Выбрать главу

Відаць, самыя магутныя эмоцыі могуць узбудзіць інстынкт мацярынства.

Адправілася Люба Гарошка з партызанамі на заданне. Зіма, усе перамерзлі, стаміліся і згаладнелі. Пры пераправе лодку льдзінамі перакуліла, ды абладаваную вінтоўкамі, патронамі, гранатамі, толам маладзічку адразу пацягнула ў ледзяную твань. Рэшткамі сілы яна ўстрапянулася, вынырнула, трапіла галавой у дно лодкі і — зноў патанула. Болей не было ні магчымасці, ні жадання ратавацца. Адразу захлынулася ды адчула, што траціць прытомнасць — канец. Але тут раптам перад вачыма паўстала светлая галоўка дачкі, успомніла пакінутую ў старой малую, жахнулася — што будзе са Святланкай?! Ад гэтай думкі партызанка адразу апрытомнела.

Аж за чацвёртым разам, ужо з поўнымі лёгкімі вады, яна з усім ладункам на плячах нарэшце выплыла, паказалася паміж ільдзін. «Люба, Макарэвіч, лезь да нас!» — узрадаваліся таварышы, хапілі яе за мокоы каўнер ды ўзвалаклі на абсмоленае дно да сябе. Даплыла яна з хлопцамі так да берага і толькі тут дазволіла сабе такую раскошу — самлець.

Мая мама была даволі здаровая жанчына, ды памерла недарэчна. У апошні час я назіраў у яе апатыю, яна страціла да ўсяго цікавасць, бо галоўная мэта яе жыцця — дзеці к таму часу вывучыліся, пажаніліся, павыходзілі ў людзі, мала яе і наведвалі. Мама адчула сябе сярод нас як бы лішняй, а тут надарыўся выпадак пазбавіцца ад зямных клопатаў: выйшаў са строю нейкі вінцік арганізма. Не дапамаглі ні ўрачы... ні лякарствы, ні бальніцы, і ўступіў у дзеянне адвечны механізм прыроды — самаліквідацыя з-за непатрэбнасці! Самае трагіка-мічпае тое, што калі б у той момант, як яна злягла, здарылася няшчасце са мной, з братам ці з сёстрамі, то ў ёй абудзіліся б эмоцыі, якія мабілізавалі б яе сілы, ад чаго напэўна мама выздаравела б ды дапамагла б катораму-небудзь з нас, як гэта рабіла заўсёды ў цяжкі час...

15.

Вяртаюся з хірургам дамоў. Я задаволены: ужо добра ведаю, пра што гаварыць на семінары. Толькі абавязкова трэба заглянуць у знцыклапедыі, паглядзець апошнія працы і пра тое, як цяпер тлумачаць значэнне слова «эмоцыі».

Еду ды ўкладаю сабе ў галаве, які прыклад за якім упішу заўтра ў даклад. Мяне зноў разбірае радаснае хваляванне, якое крыху прытупілася ад навязанага даклада,— да вечара яго скончу, а там што рабіць?..

Ці не напісаць лепш кніжачку аб эмоцыях? Папулярную, з простымі цікавымі прыкладамі, даступную для кожнага? Гэта ж мне бліжэй і зручней, чым раман!..

Уладзіміру Макаравічу спатрэбілася зайсці на пошту.

— Жонцы пазваню...— тлумачыць.— Дадуць наш горад хутка, зараз і паедзем!.. Гаварыць доўга нам не прыйдзецца.

Спахопліваюся — так і не напісаў Ірыне.

— А мне, думаеце, не трэба?.. Зойдзем разам, пазваню і я сваёй!

Ужо каля гадзіны ночы, калі тэлеграфістка злучыла мяне з кватэрай. У трубцы нейкі час чуюцца доўгія гудкі.

— Ало!.. Ало!.. Ало!!.

— Чуеце? Ніхто не адзываецца! — са спачуваннем заяўляе дзяжурная з міжгародняй.

— Званіце, званіце яшчэ! — малю жанчыну.— Гэта мая кватэра, я ведаю ў ёй парадкі, там напэўна зараз нехта ёсць!..

— Паспрабую...

Дарэмныя намаганні дзяжурнай — трубку не паднімаюць. Надта дзіўлюся: Іра ж у такі час павінна быць дома?!

— Мо заснула моцна,— супакойвае хірург,— спіць і сны бачыць.

— А што думаеце? Пасля працы...— прыкідваюся спакойным: Іра спіць вельмі чуйна.

Нічога не разумеючы, выходжу з кабіны, прапускаю туды сябра ды пачынаю мітусіцца па вестыбюлі. Чамусьці адно цяпер заўважаю ў пакоі дробязі. I ўсе адмоўныя.

Вышчарбленае настольнае шкло.

На плакаце, які крыва вісіць на сцяне, нехта веерам насадзіў агідных чарнільных плямак.

Паміж сцяной і партрэтам — шматок чорнага ад пылу павуціння.

Падлога не вельмі чыстая. Дошкі ўсохліся, са шчарбінамі.

У дзяжурнай за акенцам — патрэсканы лак на пазногцях...

Спалохана паварочваю.

Праз шкляныя дзверы кабіны відзён хірург. З выразам найшчасліўшага чалавека ў свеце прыціскае да вуха трубку, глядзіць у мой бок, хаця мяне, вядома, не бачыць, бо ў гэты момант ён за тысячу кіламетраў адгэтуль, перанёсся да сваіх.

Страшэнна чалавеку зайздрошчу.

Раптам мяне агортвае жах — на якую халеру мне тыя эмоцыі, семінар, даклад?! Уздумаў займацца ліха ведае чым!.. Зрабілася невыносна сумна і ніякавата. Пацягнула да Іры, да дзяцей. Адначасна агортвае якісьці жудасны неспакой. Захацелася ехаць, бегчы, ляцець — папярэдзіць нейкае няшчасце ды небяспеку і бегчы, ляцець зараз жа, не заходзячы ў інтэрнат.