Выбрать главу

Гэтым часам Іра, прыгледзеўшыся да адносін сябровак з мацяркамі, стала прыходзіць дадому і гарнуцца да маці. Жанчына палохалася, разгублена цярпела выбухі доччынай ласкі ды адчувала сябе гэтак, бы нешта крала.

Скончыўшы сяк-так школу, Іра паступіла ў інстытут. Там мы і пазнаёміліся — я быў аспірантам, а яна — студэнткай. У Іры заўважалася развітая здольнасць адклікацца на ўвагу чужых. Прызвычаеная да апекі выпадковых людзей, яна і падросшы была да ўсіх даверлівай і непасрэднай. Я — старэйшы за яе на пятнаццаць гадоў дзядзька, які прайшоў агні і воды, стаў ёй адразу і бацькам, і братам, і мужам...

Надзіва, у Іры, якая сама не зазнала сямейнага шчасця ды цяпла, абудзіліся буйны інстынкт мацярынства і здольнасці гаспадыні. У самыя цяжкія для нас абаіх дні яна ўмела стварыць дома атмасферу радасці і дастатку. Гадоў сем пражылі мы абое ў згодзе і спакоі, покуль не захапіла мяне цалкам навуковая праца. Вось тут я, мабыць, нешта ўпусціў, Іра пачала жыць як бы сваім жыццём, а я — сваім...

Нам трэба было шчыра пагаварыць. Нічога, прыеду на месца і адразу напішу жонцы доўгае і цёплае пісьмо.

8.

Ад таго, што я сам сябе супакоіў ды прыняў рашэнне, адразу робіцца лягчэй. Думкі пайшлі ў іншым напрамку.

Цікава, чаму кніжак, як маладыя знаёміліся, кахаліся ці адно за аднаго змагаліся — тысячы, а пра тое, як жывуць потым, гэтак мала? Што за прычына гэтай з'явы? Няўжо чытачоў цікавіць адно той перыяд, калі маладыя імкнуцца да збліжэння? Жаніцьба ж не завяршае біялагічную дзейнасць пары, яна — адзін толькі з этапаў на доўгім і складаным шляху яе існавання.

Расце матэрыяльны ўзровень чалавека. Клопаты аб сям'і паступова бярэ на сябе грамадства, дзяржава, і ўсё больш чалавек вызваляецца ад турбот, а перыяд змагання аднаго партнёра за другога ў рамках адной пары расцягваецца. Што ж, продкам нашым не было калі высвятляць адносіны — іх займалі праблемы хлеба, жылля, мажлівасць спаткання з драпежнікам. Аднак і зараз трапляюцца людзі, для якіх усё жыццё — цярпенне.

От бы вывесці ў кнізе такіх, як Іра: яны ні ў дзяцінстве, ні цяпер не маюць спакою. А які з яе цудоўны чалавек і маці — сардэчная, клапатлівая, старанная, сумленная, якая з яе чысцёха... Што — нявытрыманая? Характэрная жаночая рыса!.. Мне часта падабаюцца ў ёй гэтыя выбухі спантанныя!..

Правёўшы мужа, яна там недзе зараз паклала дзяцей спаць, паплакала, вядома, паперажывала ды села рыхтавацца да ўрокаў, а пасля — правяраць сшыткі. Потым будзе зашываць, мыць, скрабці, чысціць, сушыць. Яшчэ загляне ў якую-небудзь кніжку. Наставіць будзільнік і... Раніцой настроіць на цэлы дзень малых ды адправіцца ў школу.

Гэтак — дзень у дзень! Звар'яваць можна. Застаўся нейкі жаль у душы да Іры, крыўда за тое, што нагаварыла столькі глупстваў? Ну і што, перажыву! Жыццё ў яе — бы на перадавой.

У будзённых клопатах такіх гаротніц убачыць добрае і вялікае надта цяжка, бо яно пакрыта штодзённай турботай, губляецца ў дробязных капфліктах. Аднак чаму ж не паказаць і ў гэтым гераізм, адданасць справе, прыгажосць?

Паспрабую зрабіць гэта потым. Усё залежыць ад таго, як пойдзе гісторыя Макарэвічаў.

У чамадане ляжыць папка з матэрыяламі. Толькі цяпер успамінаю, там — паперка з апавяданнем знаёмага.

У ліпені 1941 трапіў ён у віленскі лагер палонных. Немцы іх вадзілі ачышчаць савецкі склад з кажухамі. Гітлераўцам тэрмінова спатрэбіліся баракі склада, а немцы былі так упэўнены ў хуткай перамозе, што кажухі здаліся ім зусім непатрэбнымі: цэлы тыдзень палонныя вывалаквалі іх на двор, складвалі ў сцірты, аблівалі бензінам і... палілі.

Сярод зняволеных размяшчу і Паўла.

У мяне — амаль гатовы раздзел з перажываннямі героя ў першы тыдзень няволі! Вось мой Макарэвіч валочыць кажухі разам з іншымі і дзівіцца: дзе ж нямецкая гаспадарлівасць, эканомнасць, руплівая прадбачлівасць? У гэты момант падыходзіць да іх франтаваты вартавы ды самаўпэўнена кажа:

«Паліце, паліце гэтае смецце, усё роўна да зімы — рускім капут!»

Ад думкі, што мяне чакае новы твор і рабочы ціхі пакой, дзе застануся сям-насам з маімі героямі ды вобразамі, мяне разбіраюць знаёмыя дрыжыкі. Пачынаю спяваць. Рабіць гэта можна і без гукаў. Мпе падабаецца спяваць ва ўяўленні пад стук колаў у дарозе, у аўтобусе, пад шум вады з кранаў у лазні, і тады ў мяне атрымліваецца надта здорава. Вось і зараз выводжу мысленна фантастычнай прыгажосці мелодыі.