшчэ і нязначнае, але радаснае, наіўнае, даўняе, бескарыслівас, таямнічае, тваё — узнікае зноў. Нічога не адбываецца — ну і няхай! Усё гэта прыемна хвалюе. Ты паглыбляешся ў яго, і стомленасць твая кудысьці знікае. Тады табе здаецца, што ты ўжо была на гэтым белым свеце. Магчыма, і нават напэўна — не чалавекам, а мо галінкай, цаглінай, хмарай...