— А ў чым справа?! — ледзь не да паловы корпуса высоўваюся з акна. Ліха на яго, выходзіць — яна сапраўды нешта недаказала?!
Мяне раптам кранае якоесьці прадчуванне. Хочацца павыкідваць праз акно чамаданы і выскачыць з вагона, покуль не набраў поезд хуткасці.
Перабіраючы ўсё ў памяці, потым я не раз сябе папракаў, чаму тады не выскачыў— было б усё ў парадку. Але ж я тады паддаўся эгаістычнаму самалюбству. Разважаў прыкладна так: столькі збыткавала з мяне, выбіла з настрою, а цяпер адумалася? Позна! Пацярпі і ты крыху — табе гэта карысна!
Задаволены помстай, вяртаюся ў купэ. Там — дзве маладзенькія прыгажуні. Дзяўчаты ажыўлена шчабечуць, але бачаць чужога дзядзьку і адразу робяцца сціплымі школьніцамі. Заставацца з імі нязручна.
7.
Выходжу ў калідор і спыпяюся ля акна. Агні горада зніклі, за акном — цемень, няма за што зачапіцца воку. Я яшчэ злую на жонку, аднак у глыбіні душы адчуваю сябе вінаватым. Каб не прыдумваць на Іру кепскіх слоў, стараюся адцягнуць сваю ўвагу на іншае.
Шкадую міліцыянера. Уяўляю сабе бывалага чалавека, які цяпер якраз валачэцца ў дзяжурку з пачуццём, бытта яго аплявалі. Азіраюся, шукаю вачыма афіцэра-малакасоса. У калідоры — нікога з дарослых. Уздыхаю. Чуваць, як малады голас з усходнім акцэнтам дурачыцца з правадніцай:
— Па-ачыму міне лаіш? Адын узбэк на цэлы вагон, і ты яго лаіш? Па-ачыму так?!
Непадалёку якаясьці дзяўчынка ў спаднічцы паверх лыжных шаравараў палахліва кранае пальчыкамі панікеляваны прэнт для занавесак, гладзіць узор на сценках вагона. Яна вельмі нагадвае мне дачку з яе праблемай: «Ай, усё роўна ніхто ў двары мне не паверыць, што бачыла актрысу і размаўляла з ёю!..»
Дзяўчынцы падміргваю.
Перад вачыма зноў паўстае Іра. Бяжыць па пероне ды махае рукой, бытта выцірае шыбу. Апошнія словы яе гучалі роспачлівым крыкам у цемры і прасілі ратунку. Мог жа я сказаць нешта добрае, каб вярнулася шчаслівая дадому, горла шкадаваў? Цяпер будзе хадзіць па горадзе і мучыцца...
Чаму на свеце так зроблена, што такое простае, як пару цёплых слоў, якія могуць узаскрэсіць чалавека, часамі і кляшчамі з нас не выцягнеш?! Зрэшты, блізкія людзі не павінны быць такімі дробязнымі, Іра, вядома, даруе і гэты раз. Яна, бедная, перажыла столькі, што і пра яе можна напісаць добрую кніжку.
Хто бываў на раённых нарадах ці ў райвыканкомах у пасляваенны час, той не мог не бачыць у нас жанчыны з галавой, абвязанай цёплай шэрай хусткай, у растаптаных валёнках і ў старамодным паліто ў талію. На перапынку гэтая жанчына прагна смактала цыгарку ў кампаніі з мужыкамі, як роўная з роўнымі. Яна мела звычку ўбіраць галаву ў плечы ды зацягвацца папяросай так, што трашчала махорка, млелі вочы. Дакурыўшы, зноў гатова была рынуцца на спрэчку. Толькі ўвечары перад кім-небудзь дзівілася:
— То ўжо но-оч?! Ой, а я раніцой як узяла кавалак хлеба ў рот, так больш яшчэ нічога і не ела!.. Ды ў мяне ж заўтра даклад перад выбаршчыкамі, калі мне рыхтавацца?!
Прыбыўшы на кватэру, садзілася канспекціраваць. Калі ж зморваў сон, яна з паўгадзіны драмала. Прачыналася ды зноў выпісвала цытаты. А раніцой, усхапіўшыся з кушэткі, скубла пару разоў грэбнем свае жорсткія валасы, хавала іх пад хустку ды, праглынуўшы што-небудзь на хаду, імчала на працу, сельвыканком ці ў брыгаду. З дзесяткам людзей на перапынках пачынала размову і ні адной не паспявала кончыць.
Гэта была Кама Вацлаваўна — Ірына маці.
Да вайны паміж сходамі і нарадамі Кама нарадзіла дачку Іру і сына Івана. Ей не было часу ўдзяляць ім увагі. Дзецьмі заапекаваліся блізкія і далёкія сваякі ды знаёмыя.
Настала вайна.
Першым поездам Кама Вацлаваўца адправіла малых у тыл, будучы ўпэўненай, што ў цяжкі для Радзімы час яна гэтым споўніла мацярынскі абавязак, пасля чаго ўключылася ў эвакуацыю заводаў ды ўстаноў. Яе дзеці самі пакутавалі па прыфрантавых дарогах, разбітых вакзалах, у абгарэлых вагонах, перапоўненых вёсках, іх апекавалі людзі.
Пасля вайны маці дзяцей знайшла ў дзетдоме. Прывёзшы малых да сябе, яна хадзіла за імі, сюсюкала, падлешчвалася ды надта перажывала, што яны цураюцца. Цяпер ужо нельга было, пакінуўшы на цэлы дзень ежы, замкнуць іх у кватэры ды ляцець на работу, як да вайны,— вылезуць праз акно.
На рабоце нехта заўважыў, што Кама Вацлаваўна «здала пазіцыі». Начальства ёй зрабіла вымову. Бедная кабеціна вінавата прамаўчала, аддала дзяцей пад нагляд суседак і зноў прападала па вёсках і на нарадах. Надзіва, дзецям гэта спадабалася. Нездарма яны прайшлі франтавыя дарогі: цэлымі тыднямі маглі жыць ледзь не на адным сухім хлебе і кільцы.
Сын рабіў электроліз вады ды страляў грымучым газам. Прывалок шчаня і вучыў яго па камандзе брахаць. Змайстраваў адмысловы лук, спрабаваў яго дома на сценах, шафе, а потым папрастрэльваў нават падручнікі. Затым Ваня знайшоў сабе кампанію. Сталі паступаць ад настаўнікаў скаргі. Урэшце яго выключылі са школы. Хлапец матляўся нейкі час без заняткаў, покуль не ўзяўся за розум. Паехаў у Мурманск, паступіў у марское вучылішча, скончыў яго і ўжо каторы год плаваў памочнікам капітана рыбалоўнага сейнера.