Я жахнуўся, калі ўсвядоміў сабе, колькі маю матэрыялу. Усё гэта я некалі спакойна запакаваў і легкадумна закінуў. Ліха на яго, мо што-небудзь у мяне зараз і выйдзе?!
Вярнуў мяне да рэчаіснасці рэзкі званок. Стала чуваць, як сын гупнуў пяткамі з ложка на падлогу, як патупаў да тэлефона, закрычаў:
— Галё-о! Гэта — я! Ну, я — Віця! А гэта — ты, Толік? Чаго табе?
Нейкі час у суседнім пакоі толькі часта тупалі босыя ногі, бытта Віця стаяў на распаленай пліце. Затым чуваць яго стала зноў:
— Не ведаю! Папрашу тату, мо і пусціць!.. А мушкецёры за нашых ці за немцаў?.. Ой-ой, пачакай крыху, збегаю ў туалетку! Я зараз!..
Сын гупнуў трубкай аб столік, паляцеў. Толькі цяпер да мяне даходзіць — я ж дома не адзін, трэба заняцца малым!
— Ідзі мыйся! — кідаю.
Чорт, давядзецца адкласці занятак і накрываць на стол.
— Тата-а, а я адным пальцам адчуваю баразёнкі на другім пальцы! — аб'яўляе малы, вяртаючыся ад мыцельніка.
Залівае пачуццё бацькоўскай цеплыні. Толькі цяпер даходзіць да мяне сэнс і камізм размовы малога па тэлефоне ды прычына яго нецярпення. Я ўжо цярплівы да яго, спагадлівы, шчодры і клапатлівы. Мне прыемна, як і тады, калі пішу новы твор (творчасць — з тых самых катэгорый, што і інстынкт?!).
Люба Гарошка накрывала сабой дачку ад бомбаў і не думала пра сябе, як не думаў бы, напэўна, аб сабе і я, каб раптам што-небудзь здарылася падобнае цяпер, а сын трапіў у такую ж небяспеку. Напэўна, яна адчувала ў тую хвіліну нават асалоду ад ахвярнасці, нібы цяпер я, калі б аддаваў для Віці апошні кавалак хлеба. Ні Люба, ні я не лічым сябе героямі, бо гэта ж не нашыя асабістыя якасці. Такую ўласцівасць прырода ў генах перадала нам па ланцужку пакаленняў, бо мы — крупінкі аднаго вялізнага цела чалавецтва. У такіх клопатах праяўляецца інстынкт прадаўжэння нашага роду.
О, ідэя — трэба прапанаваць такую тэму часопісу «Знание — сила».
— Адчуваеш? То добра! Я таксама некалі адчуваў, а цяпер рукі пагрубелі і няма ўжо адчування!.. Эй, браток, навошта ж ты павыдзіраў з календара лісткі?
— Бо там памылка, тата!
— Памы-ылка?!. Дзе?
— А паглядзі: чырвонае і чырвонае!.. Гы, хіба дзве нядзелі адна за адной могуць быць?
— Дурань! Гэта два дні ўзапар свята: сёмага і восьмага лістапада, зразумеў?
— Та-ак?..
— А яшчэ гэтак бывае першага і другога мая, запомні!.. Ды паднімі з падлогі лісток! Давай уклеім яго назад ды будзем снедаць!
Праз хвіліну мы ўжо сядзім і п'ём чай. Хатняя работніца да нас заходзіць цяпер толькі час ад часу, Віцю нядаўна жонка ўладкавала ў дзіцячы сад, але адпраўляць туды яго даводзіцца кожны раз ледзь не з боем.
«...А мушкецёры за немцаў ці за нашых?!» Камедыя!
Прыглядаюся да малога. Віця чагосьці ўпарта моршчыць лоб, бытта вырашае праблему сусветнай важнасці. Вось з такога вырас некалі і Павел Макарэвіч. А якім будзе мой сын? Калі і яму жыццё наладзіць суровы экзамен, ці здолее яго вытрываць?
Па праўдзе кажучы, то я адарваўся ад сям'і. У маіх дзяцей свой цэлы свет, я ж ад яго надта далёкі — усё на Іру склаў. Хіба справіцца адной жанчыне?
Я адчуў трывогу.
— Віця, чаго моршчышся?
— Тата...
— Ну?
— Тат, от крыўдна бывае, калі ты страляеш, страляеш, а танкі нямецкія ўсё ідуць і ідуць, праўда?
— Гм!.. Што табе ўзбрыло ў галаву, чалавеча? Не балбачы, чаго не трэ, еш! Ваяка мне знайшоўся!
— Я ем...
Ад аўтараў патрабуюць сучаснасці. Залежыць, як хто яе разумее. Я, напрыклад, кожную ноч у сне ўцякаю ды ўцякаю ад немцаў, а то іду ў атаку ці трапляю пад бамбёжку. А ў дзяцей усё яшчэ гульні пра вайну. Яна для нас — таксама сучаснасць, толькі праўдзіва яе малюй.
Віця запіхыуў у кішэньчык на грудзях пластмасавую чарку, уставіў туды доўгую макароніну ды смокча праз яе чай. Іра на яго, у дадзеным выпадку, напэўна, накрычала б. Бацька ўдарыў бы калісьці мяне па руках...
Накрычаць на Віцю, ударыць яго і мне? А ці ўсё правільна рабілі нашыя бацькі? Заўсёды так, як трэба, паводзіць сябе жонка?! Няхай развіваецца ў ім дзіцячая фантазія! Здаровы арганізм малога, напэўна, патрабуе руху, адчування сітуацыі, адчування смаку, фарбаў і гукаў,— нездарма ўсё гэта для яго робіць такую прыемнасць.
У выхадцы малога нават бачу самастойную арыгінальнасць і на момант адчуваю ўсё, што адчувае Віця. Мяне кранае струнка бацькаўскай гордасці, адчуваю сябе шчаслівым. I тут прыходзіць думка, што беднаму Паўлу Макарэвічу не давялося гэтак вось сядзець са сваім сынам, паспытаць гэтую прыемнасць, выслухоўваць наіўнае і даверлівае балбатанне нашчадка. Зрабілася шкада чалавека да слёз.