Выбрать главу

Калі мяне агортвае замілаванне да ўсяго свету — кветак, сонца, камення, людзей,— то здаецца, што гэтая бязмерная колькасць пачуццяў дасталася мне ў спадчыну ад таго Мінулага, ад тае Сутнасці. Тады магу так ісці і быць зусім самой, з дрэвамі, з белым сонцам, з дамамі, з небам і хваляваннем, якое забівае дых.

2.

Такім чынам хаджу ў школу і — назіраю...

З нейкага часу ў плыні прахожых пачынаю вылучаць таго маладога чалавека, майго незнаёмца. Ветлівы твар. Чыстыя вочы. Лёгкая хада спартсмена. Заўсёды акуратна апрануты. I наогул нейкі не такі, як іншыя.

Пачынаю гадаць — хто ён?

Гадаю кожную раніцу і з нецярпеннем чакаю выпадку каб зазірнуць яму ў твар.

Ён не заўважае маіх позіркаў. Гэта мяне нават крыху абурае: не забылася пра той час, калі кожны хлапец вытрэшчваў на мяне, студэнтку, вочы. Паступова чытаю ў позірку незнаёмага здзіўленне. А неўзабаве ён ахвотна адказвае мне вачыма. Але ж мы толькі... пешаходы, як гаворыцца ў правілах вулічнага руху.

Адным словам, мне ўжо здаецца, што ў нас з незнаёмым усё больш і больш завязваюцца незвычайныя суадносіны. Усё гэта мяне мацней звязвае з ім ды напаўняе нейкім радасным страхам перад невядомым.

...Вяртаюся дамоў. Інстытут даў мужу творчы водпуск, Косця цяпер дома. Застаю яго так, як і пакінула. Абкладзены слоўнікамі, кіпамі рукапісаў, капіркай, ён упарта стукае па бліскучых клавішах машынкі.

— Косця, ты мяне чуеш? — адрываю яго ад работы і чамусьці не зусім складна расказваю: — Кожную раніцу на мяне паглядае нейкі дзядзечка!

— Што? — злуе ён.

Мы, жанчыны, любім крыху раўнаваць і выклікаць рэўнасць — гэта асвяжае.

— Вечна трапляецца мне на вочы нейкі чалавек, калі іду на работу ці дамоў. На цябе падобны! Такі ж лабасты, з упартым позіркам, рослы... Заўсёды спыняецца, спрабуе загаварыць...

— I чаго ён прыстае? — смяюся ды сама не ведаю, чаму хлушу.— От дзівак, я ж яго зусім не ведаю!..

— Віншую!

— Але навошта ён мне патрэбен?

— Не можаш даць сабе рады з ім: такая бездапаможная?.. I наогул, дай мне спокуй!

Робіцца крыўдна.

— Паперы купіла?

— На-а, еш яе! — кідаю пачак яму пад нос — Не адзавіся да яго ніколі...

Але ён не звяртае на маю крыўду ўвагі. Разрывае пачак ды радуецца шчыра, як дзіця:

— Ы-ы-ых! Першы нумар! Ну і малайчына ж ты ў мяне, Іра! Дай чмокну!

— Яе цалуй!

— М-м-м-м, а-ах!..— ён сапраўды цмокае лісты.— Мелава-ная, раско-ошная!..

Збіралася расказаць яму пра сённяшнюю спрэчку з піянер-важатай, але ў памяці паўстае ўчарашні выпадак.

З радасцю на душы ад спаткання са знаёмай гэтаксама вярнулася дамоў. Хвалюся:

— Чуеш? Бачыла Зіну Мукасеіху. Дала сваім тэму для сачынення: «Мой любімы настаўнік». Вучаніца просіць: «Зінаіда Барысаўна, дазвольце напісаць пра Ірыну Іванаўну Станкевіч, што мяне вучыла ў той школе!» Зінка пытаецца: «Ці ты, Іра, на галаву перад імі становішся, што вучні так да цябе горнуцца? Адкрый свой сакрэт!» — «Ніякіх сакрэтаў,— смяюся.— Проста іх люблю ды нікога не абражаю — ні словам, ні ўчынкам».

— Та-ак? — Косця хвіліну думае. Затым бярэцца за блакнот: — А файная думка — трэ запісаць!

Цярпець не магу ў яго гэтай жалезабетоннай чэрствасці.

Вось і зараз адчуваю штосьці большае, чым незадаволенасць мужам. Хочацца кінуць яму ў твар: «Эгаіст, толькі сябе ды свае рукапісы бачыш!..»

Памыляецца той, хто зайздросціць жонцы вучонага.

Калісьці і я думала: вучоны — бог, які ў прыпадку святога і таямнічага натхнення лёгка ды бесклапотна робіць свае адкрыцці. Дзе там! Ен — рабочы вол! I Косця з такіх, якія ісціну здабываюць мазалямі.

Вазьміце які-небудзь навуковы рукапіс і ўявіце сабе, што вам далі заданне не напісаць, а толькі перапісаць яго, і вам зробіцца страшна. А мой муж апошнюю работу, пакуль паслаць у выдавецтва, перапісваў разоў з трыццаць! На гэты раз, калі яму «пішацца», ён нібы адыходзіць ад мяне і дзяцей на цэлыя тыдні, месяцы ды лунае ў нейкім іншым свеце.

Зрэшты, калі і не піша, то з Косці карысць малая. Жыццё для яго — матэрыял для сваёй працы. У інстытуце ён дзень і ноч прападаў са студэнтамі. Думала, пойдзе ў творчы водпуск, будзе іначай.

Вось — ён дома. А што змянілася?

Я ведаю, я ўпэўнена: колькасць патрачанага чалавекам часу на рабоце залежыць не ад пасады, узросту — ад характару. Толькі настойлівасць ды ўпартасць даюць вынік. Але ж — як звыкнуцца з паводзінамі мужа?

Ён фанатык сваёй справы. Часта, бывае, пасваруся, нагавару непрыемнага, як вось зараз, аднак жа самы паважаны для мяне чалавек — мой Косця. Яго ўпартасці хапіла б на некалькі чалавек. Мне б яе крыху!..