Гэтак разважаю між іншым. А ў душы бушуе, бытта ў мяне высокая тэмпература.
Для кафедры псіхалогіі спатрэбілася неяк шыльда. Яна мелася вісець пасярэдзіне калідора, на вачах студэнтаў і выкладчыкаў, таму было не ўсё роўна, якой будзе. Якую мне заказаць? Карычневы фон? Чорную дошку і сярэбраныя літары?..
Пытанне не давала спакою некалькі дзён.
Аднойчы прачынаюся сярод ночы з настроем, бытта мяне спасцігла вялікая ўдача. Пачынаю разбірацца — адкуль гэты настрой? Ага, снілася, бытта бачыў шыльду ўжо на дзвярах свайго кабінета. Шыльда — малочна-белая з чорнымі літарамі.
Толькі цяпер спахапіўся, што на фоне сініх дзвярэй такая шыльда ў інстытуце будзе не крыклівай — сціплай і прыгожай. I вось скажыце, спаў я, а нейкая звіліна мозгу працавала па раней зададзенай праграме. Знайшла вырашэнне, падала сігнал, таму я і прачнуўся. Гм, прарочы сон, інтуіцыя, а на самай справе — усё такое звычайнае.
Узаемасувязь чалавечага вопыту, ведаў, логікі, характараў з працэсам і механікай узнікнення нечаканага рашэння, з тлумачэннем гэтай з'явы, з паказам, як выглядае гэтае пытанне ў працах псіхолагаў нашых і замежных — вось пра што трэба гаварыць армяніну, а не перажоўваць старое!
Зрэшты, такое «выкладанне» мае і дадатны бок,— прымушае нас саміх думаць ды шукаць ісціну. Толькі ж як можна гэтак адносіцца да лекцыі?
Нахабнік!
Тым часам аўдыторыю ўсё напаўняе голас выкладчыка. I далей у ягонай прамове думкі неглыбокія, факты нецікавыя, а найбольш — агульных фраз. У барацьбе за існаванне ён набыў спецыялыіы стыль. Вось зыркае ў канспект, схоплівае абзац ды пераносіць позірк на курсантаў, на акно, аж на столь — маскіруецца, што чытае сказ па памяці.
— Нават вялікі Эйнштэйн сцвярджаў, што адкрыццё можа наступіць не як вынік лагічнага мыслення. Шырока вядомыя выпадкі, калі той ці другі вучоны прыходзіў да вырашэння складаных тэарэтычных праблем...
Армянін пачынае абзац паціху. Паступова яго пракураны голас мацнее. Праз хвіліну сіплы бас напаўняе аўдыторыю і даходзіць да такога крэшчэнда, што ты нікуды не можаш падзецца, ужо глядзіш выкладчыку ў рот з трывогай. Яму не хапае паветра, бедны, становіцца на наскі туфляў, вочы лезуць аж на лоб...
I ўжо заміраюць аўтаручкі над канспектамі. Адкладваюцца газеты ды часопісы, а дзесяткі пар вачэй насцярожваюцца з трывогай. Выкладчык падскоквае, курчам жывата збірае рэшткі паветра і апошнімі дыхамі канчае фразу.
У зале ад аблягчэння варушацца людзі.
Вельмі яскравы тып. Толькі куды яго выкарыстаць?
Ага, Макарэвіч — курсант, адну дысцыпліну ў іх выкладае такі самы армянін у чырвоным світэры...
Трэба яго абавязкова запісаць — як знайду потым. У калідоры празвінела.
11.
Курсанты хлынулі на перапынак.
У тым жа ўзнёслым настроі, не чуючы пад сабой ног, плыву за ўсімі ў калідор і я. Гэта не школа, не інстытут. Прыехалі мы сюды не на кароткі час, узросту ўсе саліднага, таму сярод курсантаў знаёмства вонкавае. Узбуджанасць яшчэ больш аддзяляе мяне ад людзей. Сябры паўстаюць перада мной, як сілуэты. Для студэнтаў сённяшнія курсанты — поўныя таямнічага арэолу і мудрасці асобы, а для мяне — звычайныя людзі са сваімі недахопамі.
Унь казахскі псіхолаг катае з паперы шарык, каб запусціць у лысіну суседа — сябра з Уфы.
Грузінскі аўтар папулярных артыкулаў у «Технике молодежи» таямніча ўсміхаецца і нешта шэпча на вуха вучонай з Гродна — прыгожай, элегантнай брунетцы ў тым узросце, калі жанчыны асабліва ўмеюць падабацца, бо паспелі добра вывучыць свае козыры.
Петразаводскі таварыш у акулярах — курсавы філосаф — сабраў грамадку і развівае новую тэорыю.
Малдаванка бегае па паркеце ды ўважліва цікуе: стараецца адгадаць, якое ўражанне выклікае ў мужчын яе новая прычоска.
Смуглы іранец падпёр сцяну, тупа глядзіць у даль ды абыякава чакае званка.
А вунь ляціць з блакнотам у руцэ да тэлефона аўтар кніжкі па псіхалогіі; апрача дзелавітасці, у яго ледзь прыкметнае шчаслівае ззянне твару, вачэй, якое бывае толькі ў таго, хто мае поспех у людзей ды ўпэўнены, што ўсе яго прызнаюць.
Самы ж малы ростам новасібірскі вучоны ходзіць ад кампаніі да кампаніі, спрабуе расказаць анекдот, ды ад яго адмахваюцца, як ад назойлівай мухі.