— Ніяк не знойдзе памяшкання! — з сумам праказала настаўніца.
— Нічога, мілая, прыйдзе час — і выкліча, у вас шчэ ўсё наперадзе — абы толькі вайны не было!
Калі яны выйшлі з дома паштальёна, куды назбіваліся жанчыны, чакаючы пошты, Любу адклікала жонка камандзіра часці, прашаптала:
— Не слухай ты іх! Мужыкі робяць усё, каб толькі быць далей ад нас! Не вер ніводнаму яго слову і не выпускай яго з рук! Ведаеш, сколькі там на граніцы полек? А параўнай нас з імі! Яны ўсе зграбныя, ладныя і ўмеюць падлезці да мужчыны, не тое што мы!.. I твой забудзе цябе, калі станеш варонай!
Люба ў душы пасмяялася — гэта Паўлік забудзе? Але яд, выпушчаны кабетай, пачаў дзейнічаць. Праз хвіліну ёй зрабілася страшна — не хацелася заставацца адной ні секунды!
Яшчэ ёй раптам да болю захацелася таксама пажыць сапраўднай сям'ёй: клапаціцца аб мужу, як іншыя. Калі б Паўлік захварэў, як бы яна яго даглядала: старанна, душэўна, ласкава! I не толькі хворага: калі б нават прыйшоў п'яны ці вярнуўся мокры з палігона! Калі ўсё гэта будзе?
А неўзабаве жыццё стала яшчэ больш складаным. I ўсё адбылося незаўважальна для яе.
Найсамперш Люба пачала ставіць на ложак чамусьці лялькі, весці гутарку пра малышоў, раздаваць ім цукеркі...
Аднойчы ў яе на кватэры сабралася жаночая кампанія. Нехта прынёс вестку —у горадзе знайшлі грудное дзіця ў рэчцы. Люба абурылася:
— Расстраляць такую маці мала! Ой, як добра мець дзіця! Такі малюсенькі жывы камячок шукае ў цябе грудзей, цмокае — слабы, бездапаможны: калі не абароніш яго ты, не абароніць ніхто! Я б хацела мець такое!..
Гаспадыня дома, цётка Марыся, уважліва яе разглядзела ды строга праказала:
— У цябе ж жывот ужо — каго ты ашукаеш, мілая?
Жанчыны глянулі на яе фігуру ды прымусілі настаўніцу пачырванець да вушэй. Любу агарнула дзіўнае, упершыню зведанае пачуццё: сарамлівасць, страх перад невядомым, нейкае бязмернае шчасце і нават — гонар. Яшчэ Люба заўважыла, што жанчыны ёй крыху пазайздросцілі. Першы раз адчула — нечым узнялася над сяброўкамі.
Калі ўсе разышліся, Люба з радасцю села пісаць Паўлу. На жаль, радасць была нядоўгай. Калі б потым у яе хто спытаўся чаму, яна сказала б — зрабілася надта страшна.
Што ж, трывожны быў гэта час ля граніцы. Не праходзіла дня, каб Люба не пачула нешта жудаснае. Маладзейшыя сяброўкі пачалі яе пераконваць ужо, як не ў час цяпер роды, ды пацешылі — мужы любяць якраз тых кабет, у якіх няма дзяцей. Усё гэта Люба прапускала міма вушэй. Уразіла яе вестка, якая пракацілася па Паўлішках:
— У Шудзялаве мінулую ноч шпіёны выразалі сям'ю: мужа, жонку, старога дзеда і трое дзяцей!
Жонка камандзіра часці дадала:
— Раніцой прыязджаў мой па сям'ю і апавядаў — ноччу немцы ўкралі нашага афіцэра ды зарэзалі двух байцоў. Я адмовілася ехаць на граніцу. Думала, што хоць тут спакойна, а во — і ў Шудзялаве ўжо!.. Пішуць у газетах, як немцы разбамбілі Лондан. Колькі дзяцей загінула пад друзам — тысячы!..
Люба адчула неспакой. Пачала раіцца.
— Што ты надумала? — напала на яе жонка камандзіра часці.— Не перасаджалі шчэ ўсіх ворагаў народа, на носе вайна, усюды шпіёны, а ты — сірату хочаш на свет пусціць? Давай, давай, радзі!..
Любе стала яшчэ больш страшна.
— Схадзі, покуль не позна, у горад да Вялічкі. Акушэрка такая. Бярэ ўсяго дзве сотні і робіць па новай методзе, амаль без болю...
Карацей кажучы, Люба і сама не ведала, як апынулася на ўскраіне былога польскага гарадка ў ціхім доміку, абвітым дзікім вінаградам. Тоўстая і салідная дама паклала яе на цвёрды тапчан, пакрыты старой цыратай з рыжымі плямамі ад марганцоўкі і ёду, аглядзела пацыентку ды вызначыла тэрмін.
Ішлі дні, тыдні, а настаўніца другі раз наведацца ў ціхі домік не адважвалася — усё адкладвала. Выпадкам, калі хадзіла ў горад па зарплату, спаткала акушэрку.
— Вы да мяне? — насцярожылася тая.— А я ўжо вас не чакала, лічыла — перадумалі! Пайшлі!
Люба бязвольна падпарадкавалася, і яны падаліся на ўскраіну.
Агледзеўшы настаўніцу яшчэ раз, акушэрка заўважыла без ніякага намеру:
— Шкада, што не прыйшлі раней. Ужо можна будзе разабраць — хлопчык ці дзяўчынка.
Люба раптам апамяталася. У яе аднекуль з'явілася рашучасць. Покуль Вялічка на кухні звякала бліскучымі прыладамі, яна схапілася з жудаснага тапчана ды хуценька адзелася.
— Вы куды?! — здзівілася акушэрка.
Люба нешта прамармытала і вылецела з дому. На двары глыбока ўздыхнула і раптам адчула сябе найшчасліўшым чалавекам на свеце. Ну і што, калі будзе вайна? У яе справа — больш важная! Застаецца толькі чакаць! I таму, што здарыцца, нішто ўжо не перашкодзіць — яна гэтаму гаспадыня!