Выбрать главу

З цемры выскачылі агні. Праз хвіліну іх становіцца многа. У моры святла паказваюцца будынкі — карпусы цукровага завода. Выбягаюць з купэ мае суседкі ды прыпадаюць да акна. Толькі цяпер разглядаю, што яны даволі звычайныя дзяўчаты. Гэта мне ўжо столькі гадоў, калі кожная маладзенькая дзяўчына здаецца прыгажуняй.

— Во, тыя дамы — я будавала! I тыя парніковыя рамы! — паказвае сяброўцы рыжаваценькая таўстушка.— А там унь — наш завод! Тут — бальніца! Гэты будынак — кантора. А вось адсюль як пачнуць ісці цукровыя буракі, так да самай вясны!

— З горбаў, што ляжаць?

— Яшчэ іх няма — не навязлі! Там ляжыць вапнавы камень. Яго ў цукар дабаўляюць.

— Каб цяжэйшы быў? — жартуе нехта з калідора.

— Не-е! — абураецца таўстушка.— Каб быў белы. Яго мелюць, разбаўляюць содай на малако...

— З каменю можна малако зрабіць?

— Мо-ожна!

— Гм, не ведаў!..

Добры дыялог. Шкада, не выкарыстаеш у гісторыі з Макарэвічам. Мо спатрэбіцца іншым разам, трэ абавязкова запісаць... Памяць маю слабую, нічога ёй не давяраю, усё заношу ў блакноты. Яны заўсёды са мной і розныя: для дыялогаў, для фактаў, для замалёвак з натуры...

Неўзабаве дзяўчаты з чамаданамі выходзяць. На іх месца ўносіць чамадан нейкая дама.

Нас цяпер двое.

Сярэдніх год жанчына знімае плашч, кладзе на верхнюю паліцу матрац ды збіраецца туды лезці.

— Што вы, што вы, кладзіцеся на маё месца, а наверх палезу я! — уступаю незнаёмай сваю паліцу.

— Дзякуй,— кажа абыякава.— Здаецца, і другая ніжняя свабодная, не трэба наверх узнімацца і вам.

— А і праўда! — бяруся пераносіць сваю пасцель. Жанчына вяртаецца з туалета пераапранутая ўжо, кладзецца на коўдру ды бярэ кніжку. На ёй кофта без рукавоў, распушчаная русая каса, молада завернутая на грудзі. Ува мне абуджаецца якаясьці нездаровая клапатлівасць аб ёй. З перабольшанай стараннасцю аглядваю акно:

— Ці не прасквазіць нас ноччу?

— Яшчэ на дварэ цяпло,— кажа яна зноў абыякава.

Далей едзем і маўчым.

Я ляжу на другой лаўцы, разглядваю часопіс. Паміма волі мае вочы зыркаюць на белыя плечы суседкі. Выразна адчуваю прахалоду яе рук, плячэй, шаўкавістасць валасоў.

«Цьфу, чорт, я ж — бацька амаль дарослых дзяцей!» — лаю сябе за грэшныя думкі ды рашуча бяруся чытаць абзац спачатку.

Мне ўдаецца ўлавіць сэнс артыкула, але толькі на хвіліну. Цяпер ужо адчуваю нават рукамі пругкае супраціўленне, падатлівасць трапяткога цела.

«Мне нельга гэтага рабіць!» — кажу сабе без пераканання. Як у сне, бачу Ірын твар і гляджу на яе з нейкім помслівым здавальненнем...

Жанчына як бы насцярожваецца, кладзе сабе на грудзі кніжку ды пачынае са мной гутарку.

Гадзіны тры мы вельмі ветліва і ажыўлена гутарым пра сёе-тое, а мяне не пакідаюць упартыя імкненні. Ліха на яго, што здарылася, са мной жа такога ніколі не бывала?!

Спыняецца поезд у Смаленску. Успамінаю — трэба абавязкова даць тэлеграму каменданту інтэрната; прымушаю сябе гэты флірт абарваць. Прашу прабачэння ў спадарожніцы, накідваю на сябе паліто, выходжу з купэ.

У калідоры натыкаюся на заплаканую жанчыну з вырванымі гузікамі на світэры. Правадніца падводзіць да яе міліцыянера і на хаду апавядае:

— Вось да гэтай, што плача, п'яны прыставаў! Ламаў рукі, лез цалавацца. Яны былі толькі ўдваіх у купэ...

Нейкая жанчына каля мяне кажа другой:

— I са мной так аднойчы было!.. Як прыстаў, як прыстаў нейкі тып — нават і не п'яны!.. Міліцыю таксама давялося выклікаць!.. А спачатку прыкідваўся такім клапатлівым, галантным — чамаданы мне ўладкаваў, нават сваю ніжнюю полку мне ўступіў... Не-е, больш адна з мужыком у купэ не сяду ні за якія скарбы!..

Крочу ўжо на пошту неяк вінавата, няўпэўнена, бытта злодзей. Зноў адчуваю нібы крыўду на Іру, нібы страх...

9.

У інтэрнаце прачынаюся раніцой ад думкі, што мяне нешта чакае прыемнае. З затоенай радасцю, каб не спужаць прыемнасць, пачынаю прыдумваць цэлыя вузлы твора і адчуваю іх ужо нават напісанымі. Нават яшчэ і радуюся, што так здорава ў мяне атрымліваецца.

Не церпіцца хутчэй сесці за справу. Ды трэба ісці на заняткі, і я збіраюся.

У двары нікога з курсантаў ужо не відаць, мяне толькі апераджаюць студэнты інстытута псіхалогіі. З імі курсанты жывуць у адным будынку. Па даручэнню прафкома я праводжу з моладдзю «мерапрыемствы», і студэнты мяне добра ведаюць. Заўважаю, што маё вока сёння — вострае на дэталі, а сам я — узбуджаны, ва ўзнёслым настроі.