Дзіўна.
З іншымі бывае наадварот. Ведаю адну маладзіцу без таліі, з плоскімі грудзямі, з зямлістым тварам, вялікімі вуснамі і доўгім носам. Варта толькі звярнуць на яе ўвагу, як яна раптоўна мяняецца. Тады ў яе з'яўляюцца і мяккасць, і грацыя, і жаночая прывабнасць, і душэўнасць, а вочы прамянеюць ужо ласкай, нават вусны свяжэюць, як у дзіцяці, а твар — ружавее. Бо і ёй хочацца быць прывабнай, і паслужлівыя эмоцыі мабілізуюць увесь арганізм. Талент у такой — падобны таленту вучонага, мастака?..
Глянеш, на выгляд аўтар маленькі, хілы і слабы, а вывеў у кніжцы свайго галоўнага героя волатам ды гэтак падрабязна, бытта сам бываў у яго шкуры — эмацыянальнасць дае магчымасць аўтару пабыць у вобразе свайго героя.
14.
Ужо цямнела, калі я выбраўся з метро на вуліцу, дзе знаходзіцца Дом вучоных. Ля ўвахода чакае галоўны ўрач нашай бальніцы. Ён тут таксама на курсах, толькі на кароткатэрмі-новых — у інстытуце грудной хірургіі. Днём я пазваніў яму, што маю білеты на сустрэчу з пераможцамі алімпійскіх гульняў.
Распранаемся ў гардэробе ды займаем месцы ў зале. Да трыбуны падыходзіць няскладная дзяўчына, пачынае няўмела, нудна апавядаць свае прыгоды:
— Ну, далі старт, і я гляджу: бягу ззаду ўсіх. Ну, думаю, навошта сюды ехала, толькі каб пячыся ў гэтай гарачыні ды яшчэ апошняй прыйсці да фінішу?! Але балельшчыкі як закрычаць на мяне: «Давай, Жэня, давай!..» Аднекуль з'явіліся і сілы, і я ўсіх з лёгкасцю неспадзяванай абагнала!
Дарагая, гэтыя ж самыя балельшчыкі абудзілі ў табе эмоцыі! Вось чаму ў дні адказных матчаў важна, каб былі поўныя стадыёны народу!
У перапынак выходзім у калідор. Мой практычны сябра пачынае да ўсяго прыглядацца і ацэньваць. Нават нагінаецца ды мацае дыван, зайздросціць:
— А то-оўстыя!.. От бы мне такія ў бальніцу — ні гуку не пачуў бы ніхто ў будынку!.. Цікава, падлогу яны паліруюць кожны дзень?
— Не ведаю...
Зямляк бачыць на паркеце акурак:
— Ну-у, закурыў бы гэтак у мяне, нягоднік, я б яго ў два шчо-оты!..
Чалавек мяне кранае. Пачынае сябе лаяць, што не ўдзяляў яму ўвагі, і знаходжуся ў стане трызнення.
— Уладзімір Макаравіч, у грудным інстытуце шмат новага? Цікавыя ў вас там людзі?
Урач уздыхае:
— Розныя!.. А ўчора аднаго хірурга-хулігана нават вытурылі адтуль!.. Але таленаві-іты-ы, бадзя-ага-а, столькі адкры-ыццяў зрабіў!
— То і ў вашай прафесіі могуць быць хуліганы?
— Разумееце, калі ў мяне памрэ чалавек на стале, я тыднямі не знаходжу сабе месца. Нават у сям'і ў мяне жалоба!.. А гэты пачаў аперацыю, хворы пад пажом сканаў, а ён ужо крычыць: «Хутчэй нясіце другога!» Памёр другі — і ён: «Трэцяга сюды!..» I трэці памёр... Але ж таленаві-іты, як той чорт! Колькі ён новага ўнёс у аперацыю сэрца! Штук восем кніжак пра свае адкрыцці ўжо выдаў, ды якія — пайдзі ў кніжныя магазіны ды знайдзі іх!.. Па яго метаду ўратавалі не адну тысячу людзей! Яго ў Англію выклікалі на паўгода!..
Хірурга эмоцыі давялі да такой стадыі, што хворыя ў яго сталі трупамі для доследаў.
Стараюся, як магу, выпытаць у сябра пра тое, што мяне цікавіць. Эмоцыі і мне дапамагаюць. Раптам адчуваю, якім зрабіўся хітрым, цярплівым, настойлівым, і ў выніку сябра працягвае дзяліцца вопытам:
— Аднойчы выклікаў мяне следчы, каб я даў яму заключэнне аб адной арыштаванай. Няшчасная кабеціна ўчудзіла ліха ведае што. Праўда, на гэта былі ў яе свае прычыны. П'яніца-муж з яе надта здзекаваўся. Жонка старалася, як магла, адвучыць яго ад гарэлкі, ужывала розныя спосабы і сродкі, але — усё дарэмна. Тады суседкі параілі яшчэ адзін спосаб — самы правераны, цётка вырашыла яшчэ і яго выпрабаваць. Калі муж зноў прывалокся п'яным ды стаў буяніць, кабеціна паклала свайго няўдалага на ложак ды прывязала ручнікамі. Раніцой п'яніца прачнуўся ды папрасіў пахмяліцца. Няшчасная кабеціна кажа: «Зараз ты ў мяне пахмелішся! Так цябе пахмялю, што больш ніколі не захочаш!..» Завязала яму рот, прывалакла з сяней тачыла — давай тачыць сякеру і прыгаворваць: «Мучыў ты, злыдзень, мяне дваццаць гадоў, праз цябе не магла данасіць ні адно дзіця, ні дня, ні ночы не мела спакою, але цяпер разлічуся за ўсё! Маліся!» Жанчына накінула мужу на вочы хустку і лёгка ўдарыла па лобе валёнкам. Муж адразу і богу душу аддаў. Яна — у крык! З плачам прыляцела ў міліцыю ды пра ўсё расказала. Я следчаму адразу і заявіў: тут профіль не мой, а — неўрапатолага, бо забіла алкаша не кабеціна, а самыя звычайныя эмоцыі страху стэрарызаванага і вінаватага чалавека.
Ліха на яго, як усё атрымліваецца!
А можа быць і наадварот. У вайну цяжка паранены лётчык аднойчы пасадзіў з намі на аэрадром машыну, упэўніўся, што ўсе ў ёй цэлыя, жывыя, ды толькі тады памёр!