— Недагрызак каму пакідаеш?
— Ай!
— Бяры вунь мёд і намаж! Не выкідваць жа нам яго!
— Не хачу!
— Грашыш, брат. Як бы ты яго падабраў у вайну, калі людзі марылі аб кавалачку хлеба!
— А оты не падабраў бы! — неахвотна падпарадкоўваецца малы.
Ліха на яго, няўжо кожнаму пакаленню трэба перажыць тое самае, што перажылі бацькі, і— мець сваіх Макарэвічаў, каб дайсці да розуму? Як перадаць свой вопыт роднаму сыну?!
— Тата, а калі афіцэр рускі, а салдат армянін, то як яны гавораць?
— Гм...— збіраюся адказаць, ды ўпэцканы мёдам малы пытаецца ўжо другое:
— А калі стрэліць з пісталета на пчол, то яны збаяцца, тата?
— Не.
— А — з гарматы?
Што ж, у малых звычка задаваць пытанні з упартасцю аўтамата. I тут прырода. Арганізм — складаная самаарганізаваная сістэма. Для існавання будучага чалавека трэба набраць энную колькасць інфармацыі, таму ў малога абуджаецца цікавасць. Яно робіцца ўпартым, цастойлівым, вынаходлівым і настырным — абы цябе выпытаць. Прытоены механізм. Малому рабіць пытанні прыемна, хоць яно і не разумее часамі тваіх адказаў. Яны ў яго недзе там адкладваюцца, уступаюць ва ўзаемадзеянне...
Чаму перастаеш заўважаць старасць іншага пажылога чалавека пасля першых яго слоў? Бо ў яго фразах вылазіць дзіцячая душа, не прытуплены прыродны механізм. Стары чалавек — не з вусамі ды барадой, а — хто страціў гэтую ўласцівасць.
Пытайся, Віця! Пытайся, родны, набірай інфармацыі, колькі ў цябе ўлезе, і будзь такім да старасці. У каго доўга захоўваецца цікавасць, той доўга чулы і на беды людскія, на крыўды і справядлівасць...
— Тата, а чаму ў цябе тут такі гуз? — кранае мяне сын за шыю.
— Гэта — гартань, сынок.
— А чаму ў мяне няма? — мацае сабе шыю.
— Яшчэ будзе. Яна праяўляецца толькі ў дарослых. А яшчэ гэта называюць — Адамаў яблык.
— А чаму, калі ты глытаеш, і яблык Адама рухаецца?
Як табе вытлумачыць? Анатомія горла для цябе, мабыць, яшчэ заскладаная. Успамінаецца гатовы адказ для такой сітуацыі нейкага класіка:
— Таму, Віця, бо пер-пен-ды-ку-ля-ар!
— А-а!..
Праз хвіліну спахопліваецца:
— Я ўжо ведаю, чаму мамка не хоча, каб у нас жыў кот.
— Ну?
— Бо ты будзеш спаць, а гар... гыр... яблык дзядзькі Адама заварушыцца, кот падумае: мыш — і цябе загрызе!
Малы кажа з перакананнем ды радасцю, што дадумаўся да такой ісціны. Божа, колькі гэтаму чалавечаму парастку яшчэ з'есці кашы, колькі яшчэ развівацца, каб такое не гарадзіць. Нічога, вырасцеш і ты, хлопча. Успамінаю сваё дзяцінства. Аднойчы ў садку зязюлька пракукавала мне сем раз, і я надта ж узрадаваўся — от доўга буду жыць!..
— Праўда, тата?
— Не, тут ты не маеш рацыі.
— Чаму-у? — пытаецца расчараваны.
— Гм... Бо той самы пер-пен-ды-ку-ля-ар!
I на гэты раз магія незразумелага слова супакойвае цікавасць малога. Уваходзіць Іра.
5.
— Ну, як вы тут? — пытаецца ўзбуджаная жонка.— Яшчэ толькі снедаеце?
— Адно селі.
— А чаму ж ты ў дзетсадзік не пайшоў? — пытае малога.
Вінаваты я, але Іра стрымлівае сябе, стараецца не даць прычын да сваркі ў апошнюю гадзіну.
— Мам, ужо адзінаццаць гадзін!
— Чаму ж не пайшоў раней?
— Бо позна ўжо было ісці раней! — са шчырым перакананнем даводзіць ён.
Я смяюся.
— Во, а ты шчэ і рагочаш! — не вытрывала Іра.— Не мог выправіць? Дарэмна толькі грошы садзім на дзетсад!
— Спецыяльна не пусціў. Няхай апошні дзень хоць пабудзе з бацькам,— пачынаю тлумачыць ды адразу змаўкаю: Іра мяне зусім не слухае.
Я не гаварыў ёй пра Любу Гарошка, бо тады гісторыя жанчыны здалася б менш цікавай. Чамусьці не магу прадоўжыць пісьмо, калі ў яго нехта загляне. Падабаецца паказваць жонцы ўжо гатовыя рукапісы, чытаць іх услых і назіраць у яе твары выраз здзіўленага захаплення. Як жа яна ўзрадавалася б, калі б на гэты раз я паказаў ёй не артыкул, а — цэлы раман!
Зрэшты, сёння, мусіць, каб і хацеў нават, то не змог бы расказаць Іры з-за перамен, якія адбыліся з ёю ў апошнія месяцы. Мяне гэта крыху непакоіць, перамены гэтай чамусьці я баюся, таму цяпер за жонкай так насцярожана сачу.
Спачатку Ірыны туфлі бадзёра прагрукаталі па дошках падлогі, потым замерлі, нібы яна забылася куды ішла. Азіраюся. Яна ўсё яшчэ трымае партфель.
«Запрацавалася, бедная. Пацярпі, Ірынка, праз паўгода пакладу перад табой новую кніжку!..»
I тут я падумаў, што першы перыяд жыцця Паўла з Любай зусім быў падобны да нашага. Гэтаксама Іра з Марынкай жылі адны, гэтаксама я бачыў іх тады толькі, калі прыязджаў у горад па камандзіроўцы...