Выбрать главу

1З.

Еду зноў тралейбусам.

Побач са мной дзяўчына нервова перабірае апошнія старонкі кніжкі. У добрым творы з першага абзаца які-небудзь факт запальвае ў табе эмоцыі, ты пачуеш асалоду і вось ужо абудзілася фантазія, памяць. Табе становяцца блізкімі апісанні, сітуацыі, псіхалагічныя моманты, якія калі-небудзь перажыў ты сам. Уяўленне дапаўняе няясна сказанае, і пайшло-паехала.

Эмацыянальна напісаная кніжка выклікае цікавасць таму, што запальвае эмоцыі чытача.

Перада мной сядзіць пара закаханых. I з імі адбылося нешта падобнае. Ён яе нечым уразіў, і яна пачала пра яго крыху думаць. Гэтае «крыху» ўзрадзіла ў дзяўчыны эмоцыі, тым больш што яны аж прасіліся адклікнуцца. А хлапец на гэта — ніякай рэакцыі. У яе ўзнікла пакрыўджаная гордасць — жаданне давесці сваё, а ўсё спарадзіла новыя эмоцыі ды прыёмы. Нарэшце яна звярнула на сябе ўвагу жаданага, і яны зблізіліся. Але зблізку ён паказаўся зусім іншым, чым той герой, якога яна вынасіла ў сэрцы. Абвостраная фантазія ды ўяўленне дамалявалі яго, сцёрлі розніцу з запаветным. I наступіў такі момант, калі мы скажам: яна ў яго закахалася.

Кажуць, той, хто можа закахацца,— таленавіты. Мабыць, гэта праўда, бо таленавітасць і эмацыянальнасць ходзяць разам. А мо гэта адно і тое самае?..

...Пазвалі Паўла ў канцылярыю. Валачэцца ён туды з-за калючага дроту згаладнелы, чорны — адно скура ды косці (рэмень адабралі, усе гузікі адрэзалі, і ўжо даўно не хадзіў у туалет — ні па малому ні па большаму, бо мізэрную колькасць таго харчу, які яму ўдавалася здабываць, яго малады арганізм засвойваў увесь, без астатку). Павел дзівіцца, да чаго дайшоў — пальцамі абедзвюх рук можа абхапіць сябе ў поясе!

У канцылярыі яго чакае адкормлены славянін у светла-карычневым, з іголачкі, мундзіры, а на рукаве ў яго бялеюць літары «РОА» (Русская освободительная армия). Прадажнік родам з якога-небудзь суседняга з Паўлам раёна, скончыў гэтаксама школу чырвоных камандзіраў, прымаў прысягу перад чырвоным сцягам з партрэтам Леніна, а цяпер вось ён — на службе ў фашыстаў.

Тып цынічна ўсміхаецца, ляскае бізуном па далоні ды са здзекам пытаецца:

— Ну, Макарэвіч, будзеш яшчэ трымацца ці расколешся? Дапамагчы?..

У «дахадзягі» Паўла звычайная чалавечая гордасць выклікае эмоцыі: ах ты, гадзіна, хочаш, каб і я такім стаў? Трэ было набіць морду мярзотніку, ды Павел адчувае, што «зямляк» зваліць яго з ног адным пальцам.

А праз хвіліну «землячок» ужо катуе палоннага. Але эмацыянальнае абурэнне дадае лейтэнанту новай сілы ды яшчэ большай упартасці. Млее цела, ды ён поўны лютасці і рэшткамі свядомасці сабе ўнушае: не, ніколі! Адпаведна стану напружанасці нерваў з'яўляюцца сілы. Дарэмна злуецца прадажнік — Паўла агортвае асалода перамогі над ім.

У адной кніжцы Бальзака спешчаная і далікатная герцагіня ў адчаі ламае тонкімі, зусім не трэніраванымі пальчыкамі стальныя прэнты турэмных кратаў.

Біёлагі тлумачаць: у такія моманты адбываецца «выбух мышц», калі працуюць абсалютна ўсе клеткі, мабілізуюцца рэсурсы арганізма, перадаецца ў кроў увесь цукар, павышаецца нават тэмпература. А з пункту гледжання псіхолага ў герцагіні наступіў момант звычайнага афекту.

Такое здарылася і з Макарэвічам на допыце.

Вось і ў аўтара ўсё ідзе не ад міфічнага натхнення. Вучоны, артыст ці пісьменнік — чалавек, які здольны эмацыянальна ўзбуджацца да такой ступені, калі яму становіцца даступным многае.

Узровень таленту, відаць, залежыць і ад памераў ці дыяпазону эмацыянальнай узбуджанасці, а таксама ад патэнцыяльнай магчымасці, якая тоіцца ў аўтару да пары, покуль эмацыянальная напружанасць зачэрпвае матэрыял для вобразаў.

Апынаюся ў метро.

Чамусьці найлепшыя ідэі мне прыходзяць у галаву, калі я куды-небудзь іду ці еду. Людзей тады не заўважаю, знаходжуся — нібы ў лесе, а тэмп навакольнага жыцця па нейкай індукцыі перадаецца і мне, напальвае нервы ды прыспешвае думкі. Адно пасля гэтага баліць галава. Як, напрыклад, і зараз.

Каб крыху развеяцца, накіроўваюся ў цэнтральную залу Маскоўскага Дома вучоных на вечар. Эскалатар нясе мяне ўверх. Я ў метро, трымаюся за гумовую стужку поручня ды стараюся пазбавіцца ад назойлівай і дакучлівай ідэі. Гума паступова адносіць руку, я вымушаны час ад часу брацца за іншае месца, бо прыступкі чорнай стужкі рухаюцца не сінхронна з поручнем. Прыладжваюся нарэшце да рытму тэхнікі, узнімаю галаву і дзіўлюся.

Каля мяне стаіць красуня. I такая, што не адвесці вачэй. Дзяўчына адчувае мой позірк, штучна загаварыла да сяброўкі, і адразу прыгажосць яе кудысьці знікае.