Усе дружна рассмяяліся.
Аўтобус спыняецца зноў. Ага, недзе ж тут жыве і мая гераіня! Вылажу з машыны ды пачынаю прыглядацца да нумароў на сценах.
Каля старога дома наганяю скуластую жанчыну з бульбай. Яна ўзнімае на мяне вочы і нам абаім становіцца ясна, што думаем аб адным. Мы ўсміхаемся. Я нават яшчэ ківаю галавой, а жанчына не вытрымлівае ды каменціруе:
— Ужо, здаецца, такая лядашчая і зно-ошаная — аж пясок сыплецца з яе, а яшчэ чапляецца за жыццё!.. Скажы-ыце вы, як чалавек створаны!
Зноў ківаю галавой. Затым пытаюся, як мне знайсці кватэру Любы Гарошка.
— Перад вамі — яна сама! — дзівіцца жанчына.— Калі ласка, заходзьце, зараз адчыню дзверы!
Адчуваю расчараванне. Яна ўсё ж такі вельмі звычайная. I гэта — гераіня? Такіх — поўныя гарадскія вуліцы! Але нічога іншага не заставалася цяпер рабіць, як узяць сетку з бульбай ды пакрочыць за кабетай.
А неўзабаве з прыемным здзіўленнем сам сабе адкрываю: перада мной — не звычайная мяшчанка, а —рэдкай энергіі і жыццяздольнасці чалавек, які столькі перажыў, застаючыся аптымістам ды чалавекалюбцам.
Прасядзеў я ў жанчыны да глыбокай ночы ды ўсё слухаў.
2.
Гісторыя Любы Гарошка і яе сям'і збольшага выглядала гэтак.
Лейтэнанту Паўлу Макарэвічу — дваццаць два. Ен — камуніст. Яго Любе — дзевятнаццаць. Пазнаёміліся яны, на думку Любы, не так, як усе. Найбольш запомніліся ёй сустрэчы ля казармы пяхотнага вучылішча. Яна — сірата, магла ісці, куды хацела, бо — сама сабе гаспадыня. Горш было яму. Толькі позна ноччу, пасля адбою, Павел прабіраўся праз глухі плот — высокі, ды яшчэ з калючым дротам наверсе. Тады хаваліся яны ў цяні дрэў, і Павел, трывожна азіраючыся, туліў яе да сябе.
Праз некалькі тыдняў яна скончыла педвучылішча, ён — вайсковае. Паўлаў водпуск правялі ў парку, за горадам у лесе, у жытах. А скончылася гэта тым, што ўзялі сведак, пайшлі ў загс ды распісаліся. Камандзіры зрабілі складчыну, з тостамі павячэралі ў рэстаране — гэта і было іхняе вяселле.
Лейтэнанта зараз жа накіравалі за Ломжу ў часць — ля граніцы ў Заходняй Беларусі, за ім паехала і маладая жонка. Толькі жыць з мужам усё не даводзілася: ля граніцы покуль што сямейным не хапала кватэр. Яна асела ў вёсцы Паўлішкі, дзе знайшлося месца настаўніцы.
Аднойчы аб'явіла яна вучням, што апошняга ўрока не будзе — клас адпраўляецца на даўно абяцаную экскурсію ў лес.
Пад лесам была свежазабаранаваная зямля.
— Звер якійсьці бег, во — сляды! — закрычалі дзяўчынкі.
— Воўк!
— А страшна як, Люба Макараўна!..
— Гэта —заяц, дзеці! — супакоіла іх настаўніца.
— Або заяц так роўна ставіць след — адзін за адным? — высмеяў яе троечнік — Горбік.
— Бо ён тут, Міша, якраз не скакаў, а так сабе ішоў! — бараніла свой аўтарытэт настаўніца.
— Ы-ы-ых? — са здзіўленнем уцягнуў у сябе паветра хлопчык.—Зайцы толькі скачуць — як вераб'і!
Клас выслухаў Горбіка з маўклівай пашанай.
Па некалькіх падобных выпадках Люба выдала сабе прысуд: яна кепская настаўніца. Пісала пра гэта мужу, плакала.
Навокал жылі яшчэ жанкі камандзіраў ды таксама чакалі, калі іх забяруць да сябе мужы. Гэта былі найбольш трыццаці-саракагадовыя кабеты. Яны падпарадкоўваліся інстынкту самазахавання і на граніцу не надта спяшаліся. Сярод іх Люба часамі забывалася. Большасць жанчын не мела ніякага дыплома, але маладая настаўніца з пашанай адносілася да іхняга жыццёвага вопыту.
Зрэшты, гэтыя жанчыны да Любы гарнуліся самі. З уласцівым старэйшым людзям імкненнем да маладога кабеціны непрыкметна ёю любаваліся і нават лесцілі, ад чаго Люба паводзіла сябе ўсё больш упэўнена. Камандзірскія жанкі адкрывалі адна перад адной душу, скардзіліся на «цыганскае» жыццё. Люба тады ў гутарку не ўдавалася — больш слухала.
Такім чынам, у Любы і заставалася ўсяго радасці, што на рабоце — з вучнямі, а ў сваім асяроддзі — маўклівае прысутнічанне. Але, калі ў школе здараліся няўдачы, каму паскардзішся? I яна сумавала. Прыходзіла дадому, скідала з твару маску, бездапаможна падала на ложак ды плакала ў падушку.
Часамі яе агортваў незразумелы неспакой. А тут яшчэ жанчыны падбухторвалі.
— Мой нарэшце знайшоў кватэру! — пахвалілася адна.— Піша, каб чакала машыны — забіраць едзе!
— А мой злёг,— паціху, нібы сама сабе, паскардзілася другая ды цяжка ўздыхнула.— Хто аб ім стане там клапаціцца?
— А для чаго дактары, Ксеня Мікалаеўна? — нясмела пацешыла яе Люба.
— Дактары — людзі казённыя!.. Ой, цяжка нам, бабанькі — свет такі трывожны!.. А твой калі забярэ цябе?