Калі творчасць — праяўленне інстынкту, дык поспехі і намаганні аўтара галоўным чынам зводзяцца да таго, што ён дае магчымасць сваім здольнасцям развівацца ў той час, калі іншыя б'юць бімбікі...
Так разумею гэтае пытанне цяпер, становячыся вучоным. Бо мой творчы інстынкт зараз знаходзіць выйсце ў праблемных артыкулах, што хвалююць чытачоў, як у час студэнцтва я знаходзіў сябе ў грамадскай рабоце, а да вайны — на бацькоўскай гаспадарцы.
Гэта ўсё так. Але многае яшчэ залежыць і ад абставін, якія штурхаюць чалавека на адкрыцці, пісанне кніжак...
Пра творчасць будзе што сказаць.
Ліха на яго, чаму ж так бывае, што сядзіш і пішаш дзень і ноч, месяц, паўгода, тэма перад табой развіваецца па ланцуговай рэакцыі, то зноў надыдзе на цябе перыяд ляноты, калі пісьма дамоў не можаш скласці, хоць ведаеш: толькі вазьміся за тэму — і будзе вельмі прыемна, тым не менш — зноў нічога не робіш?! Прычына ўсяму — натхненне? А што гэта такое, і адкуль яно прыходзіць, адкуль яго чакаць?..
Аб чым гаварыць на семінары? Будзе ж слухаць сорак вучоных, не аскандаліцца б!
Падумаеш пра даклад — робіцца страшна. Ад эмацыянальнай узбуджанасці пачынаюць дробненька выстукваць зубы. Гэты стан мне добра вядомы з дзяцінства, з вайны, па экзаменах у інстытуце...
Часамі табе здаецца ўсё пастылым і сумным, а свет нямілым ды ўжо не хочацца жыць. Варта, каб што-небудзь цябе кранула, адразу эмоцыі настрояць на мажорны лад, і той самы свет ты ўжо бачыш цалкам іншым.
Чалавек не скажа ў звычайных умовах таго, што вырвецца ў яго з душы ў перыяд эмацыянальнага ўздыму.
А мо творчасць ідзе не ад міфічнага натхнення, а ад гэтых самых эмоцый, што нараджаюць у чалавеку страх, самалюбства, пачуццё абавязку, гонару, патрыятызму ці — імкненне праславіцца, якое тоіцца на душы кожнага чалавека?
У вайну сам бачыў, як людзі са страху рабілі геройскія ўчынкі. Менавіта з-за эмацыянальнага ўзбуджэння, а не з-за разумнай і халоднай развагі — розум якраз гаварыў бы чалавеку не лезці пад кулі, куды-небудзь зашыцца і перачакаць небяспеку. Вось чаму трэба, каб наш чалавек і грамадзянін быў эмацыянальна багаты.
На свеце шмат кніжак, скульптур, карцін, навуковых прац. Ступень якасці кожнай рэчы, яе прыдатнасць грамадству залежыць ад развітасці аўтара, яго культурнага ўзроўню, характару, здольнасці, ну і безумоўна,— ад сілы напалу эмоцый, якія ён абудзіў у сабе, калі тварыў рэч. Менавіта яны дапамаглі аўтару дабыць з сябе ўсё, што пакоілася ў тайніках яго душы. А ў комплексе ўсе гэтыя якасці мы, мабыць, і называем — талентам.
Я ўжо ў добра мне вядомым творчым настроі. Я ўпэўнены — будзе пра што сказаць.
Толькі ж, ліха на яго, зноў закавыка: тэму мне навязалі, а хіба можна тварыць па заказу?
А чаму б і не? Колькі сярод нашых курсантаў сумленных вучоных, якія пішуць выдатныя працы для часопісаў толькі тады, калі ў іх на руках умовы з рэдакцыяй! Афіцыйная паперка з пячаткай абавязвае чалавека прынесці ў вызначаны тэрмін рукапіс, у аўтара ад гэтага нараджаецца пачуццё самадысцыпліны і эмоцыі выклікаюць працаздольнасць, як заданне армяніна выклікала ў мяне ўжо цэлую буру пачуццяў.
Успамінаецца даўно пачуты факт.
Сусветныя шэдэўры «Страшны суд», «Сікстынская мадонна» — створаны Мікеланджэла па заказу. Выходзіць, і ў геніяў такая самая канструкцыя ў механіцы пачуццяў, такі самы склад душы? Вядома, такі!
У чым жа тады сакрэт папулярнасці мастака? Мабыць, у характары прафесіі. У часы Льва Талстога былі, напрыклад, артысты не менш таленавітыя і перадавыя за яснапалянскага графа, але іх творчасць не перажыла іхнюю смерць. Пасля вучонага застаюцца адкрыцці, пасля пісьменніка — кніжкі, а пасля такога артыста — толькі ўспаміны, жыццё якіх, як вядома, кароткае.
Цікава — натхненне можна арганізаваць, а гэта азначае — прадбачыць. Вось у мяне ўжо абвостраная ўвага да новай тэмы, пра якую сёння раніцой яшчэ і не думаў. Пачынаю заўважаць рэчы, што раней, напэўна, прапусціў бы міма вачэй.
Перапынак яшчэ не скончыўся. У калідоры гудзе, як у вуллі. Каля мягіе калега з Новасібірска штосьці разумнае сказаў, петразаводскі таварыш адразу пачынае з ім спрачацца. I было відочна, што спрачацца няма чаго, але апанент хоча ўтрымаць марку філосафа, узяць верх, таму ў яго знаходзіцца ўжо столькі аргументаў і так ён мадуліруе голас, махае рукамі ды есць ва-чыма маленькага ростам праціўніка, што той, бедны, здаецца.
У «філосафа» — самалюбства, прага ўсіх нас уразіць. Усё гэта спарадзіла эмоцыі, а яны мабілізавалі ўсе здольнасці арганізма, каб даказаць тое, чаго, здаецца, даказаць нельга.