Іду ў пакой да дзяцей, разумеючы, што раззлавалася на мужа дарма.
— Ма-амачка прыйшла! — кідаецца да мяне сын.— Што прынесла?
— Марынцы лякарства.
— Якое?
— Стрэптацыд.
— Стр-р-р... Стр-р-рыцып?.. Гы, як песня! Цып-цып, мае касаткі, цып-цып-цып, мае цыпляткі!..
— Ах, вы-ыдумшчык ты мой! — хапаю сына ў абдымкі, удыхаю родны, мілы пах: эх, дзеці, што можа быць даражэй на свеце за вас?!
— Ма-ам, а Віця не даваў рабіць мне ўрокі!
— Чаму, сынок?
— А оты я ўжо ўмею гавар-р-рыць з закрытымі вачыма!..
— Не слу-ухай, мама, ён зубы загаворвае!
— А чаму мая пудра рассыпана на стале?
Сын вінавата адводзіць вочы.
— Ён кляксу пасадзіў на сурвэтку і засыпаў яе, каб ты не бачыла! — кажа Марынка.
— Няпр-р-раўда!
— А хто мне чарніліцу перакуліў?
— А ты што на мяне казала?
I пайшло, паехала! Эх, мілыя бунтары мае!.. Неяк памірыла іх.
Узялася за падручнік, каб падрыхтавацца да ўрока; пасля абеду трэба ісці зноў.
— Мама, табе сёння зноў трэ на Пецеў савет?
— Педсавет.
— Не хадзі-і...
— Не, педсавета ў мяне няма. Увесь вечар буду з вамі. Толькі загляну ў школу, правяду адзін урок з дзеткамі.
Сын відавочна радуецца.
— Ма, а Тамарка, што ў замыкальную школу ходзіць, ударыла тут,— Віця паказвае на локаць,— і кажа: калена пабіла!
— У музыкальную, дурненькі, у музыкальную!
3.
Хатняя работніца Тося просіць прыдумаць пісьмо свайму кавалеру ў Карэлію. Тося высылае іх заўсёды даплатнымі. Па яе просьбе раблю пад тэкстам прыпіску: «Ляці, маё пісьмо, ляці, а ты, Мішачка, рубель паштару за яго плаці!» Кажа, што каб выйсці замуж, трэба ўладкавацца афіцыянткай у Дом афіцэраў, але больш там у сталовую не набіраюць. Не, тут мне не падрыхтавацца.
Прашу Тосю даварыць абед, бяру партфель і выходжу.
На падворку бялеюць там-сям лісткі Косцевай паперы, яе хапае дзецям усяго двара на караблікі ды самалёцікі.
Пасярод нашага двара — альтанка, абвітая гарошкам. У альтанцы — у цёмна-сініх плашчах і саламяных капелюшах — мужчыны ляскаюць костачкамі даміно. Пад сцяной на лаўцы грэюцца на сонцы суседкі. Машчуся непадалёк ад іх, паглыбляюся ў кніжку.
Абрыўкі размоў адной і другой кампаній далятаюць да мяне.
— Дзе быў вечарам, Нікіціч?
— Дуплет!.. Учора?
— Ага!
— У гасцях.
— Ну і як?
— О, далі мы там!
— ...У мяне муж такі харошы, такі харошы, мы так добра з ім жывём, так ладзім...
— Пуста!
— ...Што хачу, тое сабе і куплю...
— Мі-іма!
— Мі-іма!
— I я!..
— ...Хачу сукенку — куплю сукенку, хачу дзве — куплю дзве, хачу футра — будзе футра...
— Канец! Здавай!
Ігракі ажыўляюцца, уздыхаюць. Нехта з лёскатам перамешвае костачкі. Цяпер чуваць толькі жанчын.
— А мой захварэў. Няма горшай бяды, як хворы мужык у доме. Скардзіцца, уздыхае, крэхча, каб толькі звярнуць на сябе ўвагу. То таго хоча, то сяго, а дасі —у рот не бярэ! Паспрабуй скажы, што ў яго — нічога сур'ёзнага!
— Я свайго ў такім выпадку кладу ў ложак.
— Гэтак і я раблю. Яшчэ мой любіць, каб класці сілай, нават упіраецца. Пакладу, пастаўлю градуснік, а там — трыццаць сем і дзве дзесятых! Бедны, які ён тады засмучоны! Угаворваю, што грып з такой тэмпературай якраз найгоршы. Супакойваецца тады. Ухутаю, як дзіця,— спі! Сяджу і зубы загаворваю: «Нічога, хутка паправішся...» Ох, такі тады даверлівы, пацешны, ціхі — смех і гора!
— Але ці даглядае ён вас?
— Э-э, дзе вы бачылі! Толькі тады, калі ў яго няўдачы на службе...
— Во-во!
У нядзелю гэтыя жанчьшы з мужамі панадзяваюць габардзінавыя паліто, прыбяруць дзяцей, пабяруцца за рукі і чынна пойдуць на самую людную вуліцу шпацыраваць. Дзеці вырываюцца, мацяркі трымаюць іх і роблена ўсміхаюцца знаёмым. Я бачу наскрозь сэнс такіх рытуалаў. А сама люблю паходы ў лес, на поле. Але калі Косця дома і ў нядзелю карпее над сваімі паперамі, а я, самотная, спатыкаю на вуліцы гэтыя прыкладна-паказальныя сем'і, то часам бывае вельмі сумна і прыкра. Бо чалавек — істота, у жыцці якой шмат месца займае неабходнасць эмацыянальнай сувязі з другім чалавекам, патрэбнасць з ім размаўляць і радавацца, шукаць у ім падтрымкі і разумення.
Вось і цяпер мяне кранае штосьці, як бы зайздрасць.
— Яшчэ раз дуплет! — зноў заладзілі ігракі.
— Прыемна, калі добра жывеш з мужам,— пазяхае з сумам другая жанчына.
— Салям алейкум, трымай тройку!