— Ой, з прыездам! Добры дзень, Канстанцін Мікалаевіч! — вітаецца дзяўчына.
— Тамара? Добры дзень. Як свята правяла?
— Канікулы? Цудо-оўна! На веласіпедзе каталася! Адсыпалася. Кніжкі чытала! I нават маме не дапамагала!
— Нішто сабе дачка...
— А мне мама не дазваляла ні за што ,брацца! — шчыра апраўдваецца дзяўчына.— Во — дванаццаты тралейбус, бяжым, яшчэ паспеем!
— Ты сабе бяжы, а мне — няёмка...
— Бывайце!..
З лёгкасцю маёй Марынкі студэнтка ляціць па тратуары, пераскоквае лужыну. Перад посам машын перашмыгвае вуліцу ды вось ужо — на аўтобусным прыпынку. Шафёр лаецца, але зараз жа зачыняе дзверы, і голас яго абрываецца. Неўзабаве перад маімі вачыма праплывае ўжо бітком набітая машына. Тамара стаіць упрытык да ўзлахмачанага юнака і гарэзліва ўсміхаецца.
Яна — не проста рагатуха. Аднойчы на бульвары ля помніка ўбачыў яе з букетам. Поўнымі таямнічай заклапочанасці вачыма кагосьці выглядвала.
Ішоў я бульварам у наступны дзень, а дзяўчына стаіць зноў. I толькі тут мяне штосьці штурханула, я здагадаўся — яна нікога не чакае, выдумала сабе такую гульню!..
Маёй Любе Макарэвіч-Гарошка патрэбны сяброўкі. Тамары якраз не хапала ў кніжку!
Ціснуся ў наступны тралейбус, хапаюся за панікеляваную перакладзіну. Побач з маёй рукой трымаецца за гэтую самую перакладзіну рука другая — з нейкім надпісам. Прыглядваюся.
Амаль на ўсю шырыню кісці сінім густым пункцірам выведзена сэрца, а ў ім бутэлька, дзве шклянкі ды вакол словы: «ЭТО НАС ГУБИТ». Рука мускулістая, поўная маладой сакавітасці, з цёмнымі варсінкамі...
Мяне нібы маланка паражае. У майго героя таксама будзе татуіроўка на руцэ, толькі, вядома, тэкст прыдумаю іншы!.. Можа, і на выгляд гэты чалавек падыдзе да Макарэвіча?
Людзі стаяць так цесна, што нельга разабрацца, каму размаляваная рука належыць. Ад таго, што я кручуся, каб убачыць твар незнаёмага, азіраецца студэнтка Юля з нашага інтэрната.
— Гэта вы-ы, Канстанцін Мікалаевіч?!— шэпча ўзрадаваная.— Ой, як добра, што вы ўжо вярнуліся! Бо я даўно збіралася да вас, каб пахваліцца!
— Калі ласка, з прыемнасцю раздзялю з вамі радасць. Мо кажыце цяпер?
— Ой, ведаеце, я пасябравала з адным маладым чалавекам! — пачынае з захапленнем.
— Віншую.
— Ён так клапоціцца, так дбае пра мяне!..
— Гэта рэдка бывае сярод мужчын цяпер. Вельмі рады за вас...
— Ой, каб вам толькі змагла расказаць, які ён сардэчны, які чулы, уважлівы, шчодры, шляхотны, высакаро-одны!..— думае хвіліну — падбірае новыя эпітэты.
Што яна вярзе?!
На самай справе дзяўчыну зачараваў аболтус. Ён — гуляка і хам, ды казалі, што ў горадзе мае сабе яшчэ некалькі жонак. Да Юлі прыходзіць, каб нажэрціся, выцыганіць грошай, і тады бедная Юля лётае па ўсіх сямі паверхах інтэрната, пазычае. За вочы дзяўчыну ўсе шкадуюць, часамі з яе пасмейваюцца, але з жаласці пазычаюць, колькі хто можа. З роспаччу на сэрцы з-за яе не раз пазычаў дзяўчыне і я, не знаходзячы адвагі сказаць ёй пра тое, што аб усім гэтым думаю.
— Я такая цяпер шчаслі-івая, мне так до-обра!— усё з тым жа захапленнем выдыхае. Голас і вочы ў Юлі шчырыя, чыстыя, натхнёныя.
Разгублена азіраючыся на студэнтку, маўчу. Тая ходзіць з кветкамі да помніка, гэтая — хама прыняла за прынца...
«Гм, Тамара і Юля — адзін закопчаны літаратурны тып? Іх жа можна аб'яднаць?!»
Выходжу на бульвар. Заходжу за ліпу, дастаю блакнот ды пачынаю запісваць. Мной валодае пачуццё, бытта сёння раніцой я натрапіў на залатую жылу. Здаецца, я — самы багаты чалавек у Маскве. На прахожых гляджу звысоку, з палітаваннем.
10.
На курсах машчуся ў зале ля апошняга стала.
За трыбуну заходзіць лектар — вялізны, пажылы армянін у чорным касцюме і вогненна-чырвоным світэры.
«Новае аб інтуіцыі» — тэма яго лекцыі. Усё, аб чым ён можа сказаць, ведаю яшчэ з інстытута. З прац нашых і зарубежных вучоных усё гэта добра ведаюць і мае сябры. Большасць курсантаў пасля лёгкіх пратэстаў бярэцца пісаць нешта сваё, а хто — чытаць свежыя газеты ды часопісы. Мабыць, толькі адзіны чалавек слухаў лекцыю армяніна ўважліва.
Перада мной сядзела загадчыца кафедры з Разані і старанна вяла канспект. Вечарам у інтэрнаце яго зубрыла да раніцы, каб толькі яе пахвалілі на семінары. Пасля кожнага семінара атрымлівала з дому тэлеграму: «Машанька віншуем пяцёркай цешымся тваёй адукацыяй тата мама». А скончыла ж два факультэты, сама выкладала псіхалогію ў нейкай ВНУ...
Навошта перапяваць тое самае і даводзіць сябе да атупення? Паглыбляць веды можна без канца. На асвету чалавека ўплывае розум, які выкарыстоўвае гэтыя самыя веды, уплывае і сэрца, сумленне, чаго механічным зубрэннем не нажывеш аніяк. Ці не таму Машыны артыкулы сухія, бедныя, а чытаць іх — адно мучэнне? Асвета, адукацыя, інтэлект — дар свабоды і вольнага часу, яны ўдыхаюцца намі як паветра, на іх працуюць не прадбачаныя ні ў якіх праграмах фактары.