Як усё проста — пачынай апісваць Макарэвічаў, успамінаючы пра нас!..
Не забыцца ўзяць з сабой пісьмы Іры таго часу, у іх можна будзе тое-сёе перайначыць ды падаць за Любіны...
— Паеш з намі! — бяру ад жонкі ношу. На мяне находзіць хваля чуласці.— Ух, колькі наладавала сшыткаў — вярблюду пад сілу! Падсаджвайся да нас!.. Раніцой, нябось, не надта хацелася табе...
— Ага...
Яна сядае за стол і толькі цяпер вяртаецца аднекуль здалёк. Уздыхае ды заглядвае ў чайнік.
— Не маглі заварыць свежы?!
— Па-салдацку...
Звоніць тэлефон.
— Гэта — мне! — з якімсьці незнаёмым мне імкненнем і новымі рухамі апярэджвае мяне жонка ды зачыняецца ў пакоі.
Скрозь шкляныя дзверы відаць, як гаворыць у трубку. У суседзяў хтосьці барабаніць на піяніна ды заглушае словы. У Ірынай прыгажосці — такой звычайнай, дагэтуль спакойнай і свойскай — з'явілася нешта незнаёмае. У яе з'явілася нейкая жывая разгубленасць, неспакой ды напружанае чаканне чагосьці незвычайнага. Нешта зусім новае, незнаёмае было і ў Ірынай фігуры, нават — у патыліцы.
Як за год асобнага жыцця мяняюцца людзі!
Успамінаецца анекдот, што мне ўчора расказала. Першы раз ад яе пачуў такое — ледзь не вульгарнае, нясмачнае. Расказаць ёй мог толькі мужчына, з якім трэба мець ледзь не інтымныя адносіны...
А яшчэ — учора прыйшла з працы з навіной. Мяне надта здзівіла — дакладна гэта самае пару дзён таму сказаў ёй я, але ж чаму мае словы прапусціла міма вушэй?!
Іра — якаясьці неспакойна прыгожая, з асаблівым бляскам у вачах — вяртаецца:
— Са школы званілі...
Пару мінут маўчым.
— Ты сёння едзеш. Што табе падрыхтаваць?
— Як заўсёды...
— Тата-а, не выкідвай у Маскве катушак, калі ў тваёй машынцы ленты скончацца,— просіць Віця.— Прысылай іх мне, добра?
— Навошта?
— Самазвал буду рабіць...
— А-а!.. Прышлю абавязкова.
— У мяне яшчэ два ўрокі ў другую змену. Дастану твае рэчы з шафы цяпер, а ты ўкладзеш іх сам. Віця, дапамажы сабраць са стала! Што твае чаравікі робяць тут на падлозе?
— Сама бачыш! — крыўдзіцца сын.— Адзін сабе стаіць, другі — ляжыць...
— Не балбачы, лепш падбяры!
Дзіўна. Нават страціла пачуццё гумару. Няўжо ўсё гэта ад стомленасці?
— Косця, ты меўся ў рэдакцыю ісці. Пойдзеш?
I ў тым, як выгаварыла маё імя было штосьці новае. Я яшчэ не цвёрда перакананы, што гэта кепска. Мяне больш уражвае навізна з'явы:
«Чорт, як можна адно і тое самае слова вымаўляць па-рознаму?!»
«А мо толькі так здаецца? Мо да Іры прыдзіраюся? Што са мной адбываецца?!»
— Трэба, відаць, схадзіць. Даведаюся, як там з нарысам — яны хацелі скарочаны варыяпт надрукаваць, покуль надрукуе яго часопіс. Мо і паспеюць. Дагаваруся заадно, каб табе ганарар выдалі...
— То ідзі,— кідае абыякава.
Але я не спяшаюся.
Сын памчаў у кіно. Поўны спачування і віны, прыцягваю жонку, нахіляюся пацалаваць. Звычайна на мой парыў вусны яе паслухмяна раскрываліся і яна адказвала сардэчна, чула і аддана. Цяпер жа тыя самыя вусны былі нецярплівыя, бытта Іра некуды спяшалася, бытта не хацела мяне пакрыўдзіць і толькі таму паддалася. Спахопліваюся: усе канікулы яна такая — як бы баялася, каб я да яе не дакрануўся!
— Знайшоў час прыставаць! — вырываецца праз хвіліну. Пастаяла, паслухала: — О, першы канцэрт Чайкоўскага нехта на піяніна іграе над намі! Эх, як бы я хацела паслухаць зараз добрую музыку! — уздыхае ўжо лагодней.— Ідзі займайся сваімі справамі, табе ж сёння ехаць!
Дарэмна напамінаць. Я фактычна ўвесь жыву дарогай. Магнітам цягне паспрабаваць здзейсніць сваю задуму — што атрымаецца?.. Успаміпаю сваё рабочае месца, стосік паперы, спакойную атмасферу ў пакоі ды вобразы, якія пачынаюць паўставаць перад вачыма, і — нібы пасля доўгай разлукі, я ўжо ўвесь рыхтуюся, нецярпліва чакаю спаткання з усім гэтым — бытта з каханай!
6.
Вечарам збіраемся ўсе дома. Сын ужо спіць.
— Што табе прыслаць? — пытаюся ў Марынкі.
— Фатагра-афій з кінаартысткамі!
— Я знаёмы з некаторымі. Яны жывуць побач са мной. Прыедзеш у госці з мамай, то пакажу іх табе.
— Ой, пра-аўда?! — дачка аж падскоквае ад шчасця.
— Няўжо буду цябе ашукваць? Абавязкова пазнаёмлю... Го, а чаго ж ты ўжо гэтак пасмутнела?
— А-ай, тата! Усё роўна ў двары мне ніхто не паверыць, што іх бачыла! Лепш прышлі фота!
Я зарагатаў.
Іра не рассмяялася і на гэты раз...
Здаецца, я яе разумею. Зноў пакідаю адну з дзецьмі. Мае частыя прыезды толькі дабаўлялі ёй турбот: кожны раз збірай мужа ў дарогу, праводзь, каб потым зноў акунуцца самотнай маладой кабеціне ў клопаты. Толькі наладзіць рытм сям'і, толькі прызвычаіцца да новага парадку, ды ўсё ёй разбураю...